Вы тут

Як сучасныя тэхналогіі ратуюць ад знікнення рэдкія віды раслін


У сусветнай флоры да архідных адносяцца каля 20 тысяч відаў. У Беларусі яны таксама ёсць — іх 37 відаў, але сустракаюцца архідэі вельмі рэдка. Гэта, з аднаго боку, натуральна — чым далей ад тропікаў, тым меншая іх разнастайнасць. Але з іншага, большасць беларускіх дзікіх архідэй знаходзяцца пад пагрозай поўнага знікнення ці маюць тэндэнцыю да скарачэння колькасці і таму занесены ў Чырвоную кнігу.

Убачыць броўнік аднаклубневы, надбароднік бязлісты, ладдзян трохнадрэзаны, ласняк Лёзеля і іншых у прыродзе могуць толькі вялікія аматары расліннага свету, тыя, хто не баіцца шматгадзіннай «прагулкі» па балоце, бураломе, лясным гушчары. Лясныя прыгажуні хаваюцца ў высокім травастоі, быццам ведаюць, якія яны рэдкія і прывабныя для чалавека.


Беларускія навукоўцы не засталіся ўбаку ад праблемы знікнення архідэй у нашай краіне. Расліны актыўна вырошчваюць у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі. Вольга Казлова, навуковы супрацоўнік лабараторыі клетачнай біятэхналогіі ЦБС, расказала пра тэхналогіі і шчырую працу біёлагаў у справе захавання дзікіх раслін.

— Правільней казаць не «дзікія архідэі», а архідэі прыроднай флоры Беларусі. Многія трапічныя архідэі, якія прадаюцца часам у кветкавых крамах разам са штучнымі гібрыдамі і сартамі, таксама, па сутнасці, з'яўляюцца «дзікімі», толькі для іншай кліматычнай зоны.

Захаванне рэдкіх відаў прыроднай флоры — важны этап па выкананні Рэспублікай Беларусь абавязацельстваў згодна з падпісанай Канвенцыяй аб біялагічнай разнастайнасці і яе асобнай часткай — Глабальнай стратэгіяй захавання раслін. Ствараючы калекцыі падобных раслін у батанічных садах, навукоўцы захоўваюць невялікі рэзерв, які пасля можна будзе выкарыстаць, у тым ліку і для аднаўлення страчаных папуляцый.

Вядома, цалкам узнавіць прыродныя ўмовы на калекцыйных участках не заўсёды магчыма. Ёсць сярод беларускіх архідэй балотныя віды, ёсць лугавыя і ўзлескавыя. Кожнай расліне трэба падабраць прыдатныя ўмовы. Але гэта вучоным удаецца — пальчатакарэннікі, ятрышнік шлеманосны, венерын чаравічак сапраўдны, ласняк Лёзеля, усе віды роду гайнік і пылкагалоўнік растуць у ЦБС шмат гадоў.

Пры вырошчванні архідэй у культуры іn vіtrо неабходна выкарыстоўваць спецыяльныя асяроддзі, у якіх ёсць усе неабходныя для развіцця праростка рэчывы (у першую чаргу мінеральныя солі і цукар). Усе этапы работы праводзяцца ў асептычных умовах. Спецыфіка работы з беларускімі відамі заключаецца ў наяўнасці ў іх добра выяўленага перыяду спакою, які ў прыродзе супадае з надыходам халадоў. Таму прарошчванне насення некаторых відаў архідэй патрабуе падбору аптымальных тэрмінаў сяўбы, розных варыянтаў пажыўных асяроддзяў для кожнага віду і ўмоў культывавання і адаптацыі. Пасля таго як расліны ў культуры дасягаюць неабходнага памеру, іх дастаюць з прабірак і высаджваюць у глебу. У прыродзе нашы архідэі квітнеюць з канца красавіка па жнівень. Тэрміны цвіцення залежаць ад віду.

Архідэі з батанічнага саду, на жаль, не трапляюць зноў у дзікую прыроду. Пытанне аб рэінтрадукцыі раслін, якія знікаюць, асабліва архідэй, досыць складанае і патрабуе сур'ёзнай падрыхтоўкі. Прыклады падобных работ існуюць у нашых калег з Еўропы, ЗША і Расіі. Аднак станоўчы вынік прысутнічае далёка не заўсёды.

Ёсць віды, якія не знаходзяць на Беларусі больш за 100 гадоў — напрыклад, венерын чаравічак плямісты і ядрушка духмяная. Здаецца, знайсці гэтыя расліны ўжо немагчыма, але факты гавораць, што надзея ёсць: ятрышнік абпалены ўпершыню знайшлі ў 1853 годзе, другі раз — толькі праз 130 гадоў!

Вольга ПРАЛЮК

рrаlуіuk@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Архідэі з... прабіркі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».