Вы тут

Стартавала ўступная кампанія ў прафесійныя ліцэі і прафтэхкаледжы


15 чэрвеня ў краiне распачалася ўступная кампанiя ў прафесiйныя лiцэi i прафесiйна-тэхнiчныя каледжы.


Сёлета прыём па 251 прафесii будуць ажыццяўляць 146 устаноў прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi. Акрамя таго, для навучання па рабочых прафесiях прыём будуць весцi 49 устаноў адукацыi iншых узроўняў, якiя рэалiзуюць праграмы прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi.

Усяго плануецца набраць 29,9 тысячы чалавек, што складзе 93,6 працэнта да прыёму 2016 года (на 2 тысячы чалавек менш), у тым лiку за кошт сродкаў бюджэту — 29,7 тысячы чалавек.

З улiкам патрэб рэгiянальных рынкаў працы сёлета вырашана было спынiць прыём па 216 незапатрабаваных прафесiях i адкрыць падрыхтоўку па 145 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыi прафесiях. Так, упершыню будзе ажыццяўляцца набор па прафесii «электрамеханiк па сродках аўтаматыкi i прыбораў тэхналагiчнага абсталявання» ў Гомельскiм дзяржаўным прафесiйна-тэхнiчным каледжы электратэхнiкi; «рабочы па комплексным абслугоўваннi будынкаў i збудаванняў» — у Мiнскiм дзяржаўным прафесiйна-тэхнiчным каледжы будаўнiцтва i камунальнай гаспадаркi; «аператар лiчбавага друку» — у Мiнскiм дзяржаўным прафесiйна-тэхнiчным каледжы палiграфii; «кузаўшчык» — у Мiнскiм дзяржаўным прафесiйным лiцэi №3 машынабудавання; «вытворца тварагу» — у Слуцкiм дзяржаўным каледжы.

Умовы прыёму на ўзровень прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi ў параўнаннi з папярэднiм годам не змянiлiся.

Прыём дакументаў на дзённую форму навучання будзе весцiся па 20 жнiўня. Калi да канца гэтага тэрмiну не ўсе планавыя месцы будуць запоўненыя, установа адукацыi па ўзгадненнi з заснавальнiкам можа падоўжыць тэрмiн прыёму дакументаў да поўнага ўкамплектавання груп, але не пазней чым да 15 верасня бягучага года. На завочную форму атрымання адукацыi дакументы будуць прымацца з 1 па 10 кастрычнiка.

З 1 чэрвеня да 18 жнiўня ў Мiнiстэрстве адукацыi арганiзавана работа тэлефоннай гарачай лiнii (017) 222-43-12. Таксама на сайце Мiнiстэрства адукацыi можна знайсцi электронны даведнiк для тых, хто паступае на ўзровень прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi.

Надзея НIКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?