Вы тут

Паламаны рытм


Рагнед МАЛАХОЎСКІ

нарадзіўся 5 верасня 1984 года ў пасёлку Сяймчан Магаданскай вобласці. Аўтар кніг «Беражніца» (2005), «У дзённай мітусні» (2012),  «Жыві!» (2014), «Кахання радок» (2016), «Выгнаннік дзьмухаўцовага раю» (2016), «Клічнікі дажджу» (2016). Фатаграфуе пейзажы і дзяўчат, піша электронную музыку, займаецца лёгкай атлетыкай. Жыве на Нарачы.



Паламаны рытм

 

троль

памяняў старую трансмісію

графаманаў хай зайздрасць дзяўбе

актывізаваў новую місію

троліць самога сябе

 

мільён разоў разаб’юся

аб цела халоднае (ў)моўнай сцяны

і заткнуцца не пабаюся

абы не было вайны

 

і юзер ніводны ў граніце

не разгадае дзеяў маіх алгарытм

 

дзверы калі ласка зачыніце

я тут між іншым ламаю рытм

 

пункт незваротнасці

хацелася інтэлектуальнага гумару

ці моцнай жыццёвай сатыры

закрываў вочы на блуд аднагрупніц

і аднакласнікаў былых свінства

быў гатоў да любога

выкінутага лёсам нумару

ды стала страшна

калі ў трыццаць чатыры

ад бухла памёр сябар дзяцінства

 

кожнае імгненне мае

свой пункт незваротнасці

можна экспрэсам праляцець

праз маладосць

так і не дазнацца

хто ты на самай справе ёсць

а пасля сусвет палягае

зусім у іншай плоскасці

 

магчыма недзе на Шляху Млечным

мы будзем жыць вечна

але тут і цяпер зусім іншае сніцца

разбіты аб падводныя рыфы карабель

раструшчаная ў руках сініца

расстраляны ў небе журавель

 

мары

усё што калісьці мы намарылі

пахавала пена аліварыі

апынулася па-за сістэмай

назаўсёды забытай тэмай

 

засталіся сябры і падпісанты

пазашлюбныя дзеці

палюбоўніцы

лісты да санты

над нараччу вецер

 

вочы слязьмі напоўняцца

 

засталіся тата і мама

пошта без спама

навальнічнае неба

ад краю да краю

а мяне магчыма чакае

паветраная яма

 

на развітанне

ні аб чым не прасіў

і ты маё каханне

ні аб чым мяне не прасі

на мове чужой прэса

усміхаецца сцюардэса

схавалася шасі

 

пыл

што пакіне пасля сябе

выпадковая сустрэча

напрыдумляем пытанні і адказы

адказы і пытанні

сарамліва глядзець у вочы

будзем толькі пад ранне

бо ў кожнага з нас свая

недатыкальная пустэча

 

зліццё выпадковых гукаў

абуджае натхненне

растлумачаць усе акалічнасці

у кодзе нулі і адзінкі

разбяжымся як запланавана кожным

пакуль не растануць у віскі ільдзінкі

бо ў кожнага з нас сваё

залатое напаўненне

 

і тады аб сабе нагадаюць

вужакі ў галаве ці матылькі ў жываце

байфлай дапаможа падзяліцца са светам

нецікавым нікому вынікам

а мозг фарматнуць

сёння думкі як смецце пад мыйнікам

кожны з нас геніяльны як пыл

у сваёй прастаце

 

рэзервацыя

загнанаму ў рэзервацыю

не грэшна разок і афігець

ад глыбіні самацэнзуры

ад колькасці нявыказаных

з-за боязі слоў

як злодзею мне вісець

на шыбеніцы ветракоў

 

натыкнуўся на рэкламную акцыю

толькі ўчора

збяры забытае і закатаванае

зашоранае і ў душы закансерваванае

і атрымай свабоду

пакінь рэзервацыю

 

дзве канстанты

думкі з варожай інтанацыяй

чакалі жорсткага кампрамісу

ад станцыі да станцыі

мы

дзве канстанты

у вайберы смайлы прымалі

і фактаў канстатацыі

 

не выкарабкацца з крызісу

затуманеныя галовы

проста матэрыял чалавечы

 

абяцалі сабе не прывязвацца

верылі ў простыя словы

спявалі пра простыя рэчы

а бывае часта

надыходзіць момант

калі патрэбна проста ўзяць

і адсекчы

 

трэкліст

абнаўлю састарэлы трэкліст

запульсуюць між намі

рытмічна дынамікі

я для вас піяніст

я ствараю мелодыю целаў

я даследую кожныя ямінкі

бо таго гэта ноч захацела

 

і пагасне святло ў вакне

для мяне

а для вас

шэрыданс

 

 

дэвальвацыя жыцця

сачу за інфармацыйнай лухтой

прапагандай цынічнай

дэвальвацыяй сумлення

а за вуглом чакае мардабой

атрута ў вадзе псеўдакрынічнай

ва ўласных сілах сумненне

 

не жадаю верыць ва ўвесь гэты трэш

у вузкім коле абмежаваных людзей

стаў майстрам прыдумваць адгаворкі

а бывае й кулакі да касцей сатрэш

у віры нечаканых і непрыемных падзей

аб душ гнілых пазалочаныя абгорткі

 

але аднойчы

нечакана для сябе робіш адкрыццё

як жа аказваецца проста

маладым і натхнёным выйсці з дому

і свядома пахерыць жыццё

між вялізнага мноства

пахераных жыццяў свядома1.

_______________________

1 З Чарльза Букоўскага.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?