Вы тут

Распачалася ўступная кампанія ў прафтэхкаледжах і ліцэях


Сёлета прыём па 251 прафесіі будуць ажыццяўляць 146 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Акрамя таго, для навучання па  рабочых прафесіях прыём будуць весці 49 устаноў адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізуюць праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.


Усяго плануецца набраць 29,9 тысячы чалавек, што складзе 93,6 працэнта да прыёму 2016 года (на 2  тысячы чалавек менш), у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту – 29,7 тысячы чалавек.

Пры гэтым для атрымання адукацыі ў дзённай форме навучання плануецца залічыць 27,8 тысячы чалавек (94 працэнта да мінулага года), з іх на аснове агульнай базавай адукацыі – 16,9 тысячы чалавек, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі – 10,2 тысячы чалавек, на аснове спецыяльнай адукацыі – 700 чалавек. План набору на завочную форму навучання складае 800 чалавек і 1 300 чалавек – на вячэрнюю.

Набор планаваўся з улікам выканання кантрольных лічбаў прыёму ў папярэднім годзе, дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёне, вынікамі працаўладкавання выпускнікоў і планамі па аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У структуры прыёму захаваліся тэндэнцыі мінулых гадоў – каля 80 працэнтаў складаюць спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі.

З улікам патрэбаў рэгіянальных рынкаў працы сёлета вырашана было спыніць прыём па 216 незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 145 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях. Так, упершыню будзе ажыццяўляцца набор па прафесіі "электрамеханік па сродках аўтаматыкі і прыбораў тэхналагічнага абсталявання" ў Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы электратэхнікі; "рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў" – у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі; "аператар лічбавага друку" – у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы паліграфіі; "кузаўшчык" – у Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 3 машынабудавання; "вытворца тварагу" – у Слуцкім дзяржаўным каледжы.

Умовы прыёму на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў параўнанні з папярэднім годам не змяніліся.  Залічэнне ва ўстановы прафтэхадукацыі ажыццяўляецца на падставе заяў прэтэндэнтаў (пры адсутнасці конкурсу) або па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі, атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі або пасведчання аб спецыяльнай адукацыі. І толькі для асобных профіляў адукацыі ("Мастацтва і дызайн" і "Архітэктура і будаўніцтва") прадугледжаны ўступныя іспыты, вынікі якіх улічваюцца пры залічэнні.

Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на дзённую форму навучання будзе весціся па 20 жніўня. Калі да канца гэтага тэрміну не ўсе планавыя месцы будуць запоўненыя, установа адукацыі па ўзгадненні з заснавальнікам можа падоўжыць тэрмін прыёму дакументаў да поўнага ўкамплектавання груп, але не пазней чым да 15 верасня бягучага года. На завочную форму атрымання адукацыі дакументы будуць прымацца з 1 па 10 кастрычніка.

У мэтах аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі з 1 чэрвеня да 18 жніўня ў Міністэрстве адукацыі арганізавана работа тэлефоннай "гарачай лініі" (017) 222-43-12. Таксама на сайце Міністэрства адукацыі можна знайсці электронны даведнік для тых, хто паступае на ўзровень прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.