27 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Ці трэба ставіць на краны дарагія фільтры?


Мала знойдзецца людзей, якім бы ўсялякага роду коміваяжоры не прапаноўвалі фільтры для вады. Самыя кемлівыя з іх абзавяліся пасведчаннямі з сур'ёзнымі пячаткамі, ды яшчэ пенсіянерам абяцаюць зніжкі. Фільтры, якія прапаноўваюць такія «хадакі», зусім не танныя, а з цягам часу высвятляецца, што якасць іх вельмі дрэнная. А ці патрэбныя ўвогуле фільтры для вады з водаправода? Хто сочыць за якасцю пітной вады? На гэтыя ды іншыя пытанні адказаў начальнік філіяла «Цэнтральная лабараторыя» РУП «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі», кандыдат ваенных навук, дацэнт Андрэй РАДЗІВОНАЎ.


— Спецыялісты кажуць, што наша водаправодная вада прыдатная для ўжывання без усялякіх фільтраў і нават кіпячэння. Але ж мала хто адважваецца піць ваду з-пад крана...

— Мы ў сваёй лабараторыі менавіта такую ваду і ўжываем. Вада з-пад крана сапраўды прыдатная для піцця, яна адпавядае ДАСТу. «Водаканал» мае акрэдытаваныя лабараторыі і правярае якасць вады, а кожны чалавек можа зайсці на сайт гэтай арганізацыі і паглядзець пратаколы даследаванняў. Згодна са стандартам, ёсць верхняя і ніжняя мяжа дазволенай колькасці ў вадзе тых ці іншых хімічных элементаў.

— Калі вада адпавядае дзяржаўнаму стандарту, то чаму ў розных раёнах Мінска яна мае розны смак?

— Гэта залежыць ад колькасці хімічных элементаў: напрыклад, у адным водазаборы колькасць жалеза бліжэйшая да верхняй мяжы ДАСТу, а ў другім — да ніжняй.

— Цяпер сезон адключэння гарачай вады, і калі яе зноў падаюць, то ў большасці раёнаў спачатку даволі доўга ідзе брудная вада, а ў іншых — чыстая, з чым гэта звязана?

— Прычына ў старых водаправодах — там металічныя трубы. У новых раёнах водаправодныя трубы з сучаснага поліпрапіленавага матэрыялу, і таму вада адразу ідзе чыстая. Але мушу сказаць, што і па старых жалезных трубах ідзе добрая вада.

— «Водаканал» правярае водаправодную ваду, а сфера інтарэсаў вашай лабараторыі якая?

— Падчас параўнальных праверак даследуем і водаправодную ваду таксама. У нас правяраецца ўся вада са свідравін; бутыляваная вада, якая разліваецца ў Беларусі, і імпартная; усе санаторыі правяраюць пітную і мінеральную ваду; усе прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць ваду ў вытворчасці ежы ды напояў.

Сярод нашых заказчыкаў шмат прадстаўнікоў насельніцтва: людзі цікавяцца якасцю вады на сваім прысядзібным участку. З пачаткам дачнага сезона кожны дзень заключаем такія дагаворы. Паводле ДАСТу трэба праверыць 22 паказчыкі, але прыватныя асобы могуць заказаць менш пазіцый для праверкі, напрыклад, на радыенукліды, ртуць ці іншыя небяспечныя складнікі. Тут вельмі важна, каб чалавек правільна зрабіў адбор вады. Дарэчы, пашыраная праверка якасці вады — гэта даследаванне 46 паказчыкаў.

— А калі лабарант памыліцца?

— Пакуль што не было такіх выпадкаў. У нас працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, лабараторыя мае самае сучаснае абсталяванне. Мы атрымалі міжнародную акрэдытацыю, але гэта не азначае, што ніхто не можа праверыць вынікі нашай працы. Даволі часта практыкуюцца параўнальныя праверкі, калі некалькі нашых пратаколаў пераправяраюць спецыялісты іншай лабараторыі, а мы — нейкай трэцяй. Памылка лабаранта — гэта страта рэпутацыі і міжнароднай акрэдытацыі. Напрыклад, сёння мне прынеслі на подпіс некалькі пратаколаў даследаванняў. У адным з іх вада дрэнная па пяці паказчыках. Гэта даследаванне заказала прамысловае прадпрыемства, і цяпер кіраўніцтву давядзецца прымаць меры па фільтрацыі ды ачыстцы вады, а потым зноў здаваць яе на даследаванне.

— Калі ўжо загаварылі пра фільтры, то зыходзячы з таго факта, што водаправодная вада прыдатная для піцця, насельніцтву няма ніякай патрэбы набываць фільтры?

— Скажу так: неабходнасці няма, але калі ёсць жаданне, то можна набыць фільтр, каб палепшыць смак вады. Але набываць фільтры трэба ў крамах ці ў арганізацыях, якія маюць адпаведныя сертыфікаты на прадукцыю. А што датычыцца гандляроў фільтрамі, якія ходзяць па дамах, то іх не трэба пускаць на парог. Іх фільтры вельмі сумнеўнай якасці, а кошт маюць высокі. І метады продажу коміваяжоры выкарыстоўваюць несумленныя. Напрыклад, вядома, што яны паказваюць фокус з вадой. Ведаючы законы фізікі, вельмі проста растлумачыць, чаму вада пацямнела і што там выпала ў асадак. Звычайна гэтыя гандляры ў якасці эталона дэманструюць людзям дыстыляваную ваду. Зрэшты, кожны чалавек можа да такой ступені ачысціць ваду, што яна будзе дыстыляванай, але такая вада не мае ніякіх карысных уласцівасцяў, яна — мёртвая. Вядома, трэба сачыць за якасцю вады, але не перашчыраваць у гэтай справе на побытавым узроўні.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

yanovskaya@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Не ператварайце жывую ваду ў мёртвую


Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

«Суседка думае, што я нейкі дзівак, бо заўсёды ўсміхаюся».

Грамадства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Вайскоўцы-кантрактнікі змагаюцца за права прадставіць нашу краіну на «Воіне Садружнасці — 2017».

Грамадства

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

У канцы жніўня ў краіне адбудзецца Рэспубліканскі педагагічны савет.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада

Ён адбудзецца на Дзень Незалежнасці ў Мінску.