Вы тут

Нацыянальнае ў балеце i дзяржаўныя задачы


У межах «Балетнага лета» на сцэне Нацыянальнага акадэмiчнага Вялiкага тэатра оперы i балета Беларусi прадставiлi свае пастаноўкi госцi з новага казахстанскага тэатра «Астана балет».


Дырэкцыя Вялiкага тэатра Беларусi павiншавала калег з творчым поспехам, якi суправаджае пачынаннi калектыву. Сапраўды, на тыдзень «Балетнага лета» з Астаны прывезлi вялiкую i насычаную праграму. Нумары знаёмяць беларускага гледача з гiсторыяй i сучаснасцю балета Казахстана, а галоўнае — iлюструюць кiрунак развiцця харэаграфiчнага мастацтва краiны. Таму што само iснаванне тэатра «Астана балет» выяўляе адносiны дзяржавы да развiцця культуры i мастацтва ў Казахстане. Малады, але перспектыўны калектыў стаў своеасаблiвым культурным брэндам сваёй краiны. Дзеля размяшчэння «Астана балет» адмыслова пабудавалi сучасны прыгожы будынак з выдатнай сцэнай, якая адпавядае ўсiм тэхнiчным патрабаванням часу. Трупа тэатра часта выязджае на гастролi i прадстаўляе харэаграфiчнае мастацтва Казахстана ў свеце.

— Наш калектыў — гэта прадукт новай сталiцы Астаны, — зазначае дырэктар тэатра «Астана балет» Валерый Кузембаеў. — Наш тэатр пакуль зусiм малады, дзейнiчае толькi чатыры гады, але вельмi актыўна працуе. Асноўны тэатр Казахстана — гэта «Астана опера». Таму для пастановак «Астана балет» мы выбiраем напрамкi, якiя не паўтараюць класiчны рэпертуар: спрабуем сiлы ў розных кiрунках, супрацоўнiчаем са шматлiкiмi харэографамi i, у вынiку, ставiм арыгiнальныя спектаклi. Нават на вядомы сюжэт «Кармэн» наш галоўны рэжысёр Мукарам Авахры прапанавала ўласную, новую i незвычайную харэаграфiчную версiю.

Нягледзячы на чатырохгадовы ўзрост, ужо зараз можна прасачыць станаўленне калектыву. Цiкава, але «Астана балет» пачынаўся выключна з жаночага складу: мужчынскi дадаўся толькi ў апошнi год працы.

Такi крок значна пашырыў рэпертуар i магчымасцi тэатра, дазволiў звярнуцца да тэмы ўзаемаадносiн памiж паламi. Асноўны жанр, з якiм працуе тэатр, — мiнiяцюра. Галоўны рэжысёр Мукарам Авахры тлумачыць: так сталася з-за таго, што трупа яшчэ невялiкая i адносна маладая, знаходзiцца ў няспынным пошуку рэпертуару, не засяроджваецца на пэўнай сферы, а мяняецца, расце, узаемадзейнiчае з рознымi харэографамi. Напрыклад, беларускi глядач убачыў некалькi балетаў у пастаноўцы бразiльскага харэографа Рыкарда Амарантэ, якi арганiчна ўпiсаўся ў каманду тэатра.

«Астана балет» захоўвае здабыткi класiчнай балетнай школы, але спецыялiзуецца на сучасных стылёвых напрамках: мадэрн, неакласiка i папулярны contemporary. Тым больш уражвае, што ў рэпертуары маладога тэатра значнае месца займае нацыянальная праграма. Яе выпрацавалi шляхам эксперыментаў, таму што пастаноўшчыкi паспрабавалi вярнуць на сцэну фальклор на мове сучаснага танца.

У iх атрымалася: на сцэне Вялiкага тэатра Беларусi паказалi праграму «Спадчына вялiкага стэпу» — восем прасякнутых нацыянальным каларытам урыўкаў з балетаў ды харэаграфiчных мiнiяцюр. Перад вачыма беларусаў сапраўды паўстаў вялiкi i вечны стэп Казахстана. Па-першае, праз выдатныя сцэнаграфiчныя рашэннi. Замест звыклых дэкарацый выкарыстоўвалi вiдэарад i праекцыi: такi падыход пашырыў сцэнiчную прастору, у адпаведнасцi з рэжысёрскай задумай дадаваў то патрэбную рэалiстычнасць, то, наадварот, прыўносiў фантастычныя элементы. Па-другое, праз сучасную апрацоўку выразна гучала казахская народная музыка, пры падрыхтоўцы выступаў «Астана балет» нават звярнуўся да музычных кампазiцый двух этна-фальклорных гуртоў. Па-трэцяе, харэаграфiя нацыянальнай праграмы звяртаецца да элементаў традыцыйнага танца, глыбiнi народных вобразаў, але ўдала спалучае iх з сучаснай пластыкай, у вынiку дасягае надзвычайнай выразнасцi i эмацыянальнасцi.

Харэаграфiчная праграма «Спадчына вялiкага стэпу» паказвае, што нацыянальны балет — гэта ўнiкальная з'ява. Больш за тое, праца ў гэтым кiрунку не мае застылай традыцыйнай формы: наадварот, нацыянальнаму балету ёсць куды расцi i чым здзiўляць гледачоў.

Народны напрамак у балеце выклiкае цiкавасць па ўсiм свеце. Тэатр «Астана балет» з поспехам дэманстраваў свае пастаноўкi ў iншых краiнах. Поруч з класiчным балетам ды аўтарскiмi спектаклямi нацыянальную харэаграфiю прывозiлi нават у Японiю, i жыхары гэтай краiны высока ацанiлi культурныя здабыткi Казахстана. Не засталiся абыякавымi да казахскага каларыту i беларусы.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: У прасторы вялiкага стэпу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».