Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра завяршэнне гандбольнага кваліфікацыйнага турніру чэмпіянату Еўропы — 2018, вяртанне Вікторыі Азаранкі ў сусветны тэнісны тур і вынікі валейбольнай Еўралігі, якую прыняў Мінск.


1. Гандбалісты мужчынскай нацыянальнай зборнай краіны занялі першае месца ў 2-й кваліфікацыйнай групе адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы — 2018. Заключны матч прайшоў напярэдадні ў сталічным палацы спорту «Уручча», дзе беларусы прымалі зборную Сербіі. Нягледзячы на перавагу, якой валодалі падапечныя Юрыя Шаўцова на працягу гэтага матча, сустрэча завяршылася ўнічыю — 27:27. Абодва сапернікі яшчэ да паядынку
забяспечылі сабе пуцёўкі ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў студзені ў Харватыі.

Фота: pressball.by

— Мы задаволены, што выйшлі на чэмпіянат Еўропы. Тое, што ўдалося зрабіць гэта з першага месца, — яшчэ больш ганарова, — адзначыў галоўны трэнер зборнай Юрый Шаўцоў. — Гэта заслуга не толькі гульцоў і трэнерскага штаба, але і ўсяго беларускага гандбола. Гэта агульны поспех. Што датычыцца гульні з сербамі, на яе было даволі цяжка матываваць хлопцаў. Галоўнае, што я сказаў, — нельга падманваць сваіх балельшчыкаў. Лічу, мы іх не падвялі. Моладзь асабліва рвалася ў бой, з-за гэтага дапускала некаторыя памылкі. Тым не менш нічыя прынесла нам першае месца ў групе.


2. Завяршыліся матчы 12-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Мінскае «Дынама» з цяжкасцю адолела футбалістаў «Іслачы» — 1:0. Лідар першынства салігорскі «Шахцёр» у Магілёве з такім жа вынікам абыграў мясцовы «Днепр». Барысаўскі БАТЭ ў Наваполацку разграміў футбалістаў «Нафтана» — 3:0. Гродзенскі «Нёман» на сваім полі ўзяў верх над «Мінскам» — 3:1, а «Віцебск» абыграў мазырскую «Славію» — 1:0. Тры сустрэчы завяршыліся ўнічыю: «Тарпеда-БелАЗ» і брэсцкае «Дынама» — 1:1, «Гарадзея» — «Гомель» — 0:0, «Крумкачы» — «Слуцк» — 1:1.

Становішча ў групе лідараў такое: «Шахцёр» — 29 ачкоў, БАТЭ — 26, «Дынама» (Мінск) — 25, «Слуцк» — 22, «Нёман» — 21.


3. Вікторыя Азаранка вяртаецца ў сусветны тэнісны тур. У першым раўндзе спаборніцтваў у іспанскай Мальёрцы (прызавы фонд — $250 тыс.) беларуска згуляе з японскай тэнісісткай Рысай Адзакі.

Нагадаем, пасля нараджэння сына ў снежні 2016 года Вікторыя Азаранка паведаміла, што мае намер вярнуцца на корт толькі ў пачатку 2018 года ў аўстралійскім Брысбене. Аднак потым яна паведамляла, што выступіць у канцы ліпеня 2017-га на турніры ў амерыканскім Стэнфардзе, а нядаўна вырашыла, што ўжо гатова гуляць у туры і выйдзе на корт у сярэдзіне чэрвеня ў Мальёрцы.


4. «Чыжоўка-Арэна» прыняла другі тур жаночай валейбольнай Еўралігі. Беларускія дзяўчаты ўдала стартавалі на дамашнім турніры, абыграўшы зборную Аўстрыі 3:0. Затым нашы валейбалісткі з такім жа лікам абыгралі Албанію, аднак у заключным матчы саступілі саперніцам з Фінляндыі — 0:3.

Адзначым, што зборная Беларусі выступіла на турніры без некалькіх ключавых гульцоў, а Еўраліга з'яўляецца асноўным этапам падрыхтоўкі да восеньскага чэмпіянату Еўропы, які пройдзе з 20 верасня па 1 кастрычніка ў Грузіі і Азербайджане. Наша зборная выступіць на гэтым турніры ў групе В. Матчы адбудуцца ў Тбілісі. Сапернікамі беларускай каманды стануць зборныя Італіі, Харватыі і Грузіі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Нічыя прынесла нам першае месца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».