Вы тут

Вынікі спартыўнага тыдня


Мужчынская нацыянальная зборная датэрмінова забяспечыла сабе выхад у фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы — 2018. У Краёве беларускія гандбалісты ўпэўнена перайгралі каманду Румыніі — 32:22 — і перамясціліся на першае месца ў сваёй адборачнай групе.

У іншым матчы 6-га тура ўдзельнікі нашага квартэта — зборныя Польшчы і Сербіі — згулялі ўнічыю — 34:34. За тур да фінішу адборачнага раўнда пуцёўкі на Еўра ў Харватыю заваявалі беларускія і сербскія гандбалісты, якія 18 чэрвеня сустрэнуцца ў мінскім палацы спорту «Уручча». Нагадаем, у першым крузе беларусы перайгралі сербаў у гасцях — 36:27. У гэты ж дзень палякі прымуць на сваёй пляцоўцы румынскую каманду.


Жаночая гандбольная зборная не змагла прабіцца ў фінальную стадыю чэмпіянату свету — 2018. У паядынку ў адказ плэй-оф падапечныя Томажа Чатэра прымалі каманду Чарнагорыі і перамаглі з лікам 25:23. Аднак для поспеху па суме дзвюх сустрэч гэтага аказалася недастаткова: у гасцях зборная Беларусі прайграла з розніцай у 7 мячоў — 26:33, і пуцёўка ў фінал дасталася чарнагорскай дружыне.


Учора ў Чэхіі стартаваў 36-ы чэмпіянат Еўропы па баскетболе сярод жаночых камандаў. Наша зборная прайграла ў сваім стартавым матчы італьянкам — 60:80.

Цяперашні Еўрабаскет стаў дэбютным не толькі для галоўнага трэнера Наталлі Трафімавай, але і для некаторых баскетбалістак зборнай. Напрыклад, упершыню за беларускую каманду на такім узроўні згуляла натуралізаваная амерыканская разыгрываючая Алекс Бэнтлі. Набраўшы 17 ачкоў, яна і стала самай выніковай у складзе беларускай дружыны ў стартавым паядынку.

Свой наступны матч зборная згуляе сёння ў 13.30 па беларускім часе супраць славацкіх баскетбалістак. Па выніках першага этапу пераможцы груп атрымаюць пропуск у чвэрцьфінальную стадыю. Зборныя, якія зоймуць 2—3-е месцы, згуляюць у 1/8 фіналу.

Нагадаем, што на мінулым еўрапейскім чэмпіянаце ў 2015 годзе нашы дзяўчаты занялі 4-е месца, саступіўшы ў матчы за «бронзу» камандзе Іспаніі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Шаўцоўцы прабіліся на Еўра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?