Вы тут

Са смакам паэзіі


Прызнавацца ў любові да паэтычнага слова могуць як асобныя людзі, так і суполкі аднадумцаў ці нават прамысловыя прадпрыемствы, як гэта адбываецца ў Бярозе: мясцовы сыраробны камбінат чатыры гады таму заснаваў свой фестываль. Ідэя аказалася настолькі натхняльнай, што міжнародны літаратурна-музычны фестываль «Славянскі вянок» ужо вырас у свята для ўсяго раёна — выйшаў за межы прадпрыемства і сёлета ладзіўся ў новым Палацы культуры, які горад атрымаў летась.


Будзем сябраваць фестывалямі: Сяргей Главюк (Расія) атрымлівае дыплом з рук першага намесніка дырэктара Бярозаўскага сыраробнага камбіната Ірыны Цюшкевіч.

Вялікая сцэна, вялікая зала — як і належыць фестывалю з міжнародным статусам. А сёлета ў Бярозе гучалі словы на дзевяці славянскіх мовах. Цяжка ўявіць, што пачыналася ўсё з літаратурна-музычных сустрэч на камбінаце, дзе збіраліся творцы ў асноўным з Расіі і Беларусі. Але ўраджэнец раёна паэт Алесь Разанаў, які выдатна памятае, як прагучала літаратурная Бярозаўшчына ў 1960-я гады на ўсю Беларусь (тут з’явілася кагорта творцаў), прапанаваў запрасіць удзельнікаў з іншых славянскіх краін.

І яны прыехалі: з Украіны і Польшчы, Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Чэхіі, Славакіі. Усе госці пачулі вітанне ад арганізатараў на роднай для іх мове. Нават калі часам падавалася, што розніца ці не ў гучанні ўсяго адной літары, прысутныя адчулі тую самую непаўторнасць мовы, за якой — адметная культура. Гэтую адметнасць імкнуліся падкрэсліць, калі, напрыклад, знаёмілі з гісторыяй сваёй краіны ці наогул раскрывалі сутнасныя з’явы для ўсіх славян: асветную ролю братоў Кірыла ды Мяфодзія асабліва адзначыў пісьменнік, доктар філасофіі Марын Ткач са Славакіі, але прадстаўнікі Балгарыі тут жа паспяшаліся нагадаць пра сапраўднае паходжанне святых. «Нашых?» — перапытала ў бацькі дзяўчынка, што сядзела побач. Але блізкім людзям няма чаго дзяліць і нескладана паразумецца.

Вядучыя гала-канцэрта ў прадстаўленні ўдзельнікаў выкарыстоўвалі чатыры мовы. Ды ў Бярозе разумеюць украінскую (Палессе!), польскую (гістарычна), няма праблем, каб адгукнуцца на гучанне іншых моў, блізкіх роднай, беларускай. І нават удзельнікі мастацкай самадзейнасці Бярозаўскага сыраробнага камбіната самі з задавальненнем спявалі па-ўкраінску і па-польску. А капэла «Падляка» з Польшчы расчулілася спевамі па-беларуску. Але як не зразумець, калі паэт Хенрык Камінскі чытае вершы па-польску пра любоў да маці? Наогул, пераклад у гэты дзень (гала-канцэрт доўжыўся амаль шэсць гадзін!) рэдка калі быў патрэбны.

Гасцей гэта асабліва ўзрушыла. Ондрэй Мражэк з Чэхіі хацеў паказаць праз свае вершы Прагу, Аксана Стоміна — сваю Украіну, якую любіць. Любіць яе мірнай і кемлівай, з адэскім гумарам і поглядам на рэчы, як у адным з вершаў. Паэтка, што піша па-руску, на пачатку імпрэзы прызналася: вырашае, што чытаць, па настроі залы. Таму напрыканцы свайго выступу шчыра спытала: «Ці можна ўнесці крыху смутку?» — «Так», — адгукнулася зала, разумеючы: ёсць тое, што немагчыма абмінуць, як у вершы пра прываенныя гарады. І ёсць тое, што немагчыма ігнараваць: разумееш сябе часткай народа, які можа мець і карыстацца дзвюма мовамі, як Аляксей Чупа з Украіны, але Бог у яго вершах гаворыць на роднай яму мове. А яго зямлячка Алена Альшанска чытала радкі, напоўненыя энергіяй і жыццёвай сілай: пра сваё, чалавечае.

Гэта тое, што выходзіць за межы краін. Гэта тое, што існуе ў сваім рытме, у адпаведнасці з часам. Таму не спатрэбілася тлумачыць слухачам сэнс верша «СМС» маладога паэта з Сербіі Неманэ Стойкавіча. А якая мама ў зале не прамаўляла разам з нашай паэткай Настай Кудасавай словы калыханак, адрасаваных сыночку і дачушцы? І так натуральна ішлі гэтыя словы, нібыта ўсё жыццё іх ведаў, — вось чараўніцтва матчынай мовы. Сваё нам бліжэй — даказалі і слухачы, аддаўшы прыз глядацкіх сімпатый паэту і барду Эдуарду Акуліну. Воплескі заслужыў Георгій Ліхтаровіч: прапанаваў вярнуць гістарычную назву гораду. Наш зямляк Алесь Кажадуб — цяпер прадстаўнік Расіі на фестывалі. Хто сказаў, што празаік не павінен любіць паэзію? Асабліва калі гэта радкі Уладзіміра Караткевіча «На Беларусі Бог жыве…»

Жыве і дзейнічае праз людзей. Для яго няма гарадоў вялікіх і маленькіх, людзей вялікіх і маленькіх. Няма падзелу на натур паэтычных і прамысловых: адно другому не перашкаджае, а дапамагае, нават у справах гаспадарчых. Бо, на думку заснавальнікаў фестывалю, маркетынгавы эфект вымяраецца не эканамічнымі катэгорыямі, а чалавечымі ўзаемаадносінамі: «Мы стараемся вырабляць натуральны якасны прадукт. Ці можа ён быць далёкі ад паэзіі і культуры?..»

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама Аляксандр Крагель адзначыў: «Гэтым фестывалем мы ствараем пляцоўку, каб нашы паэты маглі пачытаць свае вершы». Адна з удзельніц Маргарыта Гаравая вядомая па працы ў раённай газеце, дзе ёсць літаратурная старонка «Крыніца». Маладая паэтка Алена Казловіч-Усцілоўская прадэманстравала здольнасць пісаць вершы не толькі па-беларуску, але і па-польску.

— Фестываль — гэта сучасная форма арганізацыі літаратурнага працэсу, — адзначыў Сяргей Главюк, прадстаўнік Расіі. — У савецкія часы магутныя Саюзы пісьменнікаў існавалі нібыта асобныя міністэрствы. Але цяпер сітуацыя змянілася, і саюзы ўжо не маюць такога ўплыву на культурны працэс. Фестывалі даюць магчымасць захаваць перакладчыцкія школы, узбагачаюць кантактамі, спрыяюць развіццю. Я патрапіў на фестываль гадоў 30 таму, з тых часоў узнікла ідэя, дзякуючы якой я выдаў у Расіі 10-томнік Анталогіі славянскай паэзіі. А 10 гадоў таму самому ўдалося арганізаваць фестываль «Пісьмёны, якія спяваюць» у Цвяры (адкуль выцякаюць 3 вялікія славянскія ракі Волга, Днепр, Заходняя Дзвіна). У нас заўсёды прадстаўнічая беларуская дэлегацыя. Першую ўзнагароду для Беларусі летась заваяваў Алесь Разанаў. Лаўрэату мы выдаём кнігу, і яна ўжо з’явілася на дзвюх мовах. Таму добрым працягам «Славянскага вянка» была б свая кніжная серыя.

Сяргей Главюк прапанаваў наладзіць трывалыя кантакты паміж двума славянскімі паэтычнымі фестывалямі. І быў у гэтым жаданні не адзіны: паэт і канцэптуальны мастак Мітка Гогаў ладзіць фестываль у Струміцэ і налета мяркуе запрасіць туды паэта з Беларусі. Паэт з Македоніі падсумаваў канцэптуальна паславянску: «Няхай жыве кірыліца!». Ва ўсёй яе шматаблічнасці…

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».