Вы тут

Як на Ашмяншчыне рыхтуюцца да ўнікальнага форуму


23 чэрвеня «Паўночны вектар Гродзеншчыны» адбудзецца ўжо сёмы раз. Маштабнае мерапрыемства накіравана на тое, каб прэзентаваць эканамічны патэнцыл адразу трох раёнаў: Ашмянскага, Смаргонскага і Астравецкага. У гэтым годзе прымаць выставу і форум будуць Ашмяны. Мы пагаварылі са старшынёй Ашмянскага райвыканкама Міраславам САРАСЕКАМ пра значнасць гэтай падзеі, Шаўковы шлях і трансгранічныя праекты.


— Міраслаў Эдмундавіч, што з сябе ўяўляе «Паўночны вектар»?

— Гэта выстава і шматгранны форум як па аспектах, што разглядаюцца, так і па фармаце. Сярод галоўных кірункаў я б вылучыў развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі, наладжванне лагістычных сувязяў і прыдарожны сэрвіс, трансгранічнае супрацоўніцтва і турызм. Зразумела, усё гэта цесна пераплецена з тэмай інвестыцый. Нягледзячы на тое, што ў ролі гаспадара сёлета выступае Ашмяншчына, усе тры раёны будуць прадстаўленыя ў роўнай ступені. Наша задача не канкурыраваць адзін з адным, а сакумуляваць усё самае лепшае, што ёсць у кожнага, і паказаць агульны патэнцыял. Акцэнт робім на тое, што было напрацавана за час пасля папярэдняй выставы: новыя прадпрыемствы, вытворчасці, віды прадукцыі.

— Як будзе праходзіць мерапрыемства?

— Яно будзе складацца з трох блокаў. Першы — гэта пленарнае пасяджэнне, дзе мы канцэптуальна разгледзім пытанні развіцця нашай краіны, яе інтэграцыі ў сусветныя працэсы і ролю нашага рэгіёна ў гэтым. Другі — гэта выстаўка-кірмаш. Пляцоўкай для яе стане фізкультурна-аздараўленчы комплекс і галоўная вуліца горада. Тут можна будзе не толькі пазнаёміцца з інвестыцыйнымі і рэкрэацыйнымі магчымасцямі раёнаў, але і паўдзельнічаць у сапраўдным свяце. Цэнтры творчасці, мастацкія калектывы і навучальныя ўстановы прадставяць канцэртную праграму, разгорнецца горад майстроў, у гэты дзень уваход у музей для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства будзе бясплатным. Тут жа можна будзе пакаштаваць і набыць прадукцыю прадпрыемстваў, якія вядомыя далёка за межамі нашага рэгіёна. І трэці складнік — кантактна-кааперацыйная біржа, якая будзе насіць прыкладны характар. Мы, напрыклад, плануем падпісанне шэрагу дагавораў, у прыватнасці з Шальчынінкскім раёнам Літвы. Акрамя таго, на форуме будуць прэзентавацца канкрэтныя зямельныя ўчасткі і цэлы шэраг аб'ектаў нерухомасці — месцы, на якія можна прыйсці і пачаць працаваць. Іх можна разглядаць і як базу для вытворчасцяў, і для прадпрыемстваў сферы паслуг, і для любых іншых відаў дзейнасці. І мы хочам не проста паказаць, чаго дасягнулі, але і зрабіць пасля гэтага форуму крок наперад.

— У чым галоўныя перавагі паўночнай часткі Гродзенскай вобласці?

— Мы займаем асаблівае геаграфічнае становішча. Як падкрэсліў кіраўнік нашай дзяржавы ў час апошняга візіту ў Кітай, цяпер як ніколі актуальны так званы Шаўковы шлях. Самая кароткая дарога з Кітая праз Расію ў Балтыйскае мора праходзіць менавіта праз Ашмяны, Смаргонь і Астравец. Праз нашу чыгунку і аўтамабільныя пункты пропуску. Мы імкнёмся быць часткай гэтай значнай эканамічнай місіі і надаём вялікае значэнне развіццю транзітнага патэнцыялу. На форуме цэлы блок будзе прысвечаны і развіццю прыдарожнага сэрвісу: рабоце існуючых аб'ектаў, праектам у працэсе будоўлі і прыдатным пляцоўкам, якія можна будзе засвоіць у будучыні. Можа, мы і пясчынка на гэтым шляху, але нас не павінна знесці ветрам. І безумоўна, геаграфічнае становішча абавязвае нас падтрымліваць моцныя трансгранічныя сувязі.

— Дарэчы, аб трансгранічных праектах. Якія найбольш буйныя ўжо ўдалося рэалізаваць?

— Па розных праграмах на развіццё нашых сацыяльных устаноў мы атрымалі амаль мільён еўра ад Еўрасаюза. Была зроблена веладарожка, збудаваны спартыўны стадыён, арганізавана музейная экспазіцыя, мы атрымалі тэатралізаваныя касцюмы для фестывалю «Гальшанскі замак» – Соф’і Гальшанскай і Стэфана Сапегі, Чорнага Манаха і Белай Панны, князя Гальшанскага і іншыя. Зараз у нас яшчэ больш амбіцыйныя планы, хочам мінімум у два разы павялічыць гэтую лічбу.

Мы сфарміравалі яшчэ некалькі заявак, і яны ўжо прайшлі сур'ёзны першапачатковы адбор. Нават падумваем аб тым, што нашаму раёну можна было б правесці майстар-клас, як працаваць з такімі праектамі. Дарэчы, вялікі плюс, што на створаных дзякуючы трансгранічным сувязям аб'ектах і падчас будаўніцтва, і пасля працуюць нашы спецыялісты.

Мы актыўна наладжваем міжнацыянальныя сувязі яшчэ з першага форуму. Тады Вільнюскі раён пазнаёміў нас з польскімі Сувалкамі, з якімі потым нарадзіўся самы буйны праект. Галоўнае, што ўсе нашыя дагаворы не фармальныя. Мы ездзім адзін да аднаго для абмену вопытам, праводзім разам спартыўныя мерапрыемствы, добрыя зносіны паміж сабой у школьнікаў, прадстаўнікоў культуры, прэсы. Напрыклад, мы дамовіліся з буйным раёнам Польшчы — Мінск-Мазавецкі, што ў нас будзе адбывацца абмен інфармацыяй у рэжыме анлайн. Яны пра нас размяшчаюць інфармацыю ў сваіх выданнях і інтэрнэт-пляцоўках, а мы — пра іх.

— Якіх вынікаў вы чакаеце ад сёлетняга «Паўночнага вектара»?

— На мой погляд, лепшай пляцоўкі для пошуку партнёраў, чым форумы, складана прыдумаць. Аднак не трэба ад такога мерапрыемства чакаць імгненнага эфекту. У першую чаргу яно накіравана на стварэнне пэўнага іміджу рэгіёна. Форум паказвае гатоўнасць людзей, якія тут жывуць, да супрацоўніцтва і паспяховыя прыклады такой працы. Мы, як прадстаўнікі ўлады на месцах, падтрымліваем дзелавы клімат — далей справа за прадпрыемствамі. У нас ёсць пагадненні аб супрацоўніцтве з дзясяткам рэгіёнаў розных краін.

Для нас важным момантам на цяперашнім форуме будзе прэзентацыя турыстычнага маршруту «Паўночны вектар Гродзеншчыны: з мінулага ў будучыню», які аб'ядноўвае ўсе тры раёны. Маршрут уключае ў сябе шэсць аб'ектаў: у Смаргонскім раёне гэта гісторыка-краязнаўчы музей і музей-сядзіба М. К. Агінскага, у Астравецкім – Касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў Гервятах і інфармацыйны цэнтр АЭС, а на Ашмяншчыне – краязнаўчы музей імя Ф. Багушэвіча і руіны былога замка Сапегаў з фрагментамі абарончых збудаванняў XVI — XVII ст., XVIII — XX ст. Мы паказваем усё самае цікавае і разлічваем, што 2 + 2 + 2 будзе не 6, а як мінімум 8.

— Пытанне намесніку старшыні райвыканкама па эканоміцы, прамысловасці, гандлі і сферы паслуг Галіне Станіславаўне ЛЮТКОЎСКАЙ: на каго ўвогуле накіраваны форум?

— Мы зацікаўлены ў нашых айчынных інвестарах, будзем шчыльна працаваць і з саюзам прадпрымальнікаў, яны збіраюцца прыняць маштабны ўдзел у форуме, і з ПВТ, і з «Вялікім каменем», і са свабоднай эканамічнай зонай «Гроднаінвест». Але нацэлены мы і на тое, каб прыйшлі замежнікі. Для іх мы сябе пазіцыянуем як рэжым найбольшага спрыяння. Напрыклад, па выніках працы за 2016 год Ашмянскі раён заняў другое месца ў Гродзенскай вобласці па сацыяльна-культурным развіцці. А раней — першае месца ў прамысловасці і другое ў будаўнічай сферы.

Дарэчы, на форуме акрамя прадпрыемстваў з вопытам будуць прадстаўлены стартапы — гэта выдатная магчымасць для нашай моладзі паказаць сябе, а можа, і заключыць добры кантракт.

— «Паўночны вектар Гродзеншчыны» можна назваць унікальным праектам. Як тром суседнім раёнам удаецца падтрымліваць такія моцныя сувязі?

— Мы проста разумеем, што разам мы больш магутныя. Заўсёды дапамагаем адзін аднаму з працаўладкаваннем кадраў. У Астравец цяпер з'язджаюцца спецыялісты з усёй Беларусі, а ў Смаргонь нядаўна прыйшоў буйны вытворца, з'явіліся працоўныя месцы, якія тут жа былі прадстаўлены на нашым раённым кірмашы вакансій. А мы, напрыклад, бяром да сябе спецыялістаў на перанавучанне і на будаўніцтва буйных аб'ектаў.

Так што нельга сказаць, што наша супрацоўніцтва носіць разавы характар ці мы жывём ад форуму да форуму — гэта няспынная работа, якая дае стабільна добры вынік.

Загаловак у газеце: Не канкурэнты, а саюзнікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».