Вы тут

Як на Гродзеншчыне працуюць паштавікі


У любое надвор'е вадзіцель-паштальён даедзе да адрасата. У Галіны Жук работа хоць і адказная, але цікавая. Увесь час у раз'ездах. За працоўны дзень трэба аб'ехаць дзясятак вёсак і хутароў. Без прыгод не абыходзіцца.


Маршрут у Галіны Жук не малы — 62 км. На яе абслугоўванні 15 вёсак, якія адносяцца да паштовага аддзялення аграгарадка Путрышкі і знаходзяцца далёка ад магістраляў. Прасёлкавыя дарогі жанчына ведае як свае пяць пальцаў. І далёка не з лепшага боку.

— О, дарогі! Гэта наша бяда. Адчула на сябе ў поўнай ступені, — кажа жанчына. — Цяпер стала лепей, грэйдар часцей пускаюць, а калі пачынала, розныя выпадкі былі.

Тады яна яшчэ ездзіла на старых «Жыгулях», якія ледзьве пераадольвалі гэтыя кіламетры. Праблемнымі былі вясновыя і восеньскія бездарожжы. Дарога ператваралася ў балота, і ў ім не раз Галініна аўто захрасала. Прыходзілася калгасную тэхніку на падмогу прысылаць.

— Званю ў дыспетчарскую, кажу: я на вашай тэрыторыі загразла, прыязджайце, выцягвайце, — успамінае вадзіцель-паштальён.

Затое цяпер сітуацыя значна лепшая. Па-першае, дарогі часцей рамантуюць, па-другое, і гэта самае важнае, — старыя «Жыгулі» змяніла новая «Ніва». Ходзіць яна больш спрытна і гразі не так баіцца. На ёй Галіна заўсёды даедзе да свайго адрасата.

— Ці адчуваеце небяспеку ў паездцы? — пытаюся.

— Сумненні заўсёды ёсць, азіраюся па баках, бо і грошы вязу, і прадукты.

Галіна прызнаецца — паўплывала яшчэ і страшная трагедыя з жанчынай-паштальёнам. Калі раней заходзіла ў дом упэўнена, то цяпер больш асцярожна. Але сумненні паціху развейваюцца, бо Галіну Іванаўну ведаюць і паважаюць. Яна ў вёсачцы і паштальён, і прадавец. Можа і заказ выканаць, і аплату за камунальныя паслугі прыняць. Усе клопаты па аплаце бярэ на сябе, хоць была б рада зрабіць гэта на месцы і адразу выдаць квіток. Але пакуль такі сэрвіс тэхнічна немагчымы.

А зараз яшчэ і падпісная кампанія пачалася. Галіна Іванаўна да сваіх падпісчыкаў падыходзіць, што называецца, дыферэнцыравана, расказвае, якія выданні могуць зацікавіць таго ці іншага жыхара. Яна абавязкова прагледзіць прэсу і можа падзяліцца падзеямі, якія не трапілі ў тэленавіны. Кажа, што такім чынам заахвочвае вяскоўцаў выпісаць газету.

— Людзі выпісваюць... Адна пенсіянерка расказала, нібыта яе суседка заўважыла: маўляў, выпісала газету, бо баіцца, што ёй прадукты не прывязуць... Смешна, дый годзе. Жыхарам вёсак патрэбна прэса, бо інтэрнэт мала дзе ёсць, толькі тэлевізар, а многія прывыклі і газету ці часопіс пачытаць...

Сярод падпісчыкаў Галіны Жук ёсць і чытачы «Звязды». Яна заўважыла, што газета падабаецца вяскоўцам. І за родную мову, і за жыццёвыя тэмы. І гісторыі ад чытачоў таксама даспадобы.

Нашу сустрэчу раптам перарваў тэлефонны званок. Аказалася, муж хвалюецца, ці хутка Галіна будзе дома.

— Ледзьве прывык да маіх раз'ездаў. Нават не рады быў, што вадзіцельскія правы маю, — расказвае жанчына. — Можа і пяць разоў за гадзіну патэлефанаваць, калі своечасова не вяртаюся. Я не супраць, што мы з роднымі пастаянна на сувязі. Прыемна, калі пра цябе клапоцяцца, ды і ў дарозе ці мала што можа здарыцца...

Галіна паабяцала мужу, што хутка будзе дома. Па ўсім было відаць — у яе добры настрой. Яна вярталася з Гродна, дзе праходзіў рэспубліканскі семінар па абмене вопытам. Жанчыне таксама было што расказаць яго ўдзельнікам, падзяліцца сваім вопытам работы, а ён у вадзіцеля-паштальёна багаты. Галіна Жук — адна з лепшых у сваёй справе, якую яна, дарэчы, вельмі любіць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Ніва» супраць бездарожжа

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.