Вы тут

Што мы можам страціць, зносячы старыя хаты ў вёсках


На суседскім двары, куды, напэўна, ужо некалькі гадоў ніхто не заходзіў, з'явіліся нейкія людзі. Па-гаспадарску адчынілі дзверы (што іх было адчыняць, калі нават не замкнёныя былі, толькі дошкай упоперак забітыя), зайшлі ў хату, нешта фатаграфавалі на двары. Пэўна, пакупнікі прыехалі, вырашылі мы і з натуральнай вясковай цікаўнасцю працягвалі назіраць праз акно за незнаёмцамі. Тыя патапталіся колькі часу на зарослым падворку, вынеслі з хаты кола ад калаўрота ды старое, абцягнутае цыратай крэсла, пэўна, калі не даваеннае, дык адразу пасляваеннае, пагрузілі набытак у машыну, зноў забілі дзверы дошкай наўскос ды паехалі. «Мабыць, у музей які павезлі», — уздыхнула маці.


Што гэта былі за людзі — мы так і не даведаліся. Гаспадароў у той самай старой у вёсцы хаты фактычна няма — адзінокая бабуля, што ў ёй жыла, памерла гадоў пятнаццаць назад, сваякоў блізкіх у яе не было, хіба што немалады ўжо пляменнік дзесь за Мінскам, які на такую спадчыну не спакусіўся. Спачатку сельсавет спрабаваў з гэтай хаты зрабіць штосьці накшталт сацыяльнага цэнтра — праводзіць там вясковыя сходы ці канцэрт які з дома культуры прывезці — клуба ж у вёсцы даўно няма. Але гэта ідэя так і не ажыццявілася: пакуль збіраліся, пакуль фіранкі ў хаце на вокны вешалі, многія мае аднавяскоўцы перасяліліся — хто ў горад да дзяцей ды ўнукаў, а хто на Яшэўшчыну (так у нас мясцовыя могілкі завуцца). Перад кім цяпер тыя канцэрты паказваць, калі сёлета дваццаць адзін чалавек зімаваць заставаўся?

Цяпер хату выставілі на продаж. Калі не знойдуцца ахвотныя купіць, яе, напэўна, будуць зносіць, бо інакш абрушыцца сама: там у сенцах нават падлогі няма, сцены не абшаляваныя і не пафарбаваныя. Але ахвотныя, думаю, усё ж знойдуцца: мясціны ў нас прыгожыя, лес ды возера побач, але галоўнае — ад МКАД і сарака кіламетраў не будзе. Так што хутка яшчэ адны новыя суседзі ў нас з'явяцца.

Што яны будуць рабіць з набытай маёмасцю — тут і гадаць не трэба: знясуць ды паставяць новы прыгожы дамок. Або паспрабуюць усё-ткі ажывіць старыя трухлявыя сцены, толькі іх у хаце і пакінуўшы. Усё астатняе пойдзе на вогнішча ці на сметніцу. Пэўна, так і меркавалі тыя невядомыя візіцёры, якія беспардонна на вачах у людзей пацягнулі з хаты без пяці хвілін музейныя экспанаты. Атрымліваецца, добрую справу зрабілі: кавалачак гісторыі (хай сабе і прыземленай, побытавай) выратавалі.

Гаворачы пра старыя сядзібы, у якіх ужо даўно ніхто не жыве, пра тое, што з імі трэба наводзіць нейкі парадак — або зносіць, або шукаць ім нейкае практычнае прымяненне, інакш хутка на многія нашы вёскі глядзець будзе страшна, мы, здаецца, выпусцілі з-пад увагі менавіта гэты момант. Старыя вясковыя хаты, у якіх даўно няма гаспадароў, якія сёння ледзь ліпяць, у якіх правальваюцца стрэхі і адвальваюцца аканіцы, хаваюць у сваіх дзіравых сценах кавалачкі нашай гісторыі. Прадметы побыту, пра якія мы ўжо не ведаем, бо не маем з імі справы, гаспадарчы рыштунак, выраблены мясцовым кулібіным гадоў сто назад, кнігі, па якіх вучыліся або маліліся ў канцы пазамінулага стагоддзя... Новыя гаспадары або рабочыя, якія будуць зносіць трухлявы будынак, наўрад ці будуць звяртаць на гэта ўвагу, шукаць сярод друзу нейкія гістарычныя экспанаты... У нашай суседкі, напрыклад, ляжалі ў запасе запалкі 1947 года выпуску з рэкламай тагачаснага часопіса «Беларусь». Чым не экспанат для краязнаўчага музея — калі не раённага, дык школьнага?

Старых вясковых хат, якія засталіся без гаспадароў і калі не сёння, дык заўтра пойдуць пад бульдозер, у краіне не сотні — тысячы. Такія рэаліі нашага ўрбаністычнага жыцця. Драўлянае жытло ўвогуле доўга не жыве. Але раней яго зносілі тыя, хто меў да яго непасрэднае дачыненне, — самі гаспадары або іх спадчыннікі (значыць, людзі не чужыя), якія выносілі ўсё, што мела дачыненне да іх сям'і, да іх роду, уважліва пераглядалі, каб не выкінуць разам з друзам чаго патрэбнага ці цікавага. (У любым музеі вы пачуеце гісторыю пра надзвычай цікавы экспанат, які выпадкова знайшлі на гарышчы ці пад падлогай старой хаты.) Цяпер упарадкаваннем старых сядзіб, гаспадары якіх памерлі, а спадчыннікі адракліся, займаюцца абсалютна чужыя людзі, для якіх важна проста ачысціць тэрыторыю.

І дзе гарантыя, што разам са смеццем яны не выкінуць старажытны каштоўны абраз (які падасца ім проста цёмнай старой дошкай), кнігу, выдадзеную ў васямнаццатым стагоддзі, бо яна будзе выглядаць як куча жоўтай паперы, кавалак слуцкага пояса, які падасца карэлай анучкай?.. Ці не павінна гэта стаць клопатам мясцовых краязнаўцаў, мясцовых музеяў? Ці не могуць падключыцца да гэтага школы — зладзіць своеасаблівыя краязнаўчыя экспедыцыі лакальнага маштабу?.. Калі зносяць ці рэстаўруюць стары будынак у горадзе, яго абавязкова даследуюць на прадмет артэфактаў. Але мала хто задумваецца, колькі сакрэтаў хаваюць у сабе вясковыя драўляныя будыніны.

Знаходзіць той, хто шукае. Можа, рэчы са старых вясковых хат дапамогуць нам знайсці і захаваць у гэтым шалёным свеце саміх сябе?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пад дзіравымі стрэхамі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.