Вы тут

У Мінску прайшло свята «Татаў дзень — кожны дзень»


Міжнародны дзень бацькі, які традыцыйна адзначаецца ў свеце ў трэцюю нядзелю чэрвеня, адзначылі ў Мінску святам «Татаў дзень — кожны дзень». Пяты год Рэспубліканскае дабрачыннае грамадскае аб'яднанне «Клуб ільвоў» сумесна з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама ладзіць вясёлае сямейнае відовішча. Сёлета яно ўпершыню прайшло адразу на трох пляцоўках: у парках — Горкага, Чалюскінцаў і Лошыцкім.


— Займаючыся з дзецьмі, атрымлівайце ад гэтага асалоду, а не рабіце гэта проста таму, што так трэба. Ведайце, што сніцца вашым малым, як завуць іх сяброў і любімыя цацкі, — дала наказ татам Ірына АЛЬХОЎКА, старшыня міжнароднага грамадскага аб'яднання «Гендарныя перспектывы».

Падчас свята старшыня праўлення РДГА «Клуб ільвоў» Вячаслаў Шчэрба ўзнагародзіў актывістаў арганізацыі, адданых справе прапаганды бацькоўства, ганаровымі граматамі. Ён таксама ўручыў пасведчанні мадэратараў татам, якія паспяхова прайшлі курс заняткаў у тата-школах, якія «львы» праводзяць для ахвотных навучыцца быць бацькамі і матываваць на гэта іншых:

— Прыемна бачыць, што мерапрыемства выклікае цікавасць. Пяць гадоў таму, калі мы ўпершыню арганізавалі такое свята, спадзяваліся, што яно стане досыць маштабным, масавым і цікавым. Вельмі прыемна, што сёння яно пакрысе ўбудоўваецца ў шэраг традыцыйных гарадскіх, рэспубліканскіх свят і стварае дадатковую магчымасць сем'ям правесці разам час.

Музычныя падарункі прысутным падрыхтавалі дзіцячыя калектывы сталіцы і зоркі эстрады. Госці свята змаглі стаць таксама яго ўдзельнікамі. Спаборнічалі ў сямейных спартыўных конкурсах і правяралі свае веды ў віктарыне, якую арганізавалі супрацоўнікі мінскай дзіцячай бібліятэкі №3 імя Гайдара. Самыя маленькія малявалі на асфальце і ўпрыгожваліся аквагрымам. Старшакласнікі атрымалі карысную інфармацыю ад супрацоўнікаў Цэнтра прафарыентацыі, а бацькі раіліся з урачом-валеолагам, спецыялістамі па здаровым ладзе жыцця і сямейным псіхолагам. Будучыя таты змаглі нават патрэніравацца ў правільным спавіванні на ляльках і, зразумела, атрымаць шмат віншаванняў і цёплых слоў.

Ірына ДУДКА, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, пажадала татам «здароўя, натхнення і сіл спраўляцца з энергіяй дзяцей, быць абаронцамі і надзейнымі сябрамі малых».

Тыя, хто ахвяраваў не менш за пяць рублёў на дабрачынную акцыю «У дапамогі няма перашкод», змаглі паўдзельнічаць у латарэі і атрымаць падарункі. Сярод прызоў былі не толькі кружкі з эмблемай «Клуба львоў», а і 17 сертыфікатаў на сямейны адпачынак у боўлінгу, дэльфінарыі, катанні на квадрацыклах і іншыя.

Хтосьці трапіў на свята выпадкова, проста гуляючы па парку, хтосьці прыйшоў мэтанакіравана, але ўсе аднолькава атрымалі задавальненне.

Аляксандр з 4-гадовым сынам Арцёмам даведаўся пра свята з рэкламы і вырашыў наведацца ў парк Горкага:

— Практычна штодня займаюся з дзіцем, а ў свае выхадныя стараюся з сынам рабіць мужчынскія дні, калі мы з ім гуляем удвух і без усялякіх свят. А сённяшнюю ініцыятыву я цалкам падтрымліваю.

Яўген Гутаровіч, майстар спорту міжнароднага класа па веласпорце, чатырохкратны чэмпіён Беларусі з жонкай Вольгай, дочкамі Віялетай і Эвелінай і паўгадовым сынам Сашам завітаў на свята, каб падтрымаць старэйшую дзяўчынку. Яна была адной з юных спявачак, якія стваралі настрой гасцям мерапрыемства:

— Нарэшце мы ўсёй сям'ёй выбраліся ў горад адпачыць, бо гэта рэдка магчыма праз занятасць. Разам праводзіць выхадныя не заўжды атрымліваецца. А пакуль я займаўся спортам, увогуле пастаянна на спаборніцтвах быў у такія дні, цяпер навёрстваю. Сёння дачка стварае свята для ўсіх бацькоў, і я не мог гэта прапусціць.

Вячаслаў Лявончык з 4-гадовай Міраславай не толькі прыйшлі на свята, а і ўдзельнічалі ў конкурсе на веданне дзіцячых песень. Дзяўчынка нават падрыхтавала верш пра тату, аднак са сцэны яго прачытаць не ўдалося, таму літаратурны дэбют адбыўся эксклюзіўна для карэспандэнта «Звязды».

— Кожны дзень па паўдня бываю з дачкой, таму што заўжды працую ў другую змену, і ўвесь астатні вольны час таксама прысвячаю ёй, — прызнаўся Вячаслаў.

У дзясятках краін Дзень таты ўжо атрымаў афіцыйны статус. У Беларусі пра гэта пакуль мараць і працягваюць святкаваць. Разам з тым, па сведчанні Цэнтра сацыяльных і палітычных даследаванняў БДУ, 43,7% беларусаў выступаюць за прызнанне Дня бацькі афіцыйным святам, а Аляксандр Румак, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны, адзначыў, што Нацыянальным планам па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2017—2020 гады прадугледжана прапрацоўка заснавання Дня таты.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Свята — татам, задавальненне — усім

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».