Вы тут

Таямніцы «Апостала» і «Малой падарожнай кніжкі»


24 — 25 мая ў Полацку адбылася чацвёртая канферэнцыя «Беркаўскія чытанні». Канферэнцыя ладзіцца ў гонар кнігазнаўца і філолага Паўла Мікалаевіча Беркава, чыя кніжная калекцыя захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Навуковы форум (раз на два гады) мае і спецыяльную тэму. Сёлета чытанні былі прысвечаныя праблеме кніжнай культуры ў кантэксце міжнародных кантактаў, а асаблівую ўвагу надалі самай важнай для кнігазнаўцаў даце — 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.


Сярод удзельнікаў канферэнцыі (у першым шэрагу, злева направа): Аляксандр Груша (дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі), Сігітас Нарбутас (дырэктар Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук), Марыя Ермалаева (намеснік дырэктара навуковага і выдавецкага цэнтра «Навука» Расійскай акадэміі навук).

Кожны год арганізатары Беркаўскіх чытанняў выбіраюць новае месца для навуковага форуму. Нядзіўна, што сёлета аддалі перавагу радзіме першадрукара Францыска Скарыны. Канферэнцыю прымаў Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, які не толькі падрыхтаваў памяшканні для пасяджэнняў, але і арганізаваў для паўсотні гасцей-навукоўцаў багатую культурную праграму: экскурсіі па музеях і цэрквах ды арганны канцэрт у Сафійскім саборы.

Паўдзельнічаць у канферэнцыі выказалі жаданне больш за 140 чалавек («паслядоўнікаў Скарыны», як адзначыла ў сваім слове прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ларыса Доўнар) з Балгарыі, Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Чэхіі і нават Францыі. Каля паловы ўдзельнікаў прыехалі ў Полацк, каб прадставіць свае даклады (дарэчы, два зборнікі дакладаў былі надрукаваныя да пачатку канферэнцыі, і з імі ўжо можна азнаёміцца ў бібліятэках). Тэмы выступаў разнастайныя: ад лёсу старадаўніх рукапісаў да перспектыў электронных бібліятэк.

Ключавой падзеяй канферэнцыі стаў міжнародны семінар «Францыск Скарына — асоба, дзейнасць, спадчына, сучасныя вобразы». Вядучыя кнігазнаўцы Усходняй Еўропы прадставілі сваё бачанне недаследаваных, таямнічых і спрэчных аспектаў біяграфіі беларускага першадрукара. У прыватнасці, адзін з гаспадароў канферэнцыі, дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Аляксандр Груша паразважаў на тэму таго, што даў і чаму навучыў Францыска Скарыну Полацк. Скарына ганарыўся і ўсяляк падкрэсліваў сваё паходжанне, сцвярджае Груша. (Дарэчы, нядаўна расійскі гісторык Сяргей Палехаў знайшоў у дакументах аднаго з продкаў першадрукара — полацкага купца Грыдзька, які жыў у сярэдзіне ХV стагоддзя.) Скарына цаніў Полацк, і нядзіўна: усе свае веды да 20 гадоў Скарына атрымаў у Полацку; ён пакінуў родны горад ужо сфарміраваным чалавекам, маючы, прынамсі, 22 — 25 гадоў. Сярод іншага, сцвярджае Груша, Полацк навучыў Скарыну мабільнасці — і ў выніку друкар лёгка адаптаваўся да чужога асяроддзя. Гарадское асяроддзе навучыла нашага першадрукара прадпрымальнасці — не так у плане матэрыяльным, як у сэнсе набыцця адукацыйнага і творчага капіталу. А самае важнае (рыса чалавека новага часу!) — Скарына навучыўся ў Полацку лаяльнасці да чужой культуры: яго родны горад быў зонай кантакту з заходняй цывілізацыяй: палачане часта кантактавалі з рыжанамі, многае пераймалі ў іх. Скарына не баяўся рызыкаваць і меў смеласць да навацый. І яшчэ адно: Полацк выхаваў у Францыску дэмакратызм — разуменне важнасці гарманічнага суіснавання ўсіх саслоўяў і далучэнне ўсіх да прыняцця істотных для горада рашэнняў.

Уразіў прысутных і наступны выступовец — дырэктар бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук Сігітас Нарбутас. Ён прапанаваў экскурс у кніжны рэпертуар Вялікага Княства часоў Скарыны і разгледзеў 53 кнігі, падрыхтаваныя ўраджэнцамі ВКЛ. Францыск Скарына — славянскі першадрукар, але не варта забываць, што ягоныя суграмадзяне таксама публікавалі кнігі, хоць і не на радзіме, а ў друкарнях Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Большасць гэтых кніг — рэлігійныя, найперш Біблія — Стары Запавет. На другім месцы сярод тэматычных блокаў — кнігі па паэзіі, рыторыцы, мастацтве. Нарбутас паказаў, што культурныя ўплывы прыходзілі ў Вільню часоў Скарыны не толькі з Польшчы, з Кракава, але і з Прагі, і з Кёнігсберга.

Калега і жонка Сігітаса Нарбутаса Дайва Нарбутэна прадставіла на круглы стол даклад пра паслядоўнікаў Скарыны. Яна адзначыла, што пасля Скарыны ў ВКЛ было выдадзена яшчэ 500 назваў кніг, большасць з якіх на латыні; больш за 200 — па-польску; кірыліцай — больш за 60 назваў; па 30 кніг — на нямецкай і літоўскай мовах, і нават па адной кнізе — на грэчаскай, італьянскай, латышскай, шведскай і эстонскай мовах. Скарына, з аднаго боку, паспрыяў разнастайнасці ў мове друкаванай кнігі, з другога — паказаў, што Біблія можа быць надрукавана на мове мясцовага народа, што не вязалася з агульнаеўрапейскай тэндэнцыяй — пашырэннем друку па-лацінску.

Яшчэ адна прадстаўніца Літоўскай дэлегацыі — Алма Бразюнэнэ —прадставіла незвычайнае даследаванне: параўнала Скарынаў «Апостал» з іншымі кнігамі, што выйшлі ў Еўропе ў тым жа 1525 годзе. Выявілася, што такіх «аднагодкаў» ажно 1356. Каб звузіць поле крыніц, даследчыца абмежавалася выданнямі з бібліятэк Літвы, такіх выявілася 39. З высноў і адкрыццяў можна назваць, напрыклад, тое, што толькі 5% разгледжаных кніг былі надрукаваныя ў два колеры — так, як «Апостал» Скарыны. Што да багацця афармлення, то арнаментыка прысутная ў большасці кніг, аднак Скарынаў «Апостал» — абсалютны лідар па колькасці элементаў арнаментыкі — 288 віньетак! Таксама даклад А. Бразюнэнэ абвяргае ідэю, што малы фармат «Апостала» сведчыць пра прызначэнне кнігі для хатняга чытання. Выявілася, што гэта была хутчэй даніна модзе: у такім фармаце надрукаваныя большасць кніг 1525 года. Такі фармат сведчыў пра дэмакратызацыю кнігі і развіццё кніжнай справы.

Пра фармат і прызначэнне Скарынавай «Малой падарожнай кніжкі» (1522 года) паразважаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, культуролаг Алесь Суша. Бадай усе чулі назву гэтай кнігі, але мала хто можа яе расшыфраваць. А пад назвай хаваецца звычайны Псалтыр — адна з кніг Бібліі, — аднак дапоўнены Часасловам (паслядоўнасцю дзённых службаў) і іншымі рэлігійнымі творамі. «Малая падарожная кніжка» друкавалася для выкарыстання ў пачатковых школах і для прыватнага чытання. Фармат кнігі ў два разы меншы, чым фармат пражскіх выданняў, хоць дошкі і шрыфты выкарыстаныя старыя, прывезеныя з Прагі. Таксама Суша выявіў і правобраз, кнігу, якая зрабіла найбольшы ўплыў на Скарыну-выдаўца «Кніжкі», — венецыянскі «Зборнік для падарожнікаў» 1520 года. І нарэшце — таямніца: не захавалася ніводнага цэлага асобніка «Малой падарожнай кніжкі»: пад 23 пераплётамі прадстаўленыя розныя па саставе зборнікі, і кожны ўнікальны.

На канферэнцыю завітала шмат расійскіх і ўкраінскіх даследчыкаў. Прычым паралельна з Беркаўскімі чытаннямі ў Кіеве адбываўся круглы стол, прысвечаны 500-годдзю Скарынавага першадруку. Наталля Бондар, кіраўніца аддзела Інстытута кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадскага, звярнула ўвагу на ўкраінскіх чытачоў Скарыны і расказала пра два канвалюты (зборнікі) кніг Скарыны, якія зберагаюцца ў бібліятэцы імя Вярнадскага (усе ахвотныя могуць паглядзець кнігі ў адсканаваным выглядзе на сайце ўстановы). Пра «свае» экзэмпляры расказала і Джаміля Рамазанава, загадчыца Музея кнігі Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Рамазанава выявіла асобнік Астрожскай Бібліі 1581 года, у які невядомы чытач уплёў рукапісныя аркушы, перапісаныя з Бібліі Скарыны. Прычым дапіскі напісаныя на той жа паперы, на якой надрукавана Біблія, то бок зроблены былі ў той самы час. Далейшага даследавання патрабуе папера Скарынавых кніг, адзначыла спецыяліст па філігранях Наталля Бондар: ранейшыя сцверджанні, нібы Скарына друкаваўся на кепскай, таннай паперы, не вытрымліваюць крытыкі — насамрэч папера Скарыны не адрозніваецца ад паперы іншых тагачасных выданняў. Па вадзяных знаках мы можам зразумець, адкуль Скарына пастаўляў паперу, выбудаваць новыя ланцужкі яго камунікацыі.

Ва Украіне кнігі Скарыны захоўваюцца ў музеях Кіева, Львова, Адэсы, Ужгарада. Прычым сярод экзэмпляраў ёсць і друкаваныя выданні, і рукапісныя кнігі, якія ніколі не былі надрукаваныя. Апошні факт прывёў да з’яўлення версій пра тое, што нейкі перыяд жыцця Скарына мог правесці на тэрыторыі сучаснай Украіны: у Львове ці Крамянцы.

На круглым стале многа гаварылі не толькі пра самога Скарыну і яго дзейнасць, але і пра даследчыкаў-скарыназнаўцаў. Загадчык аддзела расійскага Цэнтра даследаванняў кніжнай культуры Дзмітрый Бакун адзначыў, што Скарына за некалькі стагоддзяў пераўтварыўся з не вельмі заўважнай фігуры ў выбітнага дзеяча, які вызначыў лёс культуры Беларусі на некалькі стагоддзяў наперад. А скарыніяна як навуковая дысцыпліна налета будзе адзначаць сваё 130-годдзе: даследаванні пачаліся з манаграфіі прафесара Кіеўскага ўніверсітэта Пятра Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова». Манаграфія патрабуе перавыдання з сучаснымі каментарамі, а лёс першага даследчыка чакае асобнага вывучэння — нават дата яго смерці пакуль што невядомая. З Уладзімірава пачалося «трыумфальнае шэсце» вобраза Скарыны ў навуковай і папулярнай літаратуры даследчыкаў з Усходняй Еўропы. Таксама можна ўзгадаць пра гучнае святкаванне 400-годдззя беларускага кнігадруку ў Заходняй Беларусі і юбілейны БССРаўскі зборнік «Чатырохсотлецце беларускага друку» (датай адліку служыла выданне «Апостала» ў 1525 годзе). Зацішша ў скарыназнаўстве перарвалася бумам 1980 — 90-х гадоў, калі свае культавыя працы выдалі Георгій Галенчанка, Яўген Неміроўскі, Аляксей Каўка, Уладзімір Конан, Юрый Лабынцаў ды іншыя. На круглым стале прагучала прапанова стварыць гістарыяграфічны зборнік накшталт «Яны пісалі пра Скарыну», а таксама адпаведны біябібліяграфічны слоўнік — неабходнасць наспела.

Традыцыйна канферэнцыю арганізоўваюць дзве ўстановы — Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі і Цэнтр даследаванняў кніжнай культуры навуковага і выдавецкага цэнтра «Навука» Расійскай акадэміі навук. Але сёлета да арганізацыі далучыліся літоўскія кнігазнаўцы з бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук. Літоўская бібліятэка прывезла ў Полацк сваю выстаўку «“Бібліі рускай” Францыска Скарыны — 500 гадоў». Экспазіцыя складаецца з дзевяці стэндаў з унікальнай візуальнай і тэкставай інфармацыяй: пісьменнасць у Вялікім Княстве даскарынавых часоў, асаблівасці біяграфіі і кніг Скарыны, памяць пра Скарыну ў Беларусі, Літве, Чэхіі ў наш час... Рэчавых крыніц на выстаўцы няма, аднак выявы і тэксты самі па сабе ўжо вельмі цікавыя. Напрыклад, можна пабачыць месцы, дзе жыў і працаваў Скарына. Можна параўнаць, якімі сродкамі і праз якія вобразы ўвасабляецца памяць пра Скарыну ў краінах Еўропы... Няма патрэбы доўга расказваць: у хуткім часе выстаўку абяцаюць паказаць у Мінску.

Паліна СКУРКО

Фота прадастаўлена Цэнтральнай навуковай бібліятэкай НАН Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.