Вы тут

«Сляза з усмешкай папалам»


У гісторыі прафесійнай айчыннай музыкі ХХ стагоддзя рамансу было адведзена пачэснае месца. Старэйшае пакаленне беларускіх кампазітараў пакінула вялікую колькасць цыклаў і асобных твораў гэтага камерна-вакальнага жанру, якія ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнага мастацтва. Даніну павагі, калі можна так сказаць, у рознай ступені і ў розныя часы рамансу аддалі М. Аладаў, Р. Пукст, Я. Цікоцкі, А. Багатыроў, П. Падкавыраў, Л. Абеліёвіч, У. Алоўнікаў, Я. Глебаў, С. Картэс ды інш. Цікавасць да рамансу не згасла і сёння, але стварэнне рамансаў стала, так бы мовіць, працай штучнай, часта адзінкавым досведам у творчасці.


Напэўна, таму канцэрт-прэзентацыя цыкла рамансаў вядомага беларускага кампазітара Рыгора Суруса на вершы варонежскага паэта Васіля Кулікова-Ярмонава, які адбыўся ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы, прыцягнуў увагу не толькі аматараў і прыхільнікаў жанру, але і прафесіяналаў. Канцэрты такога кшталту нават у сталічным музычным асяроддзі здараюцца нячаста. Раманс патрабуе і асаблівай манеры выканання, і асаблівай сцэнічнай пляцоўкі.

Так, жанравыя прыярытэты з цягам часу мяняюцца і ў гістарычным эпахальным зрэзе, і ў межах творчасці асобнага кампазітара. Сапраўды, Рыгор Сурус больш вядомы як аўтар музычных камедый, сачыненняў буйной формы ў галіне вакальна-інструментальнай і аркестравай музыкі, а таксама як кампазітар, які шмат пісаў для фартэпіяна, ансамблевую камерна-інструментальную музыку, у тым ліку стварыўшы вялікі і вельмі запатрабаваны рэпертуар для дзяцей і юнацтва. Між іншым і вакальная музыка ў спісе яго асноўных сачыненняў прадстаўлена разнастайна. Тут і харавыя канцэрты, і шматлікія апрацоўкі беларускіх народных песень для хору. Але што тычыцца рамансаў, то іх было няшмат.

Падчас навучання ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў 1966 годзе сачыніў два першыя рамансы на вершы Максіма Багдановіча «Зімовая дарога» і «Цёплы вечар». Шэраг рамансаў на вершы С. Красікава, М. Лермантава, Г. Бураўкіна, А. Вольскага з’явіліся ў 1990-я. Але ж пасля на працягу пятнаццаці гадоў у гэтым жанры кампазітар не стварыў нічога. Неўзабаве на канцэрце камернай музыкі, прымеркаваным у шэрагу іншых да васьмідзесяцігоддзя Беларускага саюза кампазітараў, у 2013 годзе адбылася прэм’ера першых рамансаў Рыгора Суруса на вершы Васіля Кулікова-Ярмонава.

Ідэя менавіта такога беларуска-рускага творчага супрацоўніцтва належыць варонежскаму філолагу Надзеі Максімаўне Талмачовай, якая зараз жыве ў Мінску. У межах яе праекта, які ажыццяўляўся цягам пяці гадоў, было падрыхтавана нотнае выданне зборніка і відэазапіс выканання створаных за гэты час чатырнаццаці рамансаў, якія і прагучалі ў канцэрце дзякуючы маладым артыстам, спевакам Кацярыне Лабковіч, Алене Калегаевай, Андрэю Марозаву, Аляксандру Міхнюку і Дзмітрыю Сівакову, а таксама канцэртмайстрам Вользе Сізко-Габрыялян, Таццяне Івановай, Наталлі Кароцінай і Аляксею Сідараву.

На жаль, паэту не давялося патрапіць на канцэрт, але разам з кампазітарам увесь час абмяркоўваліся самыя розныя аспекты і дэталі працы. Абраныя Рыгорам Сурусам вершы выяўляюць лірычныя і філасофскія ракурсы гэтай тэмы

. Як сцвярджае кампазітар, паэзія Васіля Кулікова-Ярмонава аказалася блізкай эмацыянальна і вобразна, па настроі і душэўным стане, але і нечым патаемным, тым, што тычыцца толькі яго самога. Таму першая палкая, захапляльная назва для зборніка «Ах, душа!» урэшце была заменена назвай другога раманса «А ў душы ні крыўд, ні ідылій». Хаця па змесце яны звязаныя агульным глыбокім сэнсам, дакладней, асэнсаваннем пражытага і перажытага. Сярод рамансаў цыкла ёсць узоры, што наследуюць уласныя жанравыя традыцыі і ў музычнай інтанацыі, і ў жанрава-характарным вырашэнні, ёсць цікавыя і арыгінальныя жанравыя міксты: раманс-прыпеўка «Маладзік, неба лотас», раманс-танга «Ты скажаш», якія нагадваюць тэатралізаваныя ігравыя сцэнкі. Сярод іншых — раманспрынашэннне паэту «Бласлаўлёны мой люты!» і патэтычны маналог «Выраб» («Выделка»). Шэраг рамансаў прысвечаныя жанчыне, каханню, выяўляюць самую разнастайную гаму пачуццяў: «Вечнае — ты!», «Калі, о мілая», «Табе адной», «Захаладала».

 Агульна-філасофскі погляд на навакольны свет дазваляе кампазітару і паэту знаходзіць простыя сродкі выразнасці, размаўляць са слухачом спавядальна і шчыра, магчыма, таму падчас выканання рамансаў у некаторых накотвала «сляза з усмешкай папалам», у адпаведнасці з радкамі раманса.

Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».