Вы тут

«У рабоце з людзьмі трэба быць вытрыманым»


Такую думку выказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава падчас асабістага прыёму грамадзян у Верхнядзвінску, які адбыўся ў мінулую суботу. На сустрэчу з вышэйшай службовай асобай краіны прыходзілі індывідуальна і па некалькі чалавек, не толькі мясцовыя жыхары, але і з розных рэгіёнаў Віцебшчыны і нават прыязджалі з іншых абласцей. Многія падкрэслівалі, што звяртаюцца да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта як да «апошняй інстанцыі». Бо ранейшыя звароты ў дзяржаўныя органы не далі выніку.


Падчас прыёму грамадзян у Верхнядзвінску.

Першай была агучана просьба дапамагчы ў пераглядзе крымінальнай справы адносна дальнабойшчыка, якога асудзілі на вялікі тэрмін пазбаўлення волі за перавозку буйной партыі наркотыкаў. Разам з разынкамі ў Азербайджан з Ірана ён прывёз 506 кілаграмаў гераіну. Гэты выпадак асвятляўся ў прэсе. Родныя і сябры абвінавачанага ўпэўненыя, што мужчыну падставілі тыя, хто загружаў тавар. Сітуацыя будзе яшчэ раз уважліва вывучаная.

Падчас прыёму грамадзян традыцыйна выказваюцца прэтэнзіі ў адрас камунальных службаў. І гэтая сустрэча не стала выключэннем. Дзве жыхаркі дома ў Верхнядзвінску паскардзіліся: ваду з «гарачага» крана трэба доўга зліваць, каб яна стала патрэбнай тэмпературы. Яшчэ два наведвальнікі прасілі дапамогі ў «дарожным пытанні». Па гравійнай насыпцы ездзяць шмат аўто і там вельмі пыльна...

Праблемы паляпшэння жыллёвых умоў шматдзетных сем'яў Наталля Качанава возьме на кантроль. Справа ў тым, што ў Верхнядзвінску ўжо пару гадоў не будуюць шматпавярховыя дамы, а будаваць індывідуальнае жыллё не ўсе могуць з-за адсутнасці неабходнай колькасці грошай... У раёне больш за 70 шматдзетных сем'яў. Кіраўнік Адміністрацыі нагадала, што для шматдзетных сем'яў прадугледжаны льготны крэдыт на будаўніцтва жылля, аказваецца іншая падтрымка з боку дзяржавы. Але праблемы ў людзей усё роўна ўзнікаюць. Кожная сітуацыя патрабуе дадатковага вывучэння. Пры гэтым людзі павінны разумець, што і ад іх намаганняў і ўдзелу, у тым ліку фінансавага, многае залежыць.

Жылля датычыўся і зварот дзвюх жанчын і маладога мужчыны з Полацкага рэгіёна. Яны расказалі пра фірму, якая не вяртае грошы тым, хто даверыў ёй будаўніцтва. Нават «нулявы цыкл» не завяршылі. Суд пацвердзіў прэтэнзіі заяўнікаў, але камерсанты не спяшаюцца разлічыцца па-добраму.

— Пераехалі ў іншы офіс, бо за арэнду ранейшага не маглі плаціць. Маёмасці ў іх няма... 15 спраў па аналагічным пытанні ў прыстава! Пры гэтым далі аб'яву аб найме для працы на будаўніцтве за мяжой! — расказвалі падрабязнасці наведвальнікі.

Жыхарка Шуміліна паскардзілася на цяганіну ў выдачы пасведчання былога непаўналетняга вязня фашысцкіх канцлагераў яе маме, якая жыве ў Полацку. Іншы жыхар Полацка спадзяецца на разуменне яго пакут з-за шумнай кватэры на верхнім паверсе. Грамадзянін, які прыехаў з Мінскай вобласці, доўга расказваў пра холад у кватэры і грыбок на сценах.

А самы доўгі шлях на асабістую сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі быў у бізнесмена з Гомельшчыны. Яго фірма перапрацоўвае 60 відаў адходаў. Прадпрымальнік спадзяецца, што карані дрэў пасля высякання таксама не будуць вывозіцца на палігон для закопвання.

— Мы маглі б рабіць з іх шчапу... Але ў ведамстве па ахове прыроды чамусьці не чуюць мае аргументы, — выказаўся ўладальнік фірмы. І пачуў абяцанне разабрацца. Тым больш што гаспадарскі падыход да другаснай сыравіны выгадны дзяржаве.

Наталля Качанава пракаментавала вынікі размовы журналістам. Яна звярнула ўвагу, што такія мерапрыемствы праводзяцца, каб не толькі дапамагчы людзям у вырашэнні іх праблем. Паралельна можна ацаніць эфектыўнасць працы рэгіянальнай улады. Большасць пытанняў рэальна вырашыць на месцах. Іншая справа, калі людзі агучваюць пытанні, «зняцце» якіх залежыць ад кіраўнікоў рэспубліканскага ўзроўню. У прыватнасці, пра забеспячэнне жыллём шматдзетных.

— У рабоце з людзьмі трэба ўмець слухаць і чуць. Гэта вельмі важна, — рэзюмавала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.