Вы тут

У «шумных» момантах жыццё


Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 2 імя М. Аладава — адна з найстарэйшых не толькі ў сталіцы, але і ва ўсёй рэспубліцы. Сваім нараджэннем яна абавязана Мінскаму аўтазаводу. Па яго ініцыятыве 1 студзеня 1949 г. у пасёлку адкрыўся філіял музычнай школы, а ў 1950 годзе па вуліцы Чалюскінцаў была пабудавана і сама школа, якая з часам пераехала на вуліцу Ангарская. Каля 40 гадоў у сценах гэтай школы загадчыкам аддзялення струнных народных інструментаў працаваў Леў Львовіч Маеўскі.


Першыя яго крокі былі ў аркестры ансамбля песні і танца Мінскага палаца піянераў і школьнікаў, затым навучанне ў Мінскім музычным вучылішчы імя М. І. Глінкі, Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя Луначарскага. У школу на працу ён прыйшоў у 1970 годзе. Стаў кіраўніком аркестра народных інструментаў дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 г. Мінска, педагогам класа домры, загадчыкам аддзялення струнных народных інструментаў у гэтай школе. У 1972 г. прызначаны старшынёй секцыі струнных народных інструментаў гарадскога метадычнага савета пры ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама. Ужо ў пачатку прафесійнай дзейнасці прадэманстраваў лепшыя якасці педагога, дырыжора, арганізатара дзіцячага ансамбля «Чароўная домра» — калектыву, які неаднаразова быў у ліку пераможцаў на розных конкурсах і фестывалях. Леў Маеўскі быў выдатным арганізатарам, здзіўляў энтузіязмам, мог захапіць вучняў, натхніць калег. Цягам часу ён стварыў ансамбль настаўнікаў-аднадумцаў «Музычны момант».

З вялікай павагай і падзякай ён ставіўся да сваіх настаўнікаў — П. К. Пагоцкага і Г. І. Жыхарава. Маеўскі за свае грошы выдаў кнігу «Г. І. Жыхараў — карыфей народна-інструментальнай музыкі Беларусі» (Мінск, 2015) да 100-годдзя з дня нараджэння віртуоза-выканаўцы, цудоўнага арганізатара, педагога. Неаднаразова артыкулы Льва Маеўскага друкаваліся ў беларускіх газетах, у тым ліку ў штотыднёвіку «Лiтаратура i мастацтва». У гэтых артыкулах ён не толькі з цеплынёй выказваўся пра музыкантаў, але і ўздымаў праблемы народнага інструментальнага выканальніцтва ў рэспубліцы.

Каля года таму яго не стала. Але ў школе з вялікай удзячнасцю і павагай успамінаюць свайго выкладчыка, што навучыў чуць і разумець музыку душы.

Галіна Віктараўна Асмалоўская, прафесар, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь:

— Леў Львовіч з гонарам прайшоў зямны шлях. Галоўным сваім пакліканнем ён лічыў працу на ніве выхавання музыкаў-прафесіяналаў і аматараў. Домры і мандаліне ён прысвяціў сябе з самых юных гадоў, і гэтая адданасць захоўвалася на працягу ўсяго жыцця.

Маеўскі валодаў вялікай мудрасцю, уражвала шырыня яго інтарэсаў, глыбіня ведаў. Вылучаўся дапытлівасцю, дасціпнасцю, з ім заўсёды было цікава гутарыць, слухаць на ўроках. Вучні яго любілі. Такія якасці, як інтэлігентнасць, добразычлівасць, прыстойнасць, працавітасць, высока шанавалі калегі і ўсе, хто з ім сутыкаўся. Славіўся здольнасцю быць адданым сябрам, гатовым у любы момант працягнуць руку дапамогі. Яго памяць захавала найкаштоўнейшыя звесткі з розных сфер чалавечых ведаў, ён заўсёды быў гатовы падзяліцца любой інфармацыяй з калегамі і вучнямі. Льва Львовіча любілі яшчэ і таму, што ён быў адным з самых таленавітых, самых музычных дамрыстаў. У яго ігры, метадзе работы з вучнямі выяўляліся найтанчэйшыя адценні пачуццяў, выразнасць жывога інтанавання і ў той жа час багацце гукавых фарбаў, дасціпныя знаходкі, гумар, фантазія.

Ён скараў настойлівасцю, актыўнай жыццёвай пазіцыяй, аптымізмам. Нават калі быў цяжкахворы, уражваў мужнасцю, вытрымліваў неймаверныя пакуты. Ён ажыццявіў вялікую працу, задуманую яшчэ да хваробы: захаваць памяць пра свайго настаўніка Георгія Іванавіча Жыхарава, стварыўшы пра яго кнігу. Да гэтай высакароднай мэты ён ішоў, прыкладаючы ўсе сілы, аж да самай смерці.

Яўген Пятровіч Гладкоў, прафесар, народны артыст Беларусі:

— Нашы зносіны пачаліся яшчэ ў тыя гады, калі мы ігралі ў аркестры Георгія Іванавіча Жыхарава. Аднойчы на рэпетыцыі я сядзеў і чытаў кнігу. Леў Львовіч падышоў паглядзець, і калі ўбачыў, што я чытаю Амара Хаяма, то вырашыў, што будзе са мной сябраваць. І з таго часу пачалося наша сяброўства.

Гэта быў чалавек на дзіва шчодрай душы. І шчодры як музыка: усё, што ведаў і адчуваў, аддаваў людзям. Калі ён сядзеў на нейкім канцэрце, запісваў у сшытак уражанні пра кожны выкананы твор. Я сам атрымліваў ад яго такія паперы пасля сваіх выступленняў. Нават выдатнаму расійскаму музыканту-дамрысту Аляксандру Цыганкову ён даваў падказкі, на што той вельмі здзіўляўся: як Леў Львовіч можа гэта чуць? Аднойчы Цыганкоў у падзяку дастаў з кішэні сваю фатаграфію, падпісаў і падарыў Маеўскаму. Менавіта Леў Львовіч прапанаваў Цыганкову мелодыю «Зоркі Венеры» дзеля таго, каб той зрабіў уласнае пералажэнне.

Калі Маеўскі святкаваў сваё 60-годдзе ў малой зале філармоніі, быў вялікі канцэрт, у якім браў удзел створаны ім ансамбль педагогаў школы «Музычны момант». Невялікі склад, але настолькі «смачна», тонка ўсё было зроблена! Некаторыя творы гучалі як вялікі сімфанічны аркестр.

Леў Маеўскі быў па жыцці «шумны»: увесь час нешта прапаноўваў, раіў, што трэба зрабіць, каб было лепш. Энергічны, мужна пераносіў хваробу. Амаль не скардзіўся, толькі казаў, што не можа спаць, а так хочацца выспацца… Надзвычай мудрая была асоба.

У маі Льву Маеўскаму споўнілася б 70 гадоў. Калегі-музыканты і супрацоўнікі дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 г. Мінска прысвяцілі яго памяці канцэрт, у якім узялі ўдзел акрамя калектываў школы яго былыя вучні, а таксама музыканты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і салісты Белдзяржфілармоніі.

Матэрыял падрыхтаваны аддзяленнем струнных народных інструментаў дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 імя М. Аладава г. Мінска.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».