Вы тут

Моцарт у беларускай літаратуры


Сёлета пабачыла свет кніга «Выбраныя творы» Рыгора Семашкевіча, якая сталася 89-м томам кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор». Укладальнік выдання — Наталля Семашкевіч, удава пісьменніка. Лёс Рыгора Міхайлавіча трагічна абарваўся ўлетку 1982 года, на трыццаць сёмым годзе жыцця, на ўздыме таленту. А талент вызначаўся шырынёй і шматграннасцю: творца паспеў праявіцца і як паэт, і як празаік, і як літаратуразнаўца, і як крытык-эсэіст. Усе пералічаныя жанры, у якіх працаваў аўтар, прадстаўлены ў «Выбраных творах».


Рыгор Семашкевіч, 1964 г

Вытанчанасць радка

Вершы, што ўвайшлі ў раздзел «Паэзія», былі напісаныя з 1961 па 1974 год. А першая публікацыя з’явілася ў 1960-м, калі паэту-пачаткоўцу было ўсяго чатырнаццаць. Агульная рыса творцаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў шасцідзясятых, — смеласць і разняволенасць, і Р. Семашкевіч не выключэнне. Сёння можна толькі захапляцца тым, з якой іроніяй, дакладнасцю і яснасцю ён сфармуляваў асноўную праблему айчыннай літаратуры (верш «Аўтабіяграфія», 1968 г.):

 Стаў студэнтам, хадзіў хоць калі на лекцыі.

Слухаў такое: «У цэнтры творчасці класіка эн,

У яго геніяльных паэмах і вершах стаіць мужык”.

Пяць год у цэнтры стаяў і стаяў той мужык.

Хоць бы прысеў ці прылёг.

Хаця іронія — неад’емная рыса творчасці Семашкевіча, у паэзіі яна не галоўная. Творца не імкнуўся да яе, наадварот, яна — ад шырыні яго жыццёвага досведу, кругагляду, як «пабочны прадукт» дзейнасці. Яна не замінае яму быць сур’ёзным і сталым з юнацтва.

Вось як паэт вызначае сваё крэда:

Як запаветнае ў душы нясу

І шчасце свету, і ўсю бездань болю,

І матчыну гарачую слязу,

І ціхі шэпт параненай таполі.

Ніколі мне ад тых трывог і бед

Не уцячы, нідзе мне не падзецца.

На сто часцін расколваецца свет,

А трэшчыны усе ідуць праз сэрца.

(1964)

Гавораць, што шчасце — гэта не канцавы прыпынак, куды кожны імкнецца, а шлях, пераадоленне. Тое, што знаходзіцца не вонкі, далёка ці блізка, а ўсярэдзіне, у душы, і не залежыць ад знешніх абставін. Праўда, разумееш гэта звычайна толькі ў сталасці. Але для пасляваенных дзяцей сталасць пачалася рана. Наступныя радкі, якія паэт напісаў у васямнаццаць-дзевятнаццаць гадоў, свецяцца адчуваннем шчасця і жыццёвай мудрасцю:

Спяць дарогі, вербы ля ракі.

Я не сплю. І ціхі сум і змора.

Хай бы ў сад залезлі хлапчукі,

Абтраслі і яблыкі і зоры.

Хай бы кожны тут мурог таптаў,

Страх свой пасылаючы да д’ябла.

Я ж бы і сабаку патрымаў —

 Свету не шкада ім, што там яблык.

(1963)

Р. Семашкевіч — надзвычай тонкі лірык. Рамантык, але не таму, што бачыць усё ў ружовым святле. Ён не проста верыць у лепшае, але гатовы прысвяціць сябе служэнню (і яго жыццё таму прыкладам), каб у бітве паміж цемрай і святлом перамагло святло:

Беларусь, мая маці!

Ты будзеш, адзіная, жыць!

(Верш «Апошняя ноч Каліноўскага», 1967)

Нездарма Рыгора Семашкевіча параўноўваюць з Моцартам. Ад вачэй чытача схавана напружаная чарнавая праца, відаць толькі віртуознасць, вытанчанасць, лёгкасць у падачы думкі. Вось прыклад таго, як аўтар сціплымі сродкамі стварае яркі праўдзівы вобраз:

Якія дакоры

Бываюць у гора?

Імжыць праз гады сіратлівы пагляд.

На ўсю Беларусь мільён пракурораў

І толькі адзін, толькі ён адвакат.

(Верш «Францішак Багушэвіч», 1967)

Важкія кроплі сэнсу

 Проза прадстаўлена ў выданні аўтабіяграфічнымі аповесцямі: «Лічыла дні зязюля…», «Бацька ў калаўроце», «Ясень», а таксама эсэ «Світка Буйніцкага». Першая, напісаная ў 1966 — 1967 гадах, апавядае пра настаўніцкі досвед аўтара, калі ён пасля сканчэння філфака БДУ, у 1966-м, настаўнічаў на вёсцы. У гэтым творы выявіліся характэрныя для ўсёй наступнай прозы пісьменніка рысы: дасціпнасць, гумар, назіральнасць, любоў да людзей, дзяцей, сваёй працы; сакавітая, жывая, вобразная мова. Распавядаецца пра вясковае жыццё, але зусім не нудна: і парашуты, і ловы хлопца, які не хадзіў у школу, і табліца дзеясловаў, і зязюля, і злосны любоўны жарт — усё на сваім месцы і да месца. Развагі аўтара раскіданыя, як кроплі — там-сям, вельмі дазіравана, — і не выклікаюць жадання хутчэй перагарнуць старонку. Ёсць нечаканыя знаходкі і параўнанні: «За акном здрадліва ціхая, як дзіця ў сне, восень»; смешныя сцэны з жыцця звычайных вяскоўцаў; разуменне маладым пісьменнікам асабістай адказнасці за лёс сваіх суайчыннікаў і занепакоенасць будучыняй вёскі (на момант заканчэння аповесці аўтару было дваццаць два гады). А таксама своеасаблівая філасофія: «У небе, роўна над сваёй галавой, злавіў позіркам, хоць не адразу, коўш Мядзведзіцы. Сем зорак. Агністая спайка. У маленстве гэты коўш повен таямнічых казак і легенд. Цяпер гэтыя зоркі здаліся падобнымі больш на пытальнік, чым на коўш. Цікава. Вечны пытальнік над зямлёй».

Аповесць «Бацька ў калаўроце» (1972 — 1974 гг.) лічыцца ўзорам гумарыстычнай прозы (у адным шэрагу з «Запіскамі Самсона Самасуя» А. Мрыя). Аўтар распавядае пра перыяд уласнага жыцця, калі ён быў аспірантам філфака БДУ і жыў ва ўніверсітэцкім інтэрнаце. Як не раз адзначалі сябры пісьменніка, усе персанажы твора, у тым ліку і галоўны герой Бацька, мелі сваіх прататыпаў. Хаця для мастацкай літаратуры істотна іншае: усе вобразы вельмі тыповыя: ад шараговага супрацоўніка кафедры падхаліма Цвыркуна да паэта альбо вясковага музыканта-баяніста Міхалкі (якія абмаляваны ўсяго некалькімі «мазкамі», але вельмі ярка і характэрна).

 Жыццёвая мудрасць і назіральнасць у аповесці спалучаюцца з трапнай іроніяй і досціпам. Вось як разважае хутаранін, паэт-самавук Мацей Бубен: «Толку з іх, з грошай. …Грошы здабываюцца скарэй, чым чалавек перарабляецца на лепшае. Ва ўсіх тэлевізары, машыны, што транты мыюць, равары, мацыклеты (менавіта так напісана ў тэксце. — Т. Б.-Б.), а спытай у другога — адкуль усё гэта? — не скажа, бо не ведае. Ды і ці паразумнеў ён ад гэтага тэлевізара? Глядзіць, як баран, — і ўсё. А ўжо што п’янства, распуста пайшла… Па праўдзе сказаць, мужык любое гора выцерпіць, а дастатак яму цяжка пераносіць».

Няскончаная аповесць «Ясень» (1980 — 1982 гг.) — твор, над якім аўтар працаваў у апошнія гады. Стылістычна яна адрозніваецца ад дзвюх папярэдніх: няма ўжо маладога непрыхаванага аптымізму, запалу, гарэзлівасці. Энергетыка тэксту (не літаратуразнаўчы тэрмін, але мы ўкладаем у гэта паняцце эмацыйнае ўздзеянне на чытача — тое, як тэкст чытаецца і ўспрымаецца. — Т. Б.-Б.) не такая лёгкая, як у ранейшай прозе, — больш «густая» і важкая. Ясень як сімвал самага дарагога і страчанага; сімвал бесклапотнага дзяцінства. Дрэва расло за сценкай вясковай хаты, дзе жыў хлопчык, але служба зелянтрэста выкупіла дрэва, і яго перавезлі ў горад... Гэта аповесць пра сталенне. Галоўны герой Сяргей, ужо дарослы, раз-пораз вяртаецца ў дзяцінства і перажывае яго наноў. Апошняя сцэна, апісаная ў творы, — сцэна пахавання. «Паклон табе, трава, паклон, бо як ні носімся з сабою — усе мы ляжам пад табою...» — разважае аўтар напрыканцы. «Ранняя ноч… Дажджавеюць і кіпяць маладыя яблынькі за акном…» — заключныя, недапісаныя радкі. Што паспеў пабачыць творца ў сваю апошнюю ноч на 11 чэрвеня? Якімі дарогамі, праз якія яшчэ разлукі меўся правесці свайго Сяргея?

Грані таленту

Семашкевіч-даследчык і Семашкевічжурналіст былі не менш таленавітымі, чым Семашкевіч-пісьменнік. У выданне ўвайшло эсэ «Світка Буйніцкага», дзе распавядаецца пра сустрэчу аўтара з Іванам Голерам, акцёрам з трупы Ігната Буйніцкага, заснавальніка беларускага прафесійнага тэатра; пра пошукі магілы Алеся Бурбіса, які выступаў побач з Цёткай на самадзейных сцэнах перад простым народам па беларускіх вёсках.

У літаратуразнаўчым артыкуле «Не згаснуць зоркі ў небе» разглядаецца дзейнасць Янкі Купалы ў «Нашай ніве» спачатку ў якасці супрацоўніка рэдакцыі, а потым на пасадзе галоўнага рэдактара; па матэрыялах (і ў тым ліку вершах Купалы), што друкаваліся ў выданні, аналізуецца тагачасная грамадска-палітычная атмасфера.

Грунтоўная праца «Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.)» — першая кандыдацкая, абароненая ў нас па адпаведнай тэме. Яна вымагала ад даследчыка пэўнай смеласці, бо ў тыя падцэнзурныя часы лічылася небяспечнай. Тут праявіўся талент Р. Семашкевіча і як навукоўца: яго скрупулёзнасць, дапытлівасць, інтуіцыя і логіка. Аўтар прааналізаваў дзейнасць суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца», гуртка беларусаўнародавольцаў «Гоман», «Беларускага літаратурна-навуковага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта»; паказаў ролю ў справе беларускага адраджэння Браніслава ЭпімахШыпілы, Адама Гурыновіча, Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы.

Рыгор Семашкевіч зацікавіўся гісторыяй айчыннай літаратуры, калі яшчэ вучыўся ў школе. Як згадвае яго сябар, пісьменнік Алесь Жук у прадмове да кнігі, у Маладзечанскай бібліятэцы юны Семашкевіч пазнаёміўся з Міколам Ермаловічам. Знаёмства са знакамітым даследчыкам спрыяла абуджэнню яшчэ большай цікавасці школьніка да гісторыі — ён пачаў збіраць па вёсках старыя заходнебеларускія выданні.

Як крытык Р. Семашкевіч звярнуў пільную ўвагу на творчасць Р. Барадуліна («Ганчарны круг паэта», 1980 — 1981), адчуваючы з ім духоўную блізкасць. Нягледзячы на тое, што Р. Барадулін быў тады ўжо знакамітым, Р. Семашкевіч заўважыў і пэўныя недахопы ў яго вершах. Крытык сачыў і за творчасцю Я. Янішчыц («Выпрабаванне любоўю», 1978) і Н. Мацяш («Адчуванне шляху», 1980). Творы іх прайшлі выпрабаванне часам і сёння названыя паэтэсы — адны з самых вядомых сярод сучасных беларускіх пісьменнікаў, што сведчыць пра выключны літаратурны густ і чуццё Семашкевіча-крытыка. Яго працы паўплывалі на развіццё сучаснай крытыкі і літаратуразнаўства — яны лічацца хрэстаматыйнымі. Іх цікава чытаць, бо ў тэксце няма месца для акадэмічнай нуды, усё коратка і ясна, па справе; здзіўляе вастрыня і адточанасць думкі.

Рыгор Семашкевіч быў адораным пісьменнікам, даследчыкам, крытыкам. Застаецца толькі ўяўляць, як мог бы расквітнець яго талент, калі б пражыў больш.

***

 …Стараўся не плакаць на ветры і на марозе,

Нідзе не плакаць,

Але прызнаюся: праз гэта ў сэрцы

Некалі знойдуць не золата, не серабро…

Толькі якое шчасце — змайструем плыт і паплывём па Віллі.

А плыт калыша. Ляжы і слухай

Дыханне ракі і дыханне друга.

Так пісаў Рыгор Семашкевіч у вершы «Аўтабіяграфія» ў 1968 годзе. Слухаючы гэтыя радкі паэта, можна сапраўды наблізіцца да разумення сваёй зямлі і саміх сябе.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ.

Фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт паўдзельнічаў у выбарах і адказаў на пытанні журналістаў

Прэзідэнт паўдзельнічаў у выбарах і адказаў на пытанні журналістаў

За каго аддаць свой голас, якога кандыдата лепей абраць у дзень выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў? 

Калейдаскоп

Як прайшоў фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне»

Як прайшоў фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне»

Беларусь на конкурсе прадставіць украінец ALEKSEEV.

Культура

«Бум культурных стартапаў стане новым вітком эканомікі»

«Бум культурных стартапаў стане новым вітком эканомікі»

Некалькі месяцаў таму адна з найпапулярнейшых сталічных вуліц Кастрычніцкая ўзбагацілася на яшчэ адно «тусовачнае» месца — «Ок16».

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Праславіў Някрасаў рускую жанчыну, на вякі праславіў!