Вы тут

Без чаго не паплывуць караблi*


У Наваполацку з поспехам працуе найбуйнейшы ў СНД вытворца прысадак да маторных масел, якiя выкарыстоўваюцца ў рухавiках унутранага згарання. Летась, калi сумеснае прадпрыемства адзначыла сваё 10-годдзе, мы расказвалi пра гэты ўнiкальны калектыў. I вось новая сустрэча з генеральным дырэктарам СТАА «ЛЛК-НАФТАН» Мiхаiлам Бабушкiным.


— Што змянiлася за той год, на працягу якога не бачылiся, Мiхаiл Алегавiч?

— Безумоўна, мы працуем i адначасова развiваемся, так што за год адбылiся пэўныя перамены. Пачалi выпуск новага пакета прысадак да суднавых масел для тронкавых рухавiкоў. Адпаведна, да нашай з «Лукойлам» суднавай праграмы дабаўляецца яшчэ адзiн прадукт, якi сёння праходзiць выпрабаваннi ў рэальным рэжыме,  — з гэтай мэтай некалькi партый пастаўлена ў Сiнгапур i адгрузка працягваецца.

— Прысадкi для суднавых масел для вас выгадны праект. Чаму?

— Для гэтага тыпу масел iх патрэбна непараўнальна больш, чым для iншых: да 20% ад рабочага аб'ёму масла. Сумесны з «Лукойлам» праект сапраўды самы высокадаходны  — знакамiтая расiйская фiрма LUKOIL Lubricants Company закрывае дзясятую частку сусветнага рынку суднавых масел, i рэалiзацыя вядзецца ў партах многiх краiн.

Выпуск разнастайных прысадак нарошчваем. Крыху раней прадпрыемства выйшла на аптымальную загрузку, яго абсталяванне было ўключана ў працэс на сто працэнтаў. Таму летась распачалi работы па далейшым пашырэннi магутнасцяў  — у дзеючую схему ўкараняецца дадатковае аснашчэнне. У прыватнасцi, вядзём замену машын па ачыстцы прадукту на больш сучасныя, мяняюцца помпы i гэтак далей.

Iнвестыцыйны план скiраваны на тое, каб у наступныя тры гады «нарасцiць мускулы» напалову. Сёння выходзiм на 25 тысяч тон прадукцыi ў год, а зусiм нядаўна было 20. Складанасць у тым, што абнаўляцца мусiм ва ўмовах дзеючай вытворчасцi, i ўсiм службам даводзiцца працаваць надзвычай узгоднена. Тым не менш тэмпы мiнулага года па ўкараненнi iнвестыцыйных праектаў перавышаем удвая.

Прадпрыемства арыентавана на экспарт  — 95% прадукцыi адгружаецца за мяжу, больш чым у 20 краiн свету. Паказчыкi экспартных паставак з пачатку года адчувальна ўзраслi  — у параўнаннi з адпаведным мiнулагоднiм перыядам маем амаль 130%, калi браць у доларах ЗША. Яшчэ адзiн вынiк зладжанай работы калектыву  — расце сярэдняя заработная плата.

Сю­ды па­сту­пае  рас­фа­са­ва­ная  пра­дук­цыя.

— Калi гаварыць пра найважнейшыя тэндэнцыi сусветнага рынку, Мiхаiл Алегавiч...

— То перш за ўсё гэта не проста рост попыту на змазачныя матэрыялы, але i патрабавальнасцi да iх эксплуатацыйных уласцiвасцяў. Больш жорсткiмi становяцца экалагiчныя патрабаваннi: да колькасці (чытай  — рэзкага змяншэння) у маслах фосфару, серы, бо пры згараннi ўсё гэта  — дадатковыя выкiды ў атмасферу. Дамiнуючай з’яўляецца тэндэнцыя эканомii палiва, па тых жа прычынах. I адчувальна павялiчваецца тэрмiн службы масел. Значыць, патрабуюцца новыя тэхналогii вытворчасцi, i мы iмкнёмся iсцi ў нагу з часам.

Варта мець на ўвазе: усё больш патрабавальнае экалагiчнае заканадаўства прывяло да таго, што сертыфiкуюцца не проста маслы цi прысадкi, а тыя рэчывы i злучэннi, з якiх яны складаюцца. I па якiх вядзецца рэгiстрацыя шкодных элементаў у прысадцы. Па ўсiх сваiх прысадачных кампанентах мы прайшлi рэгiстрацыю на адпаведнасць еўрапейскаму рэгламенту REACH. Еўрапейскiя краiны ўвялi гэты жорсткi рэгламент для абароны сваiх таваравытворцаў, i калi хочаш трапiць на перспектыўны рынак, мусiш пастарацца адпавядаць.

Выручае тое, што ў нас паспяхова развiваецца ўласная даследчая лабараторыя, яна аснашчана па апошнiм слове тэхнiкi. Для тэсцiравання сучасных масел i прысадак, вызначэння iх устойлiвых эксплуатацыйных уласцiвасцяў выкарыстоўваецца высокадакладнае абсталяванне. Але поўны комплекс выпрабаванняў (як магчымасць атрымаць заключэннi на адпаведнасць сучасным стандартам) уключае i маторныя тэсты, выпрабаваннi ў еўрапейскiх i амерыканскiх выпрабавальных цэнтрах, якiя каштуюць дорага, i мы на гэтыя затраты iдзём.

— Скажам чытачу, што сёння пацвярджаецца высокi ўзровень эксплуатацыйных уласцiвасцяў вашага новага прадукту для камерцыйных аўтамабiляў  — па класiфiкацыi Амерыканскага iнстытута нафты, а само ваша прадпрыемства сертыфiкавана па ўсiх асноўных мiжнародных сiстэмах.

На тэ­ры­то­рыі прад­пры­ем­ства.

— Перш за ўсё  — па сiстэме кiравання якасцю IСО 9001 па самай апошняй версii 2015 года; кiравання навакольным асяроддзем, зноў жа ў версii 2015 года. I па ахове працы. Прадукцыя наша таксама прайшла адпаведную сертыфiкацыю  — з улiкам патрабаванняў рынкаў, на якiя вядуцца яе пастаўкi. На аўтамабільныя маслы ёсць нават адпаведныя заключэннi вядомых аўтавытворцаў  — такiх як КАМАЗ, АўтаВАЗ, Яраслаўскi завод рухавiкоў. Для сусветных спажыўцоў гэтыя адабрэннi значаць нiчуць не менш, чым любы сертыфiкат.

— Як вы ўсё паспяваеце? Скажыце некалькi слоў пра калектыў.

— Калектыў нельга не пахвалiць. Хаця б таму, што прадпрыемства занесена на дошкi гонару Наваполацка i Вiцебскай вобласцi. На вынiк перш за ўсё працуе належная псiхалагiчная абстаноўка, дзякуючы чаму i сфармiравалася каманда. Розныя вытворчыя падраздзяленнi адчуваюць сябе адным цэлым i працуюць на агульны вынiк. Прысадкi — вельмi спецыфiчны прадукт, нiдзе спецыялiстаў не рыхтуюць. Вучым кадры самi, дзелiмся ўласнымi ведамi. Адбор  — вельмi жорсткi, патрэбнага работніка можам шукаць дастаткова доўга. Прымаем людзей неардынарных, людзей з патэнцыялам. I затым развiваем iх здольнасцi, прывiваем пачуццё карпаратыўнасцi. Сваiмi спецыялiстамi я магу ганарыцца.

Лiчбы i факты

З дня заснавання ў 2006 годзе СТАА «ЛЛК-НАФТАН» наладзiла вытворчасць каля 30 найменняў прысадак на аснове мiнеральнай i сiнтэтычнай сыравiны i гэтулькi ж пакетаў прысадак, распрацавала больш за 100 новых рэцэптур для спажыўцоў.

Прадпрыемства неаднаразова было ўдастоена звання «Найлепшы экспарцёр года» i «Найлепшы прадпрымальнiк года».

СТАА «ЛЛК-НАФТАН» адыгрывае адну з асноўных роляў у выкананнi Наваполацкам эканамiчных паказчыкаў у прамысловасцi.

Гутарыў Уладзiмiр Хiлькевiч

Фота Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.