Вы тут

Мастачка Дзіяна Каласовіч верыць у мастацтва і яго чараўніцтва


Яна бачыць перад сабой мэту і ўпэўнена ідзе да яе. Маладая мастачка Дзіяна Каласовіч — прыклад чалавека, якога не стрымліваюць ні абставіны, ні меркаванні, яна верыць у мастацтва, у яго чараўніцтва, таму так шчыра і аддана раствараецца ў творчасці. У чэрвені аўтар прадставіла свой першы выставачны праект «Вобраз жыцця» ў Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», праз які паспрабавала пазнаёміць гледачоў са сваім унутраным светам, які праглядае праз кожнае яе жывапіснае палатно.


Мас­тач­ка Дзі­я­на Ка­ла­со­віч.

Дзіяна жыве ў Мінску каля двух гадоў. У сталіцу прыехала з Салігорска. З самага дзяцінства займалася творчасцю. Доўга не магла вызначыцца з матэрыялам і тэхнікай, у якой зручна працаваць, шукала сябе. У юнацкім узросце вырашыла, што прыйшоў час рабіць сур'ёзныя крокі. І прыйшла вучыцца ў салігорскую студыю выяўленчага мастацтва для дарослых і юнацтва да таленавітага мастака Яўгена Смунёва, які, на думку Дзіяны, дапамог ёй сфарміраваць мастацкі стыль, навучыў адчуваць колер, атрымліваць асалоду ад працэсу, адчуваць свабоду выбару і эксперыменту. Усё, што піша сёння, аўтар называе вольнай імправізацыяй.

— Для мяне першая персанальная выстаўка — сапраўдны цуд, матывацыя для дасягнення мэты, неймаверны ўздым, выкананне жаданняў і самасцвярджэнне, — расказала Дзіяна Каласовіч. — Я разумею, што праца, закладзеная ў творы, мае працяг. Калі ўлічыць, што я не маю прафесійнай адукацыі, для мяне гэта скачок наперад, крок задавальнення і ўпэўненасці ў дзеяннях. Часцяком навучэнцы мастацкіх школ, студэнты расчароўваюцца ў мастацтве, таму што ў працэсе навучання ім кажуць, што ўсё ўжо напісана і зроблена, але ж кожны чалавек унікальны, і чаму ён не можа прыдумаць і расказаць гледачу сваю гісторыю? Я прайшла пэўныя шляхі навучання не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах і зразумела, што трэба верыць у сябе нягледзячы ні на якія абставіны. Але калі ты не гатовы вытрымаць крытыку, то наўрад ці гатовы рухацца да мэты. Недарэчна думаць, што ў мастацкім свеце пануюць мір і спакой. Для мяне крытыка — матывацыя, бясплатныя падказкі ў галіне кампазіцыі, колеравага вырашэння, нават стварэння экспазіцыі.

«Апоў­на­чы ў Мад­ры­дзе», 2014 г.

Персанальная выстаўка для Дзіяны Каласовіч была марай. Калі яна выстаўляла працы ў абласных гарадах, вельмі хацела прадставіць сваю творчасць у Нацыянальнай бібліятэцы. Напісала ліст, расказала пра сябе і праз паўгода мастачку запрасілі паўдзельнічаць у калектыўнай выстаўцы сумесна з членамі Беларускага саюза мастакоў. Такім жа чынам Дзіяна паспела паўдзельнічаць у калектыўных выстаўках Масквы і Піцера. Калісьці прасіла адну піцерскую галерэю ўзяць яе працы на экспанаванне. Адмовілі. Але праз год, убачыўшы работы аўтара на іншых выстаўках, прадстаўнікі галерэі даслалі Дзіяне запыт аб прыняцці яе работ для экспанавання...

На выстаўцы мастачкі ў галерэі «Універсітэт культуры» вы можаце ўбачыць творы, дзе прадстаўлены эмоцыі, праз якія глядач не зможа заставацца абыякавым, трапляе ў свет містычнасці і гармоніі. Палотны паглыбляюць у прастору прыроды, «грацыёзных» вулачак, прыгожых дамоў. Мастачка не ставіць штампы ў творах: калі вы бачыце горад на палатне, не трэба глядзець на яго назву, альбо спрабаваць разгадаць яго сімвалы, лепей паразважайце, чаму ў творы менавіта такія колеры.

— Я вельмі эмацыянальны чалавек, не схільная да трагізму альбо драматызму. Але для мяне колер — гэта жыццё, а алей — матэрыял, у які не закахацца проста немагчыма. Яго нельга зрабіць невыразным. Колер адлюстроўвае характар мастака, ён можа быць празрыстым, шматслаёвым або вельмі насычаным. Я выказваю сябе ў аксаміце колеру і з кожным днём вучуся рабіць гэта больш дасканала.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: У аксаміце колераў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».