Вы тут

У Мінску завяршылася сёмая сесія Нарады бакоў Канвенцыі Эспа


У Мінску завяршылася сёмая сесія Нарады бакоў Канвенцыі Эспа.


Рашэнні высокага ўзроўню

Удзельнікі Нарады (усяго ў мерапрыемствах сесіі прынялі ўдзел каля 200 прадстаўнікоў 45 дзяржаў — членаў Канвенцыі) абмеркавалі ролю Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце і Пратакола па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы ў вырашэнні праблемы змянення клімату. На выніковым сумесным пасяджэнні высокага ўзроўню была прынята Мінская дэкларацыя. Прыняцце і рэалізацыя палажэнняў гэтага дакумента будзе садзейнічаць дасягненню мэт у галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года за кошт эфектыўнага прымянення Канвенцыі і Пратакола, узмацненню іх ролі ў вырашэнні ключавых праблем — такіх як змяненне клімату і страта біялагічнай разнастайнасці, прымяненню Канвенцыі і Пратакола ў рэгіёне ЕЭК з асаблівым акцэнтам на краіны Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі, глабальнаму прымяненню Канвенцыі і Пратакола і абмену вопытам з іншымі рэгіёнамі свету.

Няпросты дыялог суседзяў

Адным з самых рэзанансных пытанняў, якія абмяркоўваліся на Нарадзе, было і застаецца будаўніцтва Беларускай АЭС. Як вядома, Беларусь і Літва вядуць дыспут адносна бяспекі яшчэ недабудаванай у Гродзенскай вобласці БелАЭС. Вільнюс лічыць, што беларускі бок парушае Канвенцыю Эспа пры рэалізацыі гэтага праекта. Нарада бакоў прапанавала адкласці разгляд праекта рашэння аб разглядзе выканання Канвенцыі на дадатковай сесіі Нарады бакоў Канвенцыі, у тым ліку і беларускага пытання.

Першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна адзначыла:

— З боку Беларусі былі прыняты ўсе магчымыя і немагчымыя намаганні для правядзення экспертнага дыялогу з прадстаўнікамі Літвы, але ўсе нашы спробы ўспрымаюцца ў штыкі. Замест канструктыўнага дыялогу дзвюх краін у цяперашні час мы назіраем маналог беларускага боку і гучныя заявы літоўскіх палітыкаў.

Ія Малкіна выказала сваё шкадаванне з нагоды сітуацыі, якая склалася, таму што Беларусь зноў і зноў нагадвае, што яна адкрытая ў гэтым пытанні і не імкнецца ніякім чынам нашкодзіць суседцы.

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка лічыць, што сітуацыя з БелАЭС моцна палітызаваная. Ён нагадаў, што, на думку экспертаў МАГАТЭ, наша станцыя адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі будавання.

Канструктыўныя вынікі

— Абмеркаванне па спрэчных пытаннях будзе працягнута на дадатковай сесіі Нарады бакоў, якая пройдзе ў канцы 2018 года — пачатку 2019-га. Мы спадзяёмся, што, прымаючы пад увагу дадатковую інфармацыю, якая за гэты час будзе атрымана Камітэтам па выкананні, мы ўбачым фінальныя справаздачы камітэта па гэтых пытаннях, — падкрэсліла Ія Малкіна.

Першы намеснік міністра адзначыла, што ў цэлым Беларусь задаволена вынікамі сёмай сесіі:

— На гэтай пляцоўцы было вельмі шмат альтэрнатыўных пунктаў гледжання, кожны з бакоў спрабаваў данесці да астатніх краін-удзельніц сваю пазіцыю, і, безумоўна, шукаць кампраміс было досыць складана. Разам з тым мы задаволеныя пазіцыяй Еўрапейскага саюза, які чарговы раз паказаў сваю гатоўнасць да дыялогу з усімі краінамі. У прыватнасці, у дачыненні да нашага пытання не было прынята паспешлівых рашэнняў. Думаю, гэта дазволіць нам у далейшым больш прадуктыўна рэалізоўваць ужо анансаваныя мерапрыемствы па гарантаванні экалагічнай бяспекі БелАЭС, а таксама вырашаць іншыя пытанні, звязаныя з яе будаўніцтвам.

Падчас сёмай сесіі Нарады бакоў быў абраны новы склад працоўных органаў Канвенцыі.

— Для Беларусі вельмі важна, што прадстаўнік Мінпрыроды працягне сваю работу ў складзе Камітэта па выкананні Канвенцыі
Эспа, таксама прадстаўнік Беларусі быў абраны віцэ-старшынёй працоўнай групы Канвенцыі, што для нас азначае ўваходжанне і ў бюро апошняй. Гэта дазволіць больш эфектыўна ажыццяўляць супрацоўніцтва з іншымі краінамі — членамі міжнароднага дагавора, і мы спадзяёмся, што ў далейшым гэта пазітыўна адаб'ецца і на разглядзе асобных спрэчных момантаў унутры Канвенцыі, — растлумачыла Ія Малкіна.

Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк адзначыў, што дэлегацыя Мінэнерга таксама задаволеная вынікамі працы Нарады бакоў у Мінску.

— Гэта вынік дзейнасці, якую мы праводзім з мінулай Нарады бакоў разам з Мінпрыроды і Міністэрствам замежных спраў, — рэзюмаваў ён.

За апошнія тры гады краіна паспяхова правяла місію SЕЕD і атрымала высокую ацэнку МАГАТЭ, нагадаў намеснік міністра. Такую ж высокую ацэнку дала і САА АЭС — Сусветная асацыяцыя арганізацый, якія эксплуатуюць атамныя электрастанцыі.

Вольга ПРАЛЮК

рrаlуuk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Экалагічная бяспека не мае межаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.