Вы тут

Дзеля чаго беларусы імкнуцца на «першую кнопку»?


Ужо некалькі тыдняў АНТ транслюе новы музычны праект расійскага Першага канала «Пераможца», дзе таленавітыя артысты спаборнічаюць за славу і галоўны прыз — 3 мільёны рублёў. Нядаўна там феерычна выступілі і беларускія артысты — гурт Івана Вабішчэвіча, больш вядомага на сцэне як Дзядзя Ваня. Неўзабаве ў Маскве стартуюць праслухоўванні на чарговы сезон «Голасу» (расійская версія сусветна вядомага шоу «The Voіce»), у якім — магу пабіцца аб заклад, — таксама адзначацца беларусы. Чым так вабяць нашых выканаўцаў тэлеконкурсы ў суседніх краінах і ці многім удаецца ўхапіць за хвост птушку шчасця, творчага росту і матэрыяльнага дабрабыту?


Пра «нашых у тэлевізары» гутарым з прадзюсарам, арт-дырэктарам музычнага праекта «Дзядзя Ваня» Інай Радаевай, якая падзялілася са «Звяздой» уражаннямі ад работы экспертам на шоу «Пераможца», растлумачыла, чаму ў Беларусі дагэтуль няма свайго «Голасу», а таксама расклала па палічках схему папулярных айчынных і расійскіх музычных тэлепраектаў.

— «Пераможца» — праект новы нават для расійскага тэлебачання, не кажучы ўжо пра нас. Для гэтага фармату шукалі артыстаў разнажанравых, далёка не ўсе з якіх маюць конкурсны вопыт, практыку выступлення на вялікіх пляцоўках — сярод канкурсантаў аказалася нямала «сырых», але перспектыўных пачаткоўцаў, кавер-бэндаў і г. д. Спярша музычныя рэдактары расстаўлялі ўдзельнікаў у пары, прыкладна роўныя па жанры і ўзроўні, а далей з кожным выбываючым удзельнікам шоу рабілася ўсё цікавейшае, бо расстаноўку сіл вызначалі ўжо не рэдактары, а жараб'ёўка. Калі ў адным раўндзе сустракаюцца прафесійная спявачка Вольга Кляйн з шалёнай энергетыкай і вельмі вопытны гурт, які не мае вопыту тэлевізійных здымак наогул, — быць аб'ектыўным вельмі складана, і музычныя эксперты (а ў праекце іх 101 чалавек — спецыяльна, каб галасы не маглі падзяліцца пароўну. — Аўт.) часта губляліся. Я таксама лавіла сябе на тым, што планка ацэнкі «з'язджае», а ў прафесіі ўсё ж хочацца быць у згодзе з сумленнем, таму ўвесь час трэба было шукаць залатую сярэдзіну. Мы ўсе, маю на ўвазе экспертаў, пасябравалі, але ў плане ацэнак у кожнага быў свой падыход. Прынамсі, я глядзела, наколькі ў таго ці іншага ўдзельніка, незалежна ад вопыту і рэгалій, ёсць перспектыва ў прафесіі. Калі бачыла, што артыст або калектыў можа далей расці, развівацца, быць цікавым гледачу і сабе, галасавала «за»; калі ж адчувалася, што чалавек дасягнуў сваёй столі — што называецца, не крыўдуй, забяры грошы і ідзі. Дарэчы, наконт грошай — асобная цікавая гісторыя. Паводле ўмоў праекта, той з удзельнікаў, хто не ўпэўнены ў сваіх сілах, можа не чакаць вынікаў галасавання, а ўзяць пэўную суму і пакінуць шоу. Дык вось, недзе тры праграмы гэтага ніхто не рабіў, і прадстаўнік галандскай кампаніі — уладальніцы фармату шоу, вельмі здзіўляўся: «Першы раз такое бачу, каб ніхто не браў грошы!» Ці то гэта звышупэўненасць у сваіх сілах, ці перакананне загадкавай славянскай душы ў тым, што ўзяць грошы сорамна... Апошняе, я лічу, архіглупства: не часта Першы канал вось так адразу дае артыстам і эфір, і вельмі прыстойную суму. Трэба сказаць, уменне адэкватна сябе ацаніць — вельмі важная якасць для творчага чалавека, і тут я ганаруся нашай суайчынніцай Аленай Пішчыкавай. Яна таксама была ў праекце, вельмі няблага сябе паказала (сачыце за эфірамі, хутка ўбачыце нашу зямлячку ў вельмі прыгожым вобразе!) і, зразумеўшы, што сапернік мацнейшы і ярчэйшы за яе, не разгубілася ў атмасферы тэлевізійнага пафасу і конкурснага мандражу, і ўзяла грошы. Малайчына, паўтару —
ганаруся суайчынніцай!

— Магу зразумець, навошта гэты праект Алене і іншым пачаткоўцам — магчымасць заявіць аб сабе, «раскрутка» і ўсё такое. А вось навошта ён Вані Вабішчэвічу і іншым ужо вядомым беларускім выканаўцам — спроба прабіць столь галавой?

— Ні ў якім выпадку. У нас абсалютна здаровы, цынічны прафесійны разлік. Нам з Ванем было зразумела, што сёння ніякае музычнае спаборніцтва не дасць яму новых вяршыняў — ён ужо ўсё даказаў, што жадаў, сам сабе і слухачам. Аднак, па-першае, заўжды цікава і карысна паварыцца ў творчай кухні такіх тэлепраектаў, абмяняцца вопытам з іншымі музыкантамі; па-другое, для выканаўцы, арыентаванага на рускамоўную аўдыторыю, эфіры на Першым канале лішнімі не бываюць, як не бывае лішняй і праца з іх — не нашымі — заробкамі.

— Ты добра ведаеш знутры тэлешоу «Голас», конкурс «Новая хваля», цяпер і «Пераможцу». Паспяховае выступленне ў падобных праектах сапраўды адкрывае нашым артыстам заманлівыя перспектывы?

Дзядзя Ваня на канцэрце ў Крамлі.

— Трэба разумець, што ўсе праекты вельмі розныя. «Новую хвалю», нягледзячы на ўсе пературбацыі з конкурсам, я заўжды буду пяшчотна любіць: за дзесяць дзён не толькі сам артыст, але і ўсе суправаджаючыя «пацярпелыя ад шоу-бізнесу», уся ягоная каманда праходзіць унікальныя творчыя ўніверсітэты, майстар-класы па ўсіх складовых шоу-бізнесу, ад сцэнічнага вобраза да аранжыроўкі. Нічога падобнага таму, што і як робіць каманда Аляксандра Давыдавіча Рэўзіна, я за ўсё доўгае жыццё ў прафесіі не бачыла і штораз з задавальненнем вучуся ў гэтых настаўнікаў. «Голас» вучыць крыху іншым рэчам: там набіраюць прафесійных вакалістаў і вучаць іх спаборнічаць не толькі з сапернікамі, але і з самім сабой, што далей, то рабіць усё лепш, выступаць у камандзе і, галоўнае, вельмі хутка арыентавацца ў сітуацыі і выдаваць вынік. «Пераможца» і, напрыклад, «Галоўная сцэна» маюць больш жорсткі фармат, патрабуючы ўдыхнуць новае жыццё ў старую музыку. На Першым канале наогул вельмі жорсткія ўмовы працы. Усе мае калегі-рэдактары гатовыя ўсяляк дапамагчы, падказаць, спрацаваць на вынік, каб кожны артыст у «скрыні» быў яркім, бо ад гэтага залежаць і рэйтынгі праекта, і іхні прафесійны статус, — але тэрміны вельмі сціслыя, патрабаванні высокія, і калі ты не справішся — прабач, бывай.

І тым не менш усе гэтыя праекты з'яўляюцца выдатнай стартавай пляцоўкай для заваявання новага гледача і для развіцця сябе, любімага. Здолеў ты скарыстацца шанцам — будзеш мець вынік. Можна засвяціцца ў адным эфіры і запомніцца больш за фіналістаў, тут усе пытанні да самога артыста.

— Нават самыя наіўныя гледачы здагадваюцца, што на тэлебачанні ўсё не так проста і прыгожа, як паказваюць у кадры: ёсць закулісныя інтрыгі і падводныя камяні. Што варта ўлічваць патэнцыйным зоркам, перш чым кідацца ў расійскія тэлепраекты?

— Я сказала б, што расійскае тэлебачанне — не такое ўжо зубастае пудзіла, якога трэба баяцца. Але варта разумець, што ў кожным конкурсе ёсць свае фарматныя ўмовы, і пры ўсім тваім таленце і арыгінальнасці цябе могуць мякка, але настойліва папрасіць іх выконваць. Калі артыст гатовы да такіх перамен, яму пяцьдзясят пяць разоў усё дапамогуць і падкажуць. Яшчэ адзін момант: у шоу-бізнесе, як, зрэшты, у бізнесе наогул, існуюць інтрыгі, лабіраванне «сваіх» людзей, і трэба разумець, што на нейкім этапе ты можаш з гэтым сутыкнуцца, уключыць галаву і паспрабаваць абысці падобныя моманты. Трэцяя і, напэўна, галоўная заўвага — да ўдзелу ў праекце трэба загадзя рыхтавацца! Спадарства, сёння на YouTube ёсць усё і пра ўсё, у Іnstagram можна знайсці амаль усіх музычных рэдактараў Першага канала. Адзін з іх пастаянна праводзіць прамыя эфіры і адказвае на пытанні патэнцыйных удзельнікаў таго ж «Голасу», а тэлефон прадзюсара Яўгена Арлова ведае палова Масквы — так што не палянуйцеся пацікавіцца, што ды як. І тады ўсё атрымаецца.

Эксперты шоу "Пераможца".

— Калі параўноўваць беларускія і расійскія праекты знутры — праўда, што нашы больш бяззубыя ў сэнсе крытыкі артыстаў? Маўляў, нікога не хочацца пакрыўдзіць?

— Ёсць момант крыўдаў і крыўдачак у адказ на крытыку, але не ў гэтым асноўнае пытанне. Я вельмі цёпла ўспамінаю «Акадэмію талентаў» на АНТ, дзе давялося папрацаваць, і мяркую, што гэты праект мог бы не саступіць «Голасу». Але ёсць нюансы, скажам, трансляцыі сігналу — на мантажы бачыш адну карцінку, а на экране — зусім іншую, значна менш якасную, ад якой адразу з'яўляецца адчуванне местачковасці. Другі момант: Расію выручае вялікая геаграфія, а ў нас проста няма такой колькасці прафесійных кадраў, з якімі можна хутка і якасна зляпіць шоу-цукерку. Затое хапае «маладых талентаў», у якіх пасля аднаго-двух тэлеэфіраў з неверагоднай хуткасцю «адрастаюць» і німб, і карона, і пачынаюцца такія капрызы, што мама дарагая! Даводзіцца працаваць з тым, што ёсць. А глядач міжволі параўноўвае тое, што робім мы, і тое, што ён бачыць на расійскіх тэлеканалах, — і, як правіла, параўнанне не на нашу карысць.

— О, я ведаю дзве самыя частыя рэакцыі гледачоў: «Хто гэтыя людзі?!» — калі артыст чагосьці дасягае ў Беларусі, і «Дык гэта ж наш!» — калі той жа артыст «выстраліў» у расійскім ці ўкраінскім тэлешоу.

— Яшчэ гадоў пяць-шэсць таму такія рэакцыі вельмі выразна прасочваліся, а сёння, на мой погляд, ужо крыху змазаліся. У прыватнасці, сітуацыя з «Navіband» гэта пацвердзіла. Музыканты яшчэ далёка не архімегавыканаўцы, ім ёсць куды расці, але штосьці ў іх такое шчырае, сапраўднае праявілася, што сёлета выступленне нашых артыстаў на «Еўрабачанні» выклікала пазітыўныя эмоцыі, а не бязглуздую заўсёдную крытыку.

Дарэчы, калі мы самі сябе звыкла недаацэньваем, то сярод расійскіх дзеячаў шоу-бізнесу існуе меркаванне, што ў нашай краіне неймаверная колькасць таленавітых людзей. На кожным кастынгу многія выхадцы з Беларусі, прычым пераважна з рэгіёнаў, паказваюць сябе так ярка, што проста сківіцу з падлогі падбіраеш. І нават калі яны не трапляюць у канкрэтны праект, іх адзначаюць і запрашаюць потым на розныя фестывалі.

— На беларускім тэлебачанні няма свайго «Голасу» — таму, што мы яшчэ не дараслі або таму, што ён наогул не патрэбны?

—Усё значна прасцей: гэта занадта дорага. Беларускія тэлевізійнікі, магчыма, і не замарочваліся б, не выдумлялі ўласныя шоу талентаў, а набылі ўжо гатовы фармат і гналі па накатанай, балазе франшызу сёння могуць сабе дазволіць набыць нават Нігерыя і Ангола. Аднак уласна вытворчасць, прадакшн — кожная перадача выліваецца ў шалёныя грошы, пачынаючы ад тэхнічнага абсталявання пляцоўкі да афармлення, і ніводны з існуючых беларускіх тэлеканалаў проста не пацягне гэтыя ўмовы.

Баяніст-віртуоз Віталь ВАРАНКО.

І ўсё ж асабіста я лічу, што такі праект нам вельмі патрэбны — можа, на раскручаны брэнд прыйшлі б тыя, хто сёння едзе ў Маскву, і ўсе разам зрабілі якаснае беларускае шоу.

Беларускія выканаўцы (дарослыя), якія "выстралілі" за мяжой

Руслан Аляхно. У 2004 годзе спявак з Бабруйска перамог у тэлепраекце канала РТР "Народны артыст-2"; у 2015 годзе быў абвешчаны пераможцам трэцяга сезона шоу талентаў "Адзін у адзін".

Дзмітрый Калдун. У 2006 годзе выйграў тэлеконкурс "Фабрыка зорак". Праз год паказаў найлепшы для Беларусі вынік на міжнародным конкурсе "Еўрабачанне".

Іван Вабішчэвіч. На конкурсе маладых выканаўцаў "Новая хваля" 2008 года ў Юрмале атрымаў сцэнічнае імя Дзядзя Ваня і адну з галоўных узнагарод — "Залатую зорку Алы" ад Алы Пугачовай.

Яўген Літвінковіч. Хлопец з Жодзіна ў 2012 годзе стаў суперфіналістам двух украінскіх музычных праектаў — "Украіна мае талент" і "Х-Фактар". У абодвух спыніўся за крок ад п'едэстала, але стаў папулярным не менш за пераможцаў.

Сяргей Валчкоў. Ураджэнец Быхава ў 2013 годзе элегантна пераспяваў усіх удзельнікаў другога сезона расійскага праекта "Голас".

Пётр Ялфімаў. У 2016 годзе перамог паводле галасавання гледачоў у расійскім творчым тэлеспаборніцтве "Галоўная сцэна".

Віталь Варанко. Баяніст-віртуоз летась дайшоў да фіналу брытанскага тэлешоу Brіtaіn's Got Talent, дзякуючы якому стаў зоркай інтэрнэту і атрымаў кантракт з буйным брытанскім музычным агенцтвам.

 

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Што ў «Голасе» табе

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Нязвыклая форма — заўсёды штуршок для пошуку.

Культура

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Дзе замежнікі вывучаюць савецкую архітэктуру.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра бунт малога, выпадак на ферме і цікавае выступленне на вяселлі.