Вы тут

Рэпартаж з галоўнага клубнічнага рынку Беларусі


«Ураджай сёлета добры. Маразы былі раней, чым клубніцы цвілі, таму ягада захавалася», — расказвае ў дарозе старшыня Дварэцкага сельвыканкама Лунінецкага раёна Аляксандр ВІДНІКЕВІЧ. На службовай «Ладзе», уздоўж плантацый ён падвозіць нас да галоўнага клубнічнага рынку краіны. Гандаль тут ідзе, пакуль не сцямнее — ягадным бізнесам у сезон жыве ўвесь раён.


«Чорныя не бяруць. А гэта сорт такі!»

Арганізаваны рынак у аграгарадку Дварэц працуе трэці год. Раней прадаўцы стыхійна выстройваліся ўздоўж дарог. Аляксандр Іванавіч успамінае: пяць вуліц ад плошчы адходзяць — усе забіты машынамі. Цяпер на ўзбочыне таксама гандлююць, але так, па дробязях — хто слоік ягад прадае, хто вядро.

Цэны на рынку скачуць на працягу дня. З раніцы кілаграм клубніц могуць браць па 3,50 рубля, увечары — па паўтара. Чым больш прадаўцоў, тым меншая цана. Сёння скупшчыкі пераборлівыя. За буйныя ягады прапануюць у сярэднім 1,50 рубля, у пяску нават за капейкі не прымаюць.

Школьнікі Вадзім Пашкевіч і Алег Стахміч дапамагаюць загружаць клубніцы.

— У мяне клубніцы браць не хочуць. Кажуць, чорныя. А гэта сорт такі! — уздыхае пенсіянерка, якая на веласіпедзе прыцягнула з агарода пару поўных вёдзер.

— Лепш дзяржаўным нарыхтоўшчыкам здаваць, яны больш плацяць, — заўважае яе пажылая суразмоўніца і бядуе: на лекі б крыху зарабіць.

Машын райспажыўтаварыства між тым ужо няма. Яны стараюцца закупіцца з самай раніцы, да 10 гадзін, каб у абед у сябе на рынку прадаваць. Клубніцы ж доўга чакаць не будуць, псуюцца хутка.

Вясковец Васіль Коўшык затанна прадаваць свой ураджай не гатовы. Таргуецца.

— Вы паглядзіце, якая ягада добрая. Па два рублі за кілаграм аддам.

— Гэта вам здаецца, што добрая. Па дарозе растрасецца, — не ўступае ў цане нарыхтоўшчык.

— Ну тады далей пайду.

 

Васіль Коўшык некалі паліў лазню ў Дварцы. Потым лазня закрылася (нерэнтабельнай стала), а ён — на пенсію. Пад клубніцы ў мужчыны сотак дзесяць выдзелена. Які сорт? Не ведае, жонка гэтым займаецца. Праз некалькі машын вяскоўцу нарэшце пашанцавала: пагадзіліся на яго цану.

Сярод скупшчыкаў — лунінчане Людміла Раковіч са свёкрам Андрэем. Яны толькі першы год у салодкім бізнесе. Сёння вось 500 кілаграм загрузілі, ноччу павязуць у Расію — раніцай трэба быць там. Колькі спадзяюцца зарабіць? Людміла глабальных мэт не ставіць: дзяцей хоць бы ў школу адзець.

Пра заробкі тут у прынцыпе расказваюць неахвотна. Але па чутках клубнічны сезон нядрэнна корміць: хто на машыну збірае, хто на кватэру.

«Збіраю на адпачынак на моры»

Мясцовыя школьнікі на канікулах не сядзяць без справы. Хлопцы Вадзім Пашкевіч і Алег Стахміч на клубніцах не першы год. Дапамагаюць знаёмым загружаць скрыні з ягадамі ў машыну.

— У Маскву паедзе, там на розніцы курсаў выйграем, — з веданнем справы разважаюць лунінецкія школьнікі.

За адну машыну хлопцам плацяць па 20 рублёў. Тыя не трацяць — запасяць. Дзевяцікласнік Алег — на адпачынак на моры.

— А ты на што? — пытаемся ў Вадзіма, які ўвосень пойдзе ў восьмы клас. — Мо, на веласіпед?

— Не, велік у мяне ёсць. Рахунак думаю адкрыць.

 

Сур'ёзны падыход

Нарыхтоўшчык Дзмітрый Ляўшук закупляецца для аднаго з віцебскіх рынкаў. За сёння загрузіў паўтары тоны. А ўсяго ў плане — 10 тон паставіць.

Побач машына Валерыя Дашкевіча. Прадаваць клубніцы павязе на мінскі рынак Ждановічы. Ураджай са свайго ўчастка мужчына таксама прадае. Сорт «ханоя», кажа, захоўваецца добра.

— Пакаштуйце, якая салодкая, — прапануе нам ацаніць буйныя прыгожыя ягады. Салодкія. Сёлета, кажуць агароднікі, смак што трэба: дажджоў мала было, таму клубніцы не вадзяністыя.

Валерый жыве ў Дварцы. Клубніцамі гадоў 20 займаецца. Засадзіў імі 18 сотак. За сённяшнюю раніцу ўдваіх з жонкай кілаграм 300 з участка сабралі.

— Колькі часу гэта заняло? — мужчына задумваецца. — З чатырох да адзінаццаці раніцы на гародзе былі. Хутка, думаеце? Гэта пры тым раскладзе, што клубніцы добрыя: вялікія, сухія. Калі такое надвор'е халаднаватае будзе, сезон на паўтара месяцы зацягнецца.

Працуе Валерый кіроўцам на аўтабазе, яго жонка — выхавацелем у дзіцячым садку. На чэрвень водпуск узялі (на Лунінеччыне хто-небудзь увогуле ў гэты месяц на рабоце застаецца?).

— А што рабіць, жыць неяк трэба, на хлябок зарабляць. Вось дзеці ў Мінск пераязджаць збіраюцца, кватэру купілі.

«Ханоя», бадай, самы хадавы сорт на рынку. Пенсіянерка Вольга Аляксееўна Косач таксама яго вырошчвае. «А мы ведаем, колькі тымі клубніцамі займаемся, — адмахваецца яна. — З 1972 года, палічыце самі».

Сёння Вольга Аляксееўна прывезла на рынак 26 скрыняў. Збіралі разам з мужам і сынам. Пахадзілі па машынах, папыталі, дзе даражэй возьмуць, і ў выніку прадалі за 1,80 рубля за кілаграм.

— І не шкада так танна аддаваць?

— А дзе ж мы дзенемся? — разводзіць рукамі бабуля. — Гэта не бульба, што паляжаць можа. Зараз не прадасі — потым пад агароджу высыпай. Цэны дыктуе рынак.

Рухавай пенсіянерцы 65 гадоў. На клубніцах яна шчыруе штодзень. Стымулюе прыбаўка да пенсіі, усміхаецца Вольга Аляксееўна.

60 тон ураджаю

Паток машын на рынку не спыняецца. Раз-пораз заторы. Прадаўцы скардзяцца: зрабіць бы яшчэ заезд арганізаваны, каб аварый менш было.

Многія незадаволены фітасанітарным кантролем (пашпарт на прадукцыю патрэбны, калі вязеш на продаж у Расію). А калі дакладна — тым, што працуе ён толькі да 17.00. Мы заходзілі за гадзіну да закрыцця. Сапраўды: чарга — не прабіцца.

— Рынак жа да дзесяці вечара адкрыты. Маглі б дзяжурнага тут пасадзіць, хоць бы да васьмі, — прапануе адзін з нарыхтоўшчыкаў.

На рынак на бусе заязджае чарговы прадавец. Васіль (прозвішча называць не захацеў) вырошчвае клубніцы, можна сказаць, у прамысловых маштабах: участак на тры гектары. Прызнаецца, што з аднаго гектара за сезон 20 тон ураджаю атрымлівае. Выбірае праз дзень-два. Не сваімі сіламі, вядома, наймае людзей. За гадзіну выбаркі плацяць у асноўным 2,50 рубля. Ахвотных падпрацаваць, кажуць, хапае.

— Цяпер холадна, ягада да восені будзе, — заўважае фермер. — Потым бульба, морква. Але я вам так скажу: калі добра клубнічны сезон адпрацаваць, то можна год адпачываць, да наступнага лета.

Чым мясцовыя жыхары восенню і зімой на жыццё зарабляюць, пытаемся пасля ў Аляксандра Віднікевіча. Старшыня сельсавета расказвае, што многія ў Расію працаваць едуць. Ці на сезонныя работы ў аграгарадку ўладкоўваюцца.
У сельсавеце, напрыклад, пяць школ: туды ў кацельныя людзі патрэбны будуць, па шэсць чалавек на кожную. Ужо для 30 вяскоўцаў работа ёсць.

Тут сяло не пусцее. Наадварот нават: штогод сельсавет па 10—12 новых дамоў здае. Не па 30, вядома, як некалі было, але ж. Не раз'язджаюцца, пакуль зямля корміць.

Запрашальнік

24 чэрвеня ў аграгарадку Дварэц пройдзе раённае свята «Лунінецкія клубніцы». Як расказала»Звяздзе» начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля АКСЁНАВА, на фестывалі будуць арганізаваны выстава-продаж гастранамічных вырабаў з ягад, кірмаш майстроў дэкаратыўна-прыкладной і народнай творчасці. Кожны сельвыканкам (іх у раёне 11) рыхтуе свой стылізаваны падворак.

Адкрыецца свята тэатральным шэсцем «Клубнічны парад». Гасцей чакае канцэртная праграма: паказ мод, спектакль, выступленні калектываў Лунінецкага, Столінскага, Ганцавіцкага, Пружанскага, Жабінкаўскага раёнаў. На спартыўнай паляне можна будзе паспрабаваць свае сілы ў перацягванні каната і іншых спаборніцтвах. Завершыцца фестываль дыскатэкай, якая прадоўжыцца да 23.00.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіzda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Лунінецкі раён

Загаловак у газеце: Калі сезон год корміць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».