Вы тут

Князь Давыд Гарадзенскі (? — 1326)


Давыд Гарадзенскі — легендарны герой вайны з Тэўтонскім ордэнам, абаронца ад крыжакоў Гародні, Наваградка і Пскова. Яго адзінага з усіх палкаводцаў часоў Віценя і Гедзіміна называюць нямецкія хронікі і рускія летапісы, а гэта значыць, што яго імя было шырока вядома ў тыя часы. Перамогі над крыжакамі праславілі Давыда. Ягоныя імклівыя паходы ў Прусію, Лівонію, Мазовію, Брандэнбург выклікалі сапраўдны жах перад беларускім палкаводцам, і не таму, што ягоныя ваяры неслі на сваіх мячах крывавую помсту за напады на іх Айчыну, а таму, што іх нельга было перамагчы нават найлепшым у Еўропе воінам — тэўтонскім рыцарам. І вялікі князь Віцень, а пасля яго наступнік Гедзімін пасылалі Давыда туды, дзе было асабліва цяжка, дзе патрабавалася не толькі мужнасць і геройства, а ягоны талент палкаводца.


Я. Кулік. Давыд Гарадзенскі.

Лічыцца, што Давыд Гарадзенскі быў сынам былога нальшанскага князя Даўмонта, які пасля забойства Міндоўга ў 1263 годзе збег у Пскоў, дзе яго абралі пскоўскім князем і хрысцілі пад імем Цімафей. За сваю дабрадзейнасць яго прылічылі да святых. Нягледзячы на гэта, маладога Давыда пскавічы не абралі сваім князем — пэўна, з-за маладосці. Ён вярнуўся на бацькоўскую радзіму, дзе і ўдзельнічаў у вайне з крыжакамі.

Упершыню імя Давыда Гарадзенскага сустракаецца ў «Хроніцы» Пятра з Дусбурга пад 1314 год, калі ордэнскае войска напала на Наваградак. Але Гарадзенскім Давыд відавочна зрабіўся раней. Пэўна, у 1306 годзе, калі крыжакі разбурылі гарадзенскія прадмесці і Віцень паслаў у Гародню «лепшых мужоў і многіх, выпрабаваных у бітвах, дзеля абароны», — як паведамляе храніст Пётр з Дусбурга. Думаецца, гэтых лепшых і выпрабаваных узначаліў менавіта Давыд.

Гародня мела важнае стратэгічнае значэнне для ВКЛ, бо абараняла шлях у Верхняе Панямонне з ягонымі рамеснымі гарадамі і дзяржаўнай сталіцай Наваградкам. Крыжакі імкнуліся дабрацца туды і ўшчэнт разбурыць край, тым самым нанесці Вялікаму Княству, калі не смяротны, дык адчувальны ўдар. На іх шляху стаяла Гародня, таму крыжакі ўпарта нападалі на гэты горад-цвержу. Прызначэнне вопытнага начальніка ў горад умацавала яго баяздольнасць.

І вось у 1314 годзе вялікі маршал ордэна Генрых фон Плодке «з усёй сілай войска свайго» выправіўся ў паход на Наваградак. Пяхота плыла на караблях па Нёмане, а конніца ішла ўздоўж ракі па беразе. Па шляху крыжакі рабілі склады з правіянтам. Дайшоўшы да Наваградка, рыцары захапілі прадмесці і рынуліся на штурм замка, але былі адбіты. Наступным днём штурм паўтарыўся, крыжакі ўжо падняліся на высокія валы і пайшлі прыступам на сцены.

На дапамогу Наваградку з Гародні паспяшыў Давыд з выпрабаванай дружынай. Дзейнічаў ён імкліва і рашуча. Захопліваў крыжацкія склады і забіраў правіянт. Пасля князь напаў на стаянку караблёў на Нёмане і спаліў іх. Нечаканым нападам на ордэнскі стан перабіў ахову, захапіў усе прыпасы правіянту, зброі і ўвёў 1500 коней. Гэты напад прымусіў крыжакоў спыніць штурм і адступіць да Нёмана. А калі яны ўбачылі спаленыя караблі і знішчаныя склады, дык страцілі прысутнасць духу. На іншай стаянцы было тое самае — знішчаныя склады. Крыжацкае войска хутка ператварылася ў натоўп галодных людзей, якія думалі толькі аб выжыванні. Калі з'елі коней, харчаваліся толькі травамі і каранямі дрэваў. Толькі нямногія праз шэсць тыдняў галоднага блукання вярнуліся назад у Прусію. Фактычна крыжацкае войска вымерла ад голаду. Чатыры гады ордэн не змог нападаць на ВКЛ. Гэтая дзівосная перамога без страт вартая гучных перамог у вялікіх бітвах! Давыд выдатна выкарыстаў прыёмы партызанскай вайны, нанёс удар па жыццёва важных кропках ордэнскага войска, і не спатрэбілася біцца ім у сечы. Канешне, Давыд удзельнічаў у агульнавайсковых дзеяннях войска ВКЛ, але храніст Пётр з Дусбурга згадаў яго тады, калі ён дзейнічаў самастойна. Гэтак у 1319 годзе князь на чале 800 воінаў здзейсніў імклівы паход на Прускую воласць Вахеншторф, каб сарваць крыжацкі праход на Жамойць. Схаваўшы войска ў засадзе, Давыд з 80 воінамі прайшоўся з агнём па воласці. Хацеў выманіць крыжакоў з замкаў і завесці падманнымі ўцёкамі на засаду. Толькі крыжакі з-за асцярожнасці не паддаліся на яго хітрыкі. Яны паспрабавалі акружыць ягоны атрад і разбіць, таму разбурылі мост цераз раку і напалі на яго. Давыд панёс цяжкія страты, але вырваўся з акружэння і пераправіўся праз раку. А паколькі ўстрывожаныя крыжакі адклалі паход на Жамойць, Давыд вярнуўся ў Гародню.

В. Ляхор. Бой дружыны Давыда Гарадзенскага з крыжакамі. 2О1О год.

Слава пра перамогі Давыда дасягнулі Пскова. Калі ўсё было добра ў горадзе гандляроў, яны не памяталі пра яго, а вось калі прыціснулі лівонцы, паклікалі на дапамогу. У 1323 годзе лівонскія рыцары захапілі Гдоў і пагражалі самому Пскову. Тады пскавічы і запрасілі Давыда правіць іх горадам. Раней ён прыняў бы гэтую прапанову з ахвотай, але цяпер у яго была новая радзіма, якой ён верай і праўдай служыў і не бачыў сябе па-за яе межамі. Пскавічам ён дапамог, адбіў у крыжакоў Гдоў, дайшоў да Равеля (Сучасны Талін) і ўзяў яго. На зваротным шляху лівонскае войска гналася за дружынай Давыда да самага Пскова і абклала горку. Тры дні аблогі хапіла для таго, каб зразумець, што горад не ўзяць, пакуль там Давыд, таму крыжакі часова адступілі. Як толькі Давыд са сваёй дружынай пакінуў Пскоў, крыжакі мігам напалі на горад. Ноўгарад не дапамог пскавічам. 18 дзён крыжакі абстрэльвалі мураваныя сцены з каменямётаў, рабілі прыступы, падчас якіх загінуў пскоўскі пасаднік. Становішча Пскова было безнадзейнае. І які цуд! На дапамогу «приспе князь Давыд из Литвы с людьми своими». Давыд паспеў у самы разгар штурму і моцным ударам прагнаў лівонцаў ад Пскова за раку Вялікую. Гэты факт братэрскай дапамогі Пскову не любяць успамінаць рускія гісторыкі. Як жа так: «Літва» выратавала рускі горад ад нямецкага захопу, калі сам маскоўскі князь Юрый Данілавіч адмовіў ім у дапамозе?

Не могучы разбіць Давыда ў бітве, крыжакі ў 1324 годзе патаемна прабраліся да яго маёнтка Давідзішкі ў надзеі застаць там Гарадзенскага. Давыд адсутнічаў. Гэта і выратавала яго, бо ўсіх, хто быў у маёнтку, крыжакі забілі. Магчыма і ягоную жонку. Адказ Давыда быў важкім, як удар мяча. У 1326 годзе ён на чале 1200 воінаў разам з польскім войскам ваяваў брандэнбургскую марку, дайшоў да Франкфурта-на-Одэры. На зваротным шляху Давыда па-здрадніцку забіў нейкі мазавецкі воін, якога ён прыняў у сваёй палатцы. Паводле легенды, воіны на шчытах прынеслі цела свайго правадыра ў Гародню і пахавалі яго каля Каложскай царквы, на яго новай радзіме.

Вітаўт Чаропка

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».

Грамадства

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Гэтых дзвюх сябровак у кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл ведаюць усе.

Грамадства

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Быць у працэсе пошуку — нармальны стан любога дзіцяці.