Вы тут

Спявак VS Акцёр


У кожным тэатры пануе непаўторная атмасфера, якая вымагае сваёй спецыфікі працы. Музычныя тэатры вызначаюцца не толькі пасадамі балетмайстра і канцэртмайстра, падрыхтоўкай танцораў і спевакоў, але і асаблівым падыходам да пастаноўкі ад усіх супрацоўнікаў. Галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Міхаіл Панджавідзэ сустрэўся з журналістамі падчас Дня адкрытых дзвярэй і распавёў, навошта спевакам акцёрскае майстэрства, чым рэжысёрская опера адрозніваецца ад дырыжорскай, як рыхтуюцца да дэбютаў маладыя артысты і куды крочыць сучаснае опернае мастацтва


Быць акцёрам

— У мяне пытаюць, што трэба зрабіць для таго, каб стаць акцёрам. Людзі займаюцца акцёрскім майстэрствам чатыры гады і ў выніку разумеюць, што гэтай працы неабходна прысвяціць усё астатняе жыццё. Ніякай таблеткі для акцёрства прапанаваць не магу. Артысты оперы ўвогуле вымушаныя рабіць падвойную працу — выконваць ролю ды спяваць, таму іх мастацтва патрабуе высокага ўзроўню акцёрскага майстэрства.

Калісьці мы, студэнты факультэта музычнага тэатра ГІТІСа, усур’ёз кпілі з нашых калег на драматычным факультэце. Пыталі ў іх: «Што вы ўмееце рабіць з таго, чаго не ўмее сярэднестатыстычны чалавек?». Здавалася, чалавек без комплексаў, з добрым знешнім выглядам, абаяльны, не сарамлівы таксама можа выйсці на сцэну і паводзіць сябе «як у жыцці». Драматычныя акцёры 4 гады вучыліся свабодна адчуваць сябе на сцэне, а нам, каб стаць сапраўднымі спевакамі, трэба было шмат працаваць, і нават гэтага магло быць недастаткова. Вядома, такі погляд на рэчаіснасць надта спрошчаны, але ёсць у ім і доля праўды. Я глыбока перакананы: мы выпускаем з навучальных устаноў тых, каго прымаем. Як правіла, здольныя хлопцы і дзяўчыны выдатна з усім спраўляюцца, застаюцца здольнымі ад першага курса да апошняга. Кафедра опернай падрыхтоўкі, безумоўна, дапамагае, але талент адчуваецца да пачатку заняткаў па акцёрскім майстэрстве.

Трэба заўважыць, што кансерваторыя — гэта епархія спевакоў. Оперная кафедра там як кажан у жывёльным свеце: не птушка і не звер. Яе лічаць за неабходнае зло, што адбірае час у студэнтаў, якія замест акцёрскіх заняткаў лепш праспявалі б некалькі дадатковых вакальных цыклаў. Яшчэ на першым курсе будучага акцёра оперы сустракаюць збітай фразай: «На праслухоўванні ніхто не будзе патрабаваць ад цябе акцёрскае майстэрства. Пытацца будуць пра голас». Гэтая думка замацоўваецца ў падсвядомасці абітурыентаў ды існуе на працягу ўсяго часу навучання. На жаль, такая сусветная практыка. Як вынік — пасля профільнага навучання маладыя акцёры оперы не ведаюць, як паводзіць сябе падчас спектакля.

Трагікамічнасць дэбюту

— Асобы, якія добра валодаюць голасам і насуперак усяму навучыліся спяваць, трапляюць у тэатр. І вось тут пачынаецца самае смешнае. Уявіце сябе на месцы няшчаснага дэбютанта: практыкі — нуль, сцэнічнага досведу — нуль, з аркестрам за ўсё жыццё добра калі два разы выступаў, і тое на конкурсах. Касцюмеры нацягваюць на цябе сцэнічны строй (памятайце, што артыст зусім малады, таму строй часта прапануюць з чужога пляча), у руку даюць незразумелы дрын, горда названы мячом (не зважайце, што ён драўляны). Паверыць у рэальнасць падзей складана, але спектакль не будзе чакаць вечна. Выходзіш на сцэну. За кулісамі шыпіць канцэртмайстар, які дапамагаў рыхтавацца да выступу; у зале сядзіць педагог па вакале і падае незразумелыя знакі з лексікону вакалістаў; наперадзе ўзвышаецца дырыжор, які загадзя ўпэўнены, што нічога добрага ад цябе чакаць нельга; у яме заняў месцы абыякавы аркестр; увесь выгляд музыкаў сведчыць пра тое, што яны за час працы і не такіх спевакоў чулі; нейкі экспансіўны выканаўца з аркестра дае найкаштоўнейшыя вакальныя парады; навокал — народныя артысты, якія добра ўсведамляюць, што ты — іх непазбежная сцэнічная смерць, бо з цягам часу новыя акцёры оперы іх заменяць; сярод усяго гэтага сядзіць рэжысёр, які, натуральна, загадзя пачаў праклінаць усё на свеце і крычаць: «Каго вы выпускаеце на сцэну?! Вучыце, нарэшце, артыстаў, мне яго “лысы” голас не патрэбны!». Відавочна, малады артыст перашкаджае ўсім.

Потым надыходзіць час прэм’еры. Выключаецца святло, і ты нічога не бачыш. Пачынае спяваць хор, і цяпер ты яшчэ нічога не чуеш. У гэты момант нехта пхае ў бок: «Дурань, ідзі налева, налева!». Паслухмяна крочыш улева, дзе раптам наскокваеш на нейкую дэкарацыю (шанцуе, калі тая дэкарацыя шчыльна прыбітая да свайго месца і не падае) або ўразаешся ў чарговага партнёра па сцэне, які пачынае штурхаць у іншым напрамку.

У выніку няшчаснае дзіцё выдае запаветнае «Кушать подано!» у іншай танальнасці і несвоечасова. Вяртаецца ў істэрыцы ў грымёрку. Выходзіць на паклон з тварам пакутніка, а яму нясуць велізарны букет (большы за букет у прымы тэатра), таму што дзеля ўрачыстага выпадку запрошаныя на спектакль мама, тата, бабуля, дзядуля, сёстры, браты ды іншыя сваякі скінуліся на кветкі.

Смешна, крыўдна, горка — прыкладна так адбываецца сярэднестатыстычны дэбют. Каб пазбегнуць такіх праблем, у оперы існуе рэжысёр.

Паміж дырыжорам і рэжысёрам

— Рэжысёр патрэбны для таго, каб у оперы былі падрыхтаваныя акцёры. Барыс Пакроўскі лічыў оперу найвышэйшай праявай тэатральнага мастацтва. Так і ёсць. Навучыцца патрэбнаму артыстызму надзвычай складана, а цяпер не тыя часы, калі можна не зважаць на акцёрсткую частку. Раней, у так званай дырыжорскай оперы, было інакш. Сямнаццацігадовую дзяўчыну наўпрост спявала мажная артыстка сярэдніх гадоў, а побач з ёй вёў партыю герой-палюбоўнік — маленькі, немалады мужычок. Дырыжор патрабаваў, каб артыст глядзеў на яго неадрыўна. Не глядзець на дырыжора тады ўвогуле лічылася маветонам. Было цалкам натуральна, калі галоўны герой і гераіня, стоячы адзін да аднаго паўбокам, паведамлялі пра сваё палкае каханне або лютую нянавісць… дырыжору. Вядома, опера!

На змену такой оперы прыйшла опера рэжысёрская, якая ўлічыла папярэдні досвед і навучыла артыстаў быць не толькі спевакамі, але і акцёрамі. Прыкладамі рэжысёрскай оперы сёння поўніцца тэлеканал «Mezzo». Тыя, хто мае магчымасць наведваць тэатры за мяжой, бачаць гэтую тэндэнцыю паўсюль. Між іншым справа рэжысёра ў тэатры оперы ўскладненая спецыфічнымі патрабаваннямі гэтага віду мастацтва. Яму трэба ўраўнаважыць шмат далікатных момантаў, з якімі можна не сутыкнуцца ў іншых тэатральных жанрах. Напрыклад, мастак зрабіў выдатны малюнак з дэкарацыямі да спектакля, а спецыялісты, адказныя за балет і спевы, бачаць нейкія дзіўныя і зусім непатрэбныя канструкцыі, дзе немагчыма ні спяваць, ні танцаваць. І мастак, які ўяўляў сабе дзею зусім інакш, ламае тое, што пабудаваў. Асобная справа — мастацкі савет. Часам здаецца, што гэта свята сяброў, дзе яны маюць магчымасць нарэшце падштурхнуць рэжысёра. На генеральную рэпетыцыю, як правіла, збіраецца другі склад артыстаў, які рэпеціраваў менш, святло яшчэ недастаткова наладжанае, недаробленыя іншыя дробязі... У мастацкага савета ёсць добрая магчымасць паказаць сваё разуменне жыцця і як след раскрытыкаваць пастаноўшчыка.

Спецыялісты шырокага профілю

— У такіх умовах існуюць цяперашнія рэжысёры, і з імі аўтаматычна — цяперашнія акцёры. Няма больш тых спадароў, якія прыходзілі на сцэну «ад сахі» і з заводаў. Акцёры зараз, як правіла, з музычнай адукацыяй, нават маюць пэўную «дзявочую» музычную прафесію. Усе валодаюць мовамі, ходзяць на фітнес, танчаць, спяваюць. Тут заўважная іншая тэндэнцыя: яны робяць усё, але патроху. Трошкі спяваюць, трошкі танчаць, трошкі граюць — спецыялісты шырокага профілю. Я бачу, якая моладзь прыходзіць да нас у тэатр. Вядома, вельмі прыемна, калі на аб’яву аб правядзенні двухгадовай стажыроўкі ў Вялікім тэатры Беларусі адгукаюцца выпускнікі не толькі з беларускіх ВНУ, але і з расійскіх, украінскіх, літоўскіх. Мы сталі цікавыя ўжо не толькі для свайго гледача, пачынаем паступова інтэгравацца ў вялікую сусветную прастору. Спадзяюся, гэта будзе і Расія, і Азія, і Еўропа.

Ведаеце, рэжысёрская опера — гэта часам дрэнна. Можна занадта паглыбіцца ў эфектнасць, і ў выніку ўбачыш, што Кармэн па сцэне на ровары катаецца. Але нават такое дапушчальна, калі зроблена таленавіта і з сэнсам. Напрыклад, нядаўна я ставіў спектакль «Кыз Жыбек» у казахстанскім тэатры «Астана Опера». Гэта добры ўзор таго, як павінны працаваць, валодаць целам і рухамі сучасныя акцёры. Падчас спектакля яны ўзаемадзейнічаюць з 3D-графікай, відэапраекцыямі і нават сапраўднымі жывёламі — вярблюдамі і конямі. Уявіце, што гэта: праспяваць арыю седзячы на кані! Цяпер у тэатральнага мастацтва шмат новых магчымасцяў і сродкаў выразнасці, таму сучасная опера надзвычай багатая на інавацыі. Вялікі тэатр Беларусі, як і тэатры оперы па ўсім свеце, імкнецца не адставаць ад хады часу.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.