Вы тут

Мазаіка з лістоў


Мазаіка з лістоў

Толкін. Для большасці — хто ён? Пісьменнік, які стварыў «Уладара пярсцёнкаў» і «Хобіта».

Для меншай колькасці людзей — аўтар «Сільмарыліёна».

Для яшчэ вузейшага кола — стваральнік цэлага міфалагічнага эпасу, так званых «Страчаных паданняў».

Але для каго ён — проста чалавек?

Чалавек, захоплены сваёй справай, чалавек з дзіўным (і дзівацкім) пачуццём гумару, чалавек, у якога былі сябры, дзеці, любімая жанчына.

Як даведацца пра такога Толкіна? Біяграфія, напісаная Хамфры Карпентэрам, — сапраўды каштоўная крыніца. Ды хто можа лепш расказаць пра сябе, чым сам чалавек? Асабліва калі ён не ведае, што на яго ўважліва глядзяць у дадзены момант.

Ад «Лістоў» Толкіна, з якіх склалі падборку і якія выдаў біёграф і любімы сын Крыстафер Толкін, немагчыма адарвацца, таму што гэтыя лісты паказваюць той бок асобы пісьменніка, пра які мы не ведалі.

Я паспрабавала скласці вобраз незнаёмага нам Прафесара з урыўкаў ягоных лістоў.

Знаёмцеся — Джон Рональд Руэл Толкін.

 

***

Сам Толкін заўсёды казаў, што не ўмее маляваць, і яго карцінкі — гэта «лухта» і «дробязі». Але ён склаў і праілюстраваў кароценькую дзіцячую казку пад назвай «Містэр Бліс». І малюнкі да яе нечакана (для Толкіна) прынялі.

А потым пісьменнік сам ілюстраваў свайго «Хобіта».

З ліста № 010. Да Ч. А. Фёрта, «Allen & Unwin»

Глыбокапаважаны сэр!

«Містэр Бліс» удачна прыбыў. Магу толькі сказаць, што быў вельмі здзіўлены, атрымаўшы на наступную раніцу ваш ветлівы ліст. Я і ўявіць не мог, што ён [«Бліс»] варты такіх клопатаў. На мой погляд, гэтыя карцінкі галоўным чынам даказваюць, што маляваць аўтар не ўмее. Але, калі ваша выдавецтва сур'ёзна лічыць, што трэба апублікаваць «Бліса», я паспрабую спрасціць ілюстрацыі і зрабіць іх больш прыдатнымі для перадрукоўкі.

Зразумела, мне б вельмі дапамагло, калі б Вы і сапраўды былі так ласкавы, што зазірнулі да мяне і далі параду-другую.

 

***

Толкін для вучонага свету перш за ўсё — Прафесар: чалавек, які займаецца сур'ёзнымі навуковымі даследаваннямі.

Тыя кнігі, якія зрабілі яго вядомым ва ўсім свеце, многія яго калегі лічылі марнаваннем часу, несур'ёзным заняткам, «дзівацтвам» навукоўца.

З ліста 017. Да Стэнлі Анвіна, дырэктара «Allen & Unwin»

Мяне ўвесь час пытаюцца, як там мой хобіт. Прычым (як я і прадбачыў) не без здзіўлення і нават крыху жалю. Мой родны каледж, як мне падаецца, расшчодрыўся асобнікаў на шэсць хоць бы для таго, каб было чым мяне дражніць.

Пасля рэцэнзіі ў «Таймc» двое-трое маіх больш паважных калег вырашылі, быццам могуць, калі ўжо так, без шкоды для сваёй акадэмічнай годнасці прызнацца, што знаёмыя з маёй «фантазіяй» (чытай: неразумнасцю).

Прафесар візантыйска-грэцкай мовы купіў сабе асобнік, «бо першаавыданні «Алісы» цяпер каштуюць нямалых грошай». Па чутках, за чытаннем «Хобіта» бачылі прафесара каралеўскай кафедры сучаснай гісторыі.

Кніга выстаўленая ў «Паркерз» (кнігарні «Паркерз» на Броўдзі-Стрыт у Оксфардзе), а больш, здаецца, нідзе.

 

***

Толкін ахвотна мог тлумачыць некаторыя моманты ў сваіх кнігах. Ён любіў казаць пра тое, што піша. Усе яго лісты ў зробленай падборцы так ці інакш датычацца яго творчасці.

Адзін з чытачоў Толкіна (які падпісаўся Хабіт) адправіў ліст з пытаннем у газету «The Observer», у якім «пытаецца, ці не пагадзіўся б Толкіен «распавесці падрабязней пра імя і паходжанне такога інтрыгуючага героя сваёй кнігі ... гэта так палегчыць жыццё даследчыкам наступных пакаленняў»«.

Супрацоўнікі рэдакцыі перанакіравалі ліст Толкіну, і ён на яго ахвотна адказаў.

 

З ліста 025. Рэдактару газеты «The Observer»

Сэр!

Угаворваць мяне не трэба: я ласы на ліслівасць, што той Цмок, ахвотна пахвалюся брыльянтавай камізэлькай і нават паразважаю пра яе паходжанне, калі ўжо містар Хабіт (яшчэ больш дапытлівы, чым хобіт) не толькі выказвае мне сваё захапленне, але яшчэ і пытаецца, адкуль такі скарб.

Але ці не здаецца Вам, што ў адносінах да даследчыкаў гэта трошкі несумленна? Палегчыць ім жыццё азначае пазбавіць іх сэнсу існавання.

...

І нарэшце, дам будучаму даследчыку невялікую задачку.

Аповесць пісалася з двума перапынкамі, кожны даўжынёй прыблізна ў год: адгадайце, у якіх месцах праца прыпынялася?

Зрэшты, гэта мусіць выявіцца ў любым выпадку. Але мне тут раптам успомнілася: калі Цмок паддаўся ліслівым гаворкам, хобіт падумаў: «Стары дурань!»

Баюся, што містар Хабіт (і Вы) ужо падумалі нешта падобнае.

Але, пагадзіцеся, спакуса была вялікая.

 

***

Гэты нявінны жарт меў, аднак, працяг для Толкіна.

З ліста 026. Да Стэнлі Анвіна

Не ведаю, ці трапляўся Вам на вочы доўгі і дурны ліст у «The Observer» за 20-ае лютага, і калі так, ці не палічылі Вы, што я раптам з’ехаў з глузду.

На мой погляд, рэдактар абышоўся са мной проста несумленна. У студзені газета апублікавала ліст за подпісам «Хабіт» (аўтар ліста пытаўся, ці не падказаныя хобіты лекцыямі Джуліяна Хакслі на тэму пухнатых афрыканскіх пігмеяў і шмат чаго іншага).

Я даслаў у рэдакцыю свой жартоўны адказ, прыклаўшы чысты канверт з маркай для перадачы Хабіту; а таксама і кароткі, цалкам разумны каментар, прызначаны для публікацыі. На працягу месяца зусім нічога не адбывалася, а потым у адзін цудоўны дзень я прачнуўся, каб дазнацца, што мой неабдуманы жарт займае амаль цэлую калонку!

 

***

Толкін заўсёды ганарыўся сваім нямецкім прозвішчам, пра што неаднаразова казаў, і ў той жа час — заставаўся сапраўдным англічанінам. Змагаючыся на баку Вялікабрытаніі, ён удзельнічаў у Першай сусветнай вайне.

А ягоныя дзеці (трое сыноў і дачка) пасталелі якраз напярэдадні Другой сусветнай. Таму фашызм прынёс Толкіену і ўсёй яго сям’і шмат болю і пакут.

Але нават пры гэтым ён быў глыбока абураны, калі — пасля капітуляцыі Германіі — нямецкія гарады працягвалі бамбіць, і абурана пісаў пра гэта ў 1945 годзе.

Толкін дзіўным чынам спалучаў гуманізм і рэдкую грамадзянскую мужнасць (па ягонай версіі, праўда, неіснуючую).

У 1938 годзе пісьменнік хацеў апублікаваць нямецкі пераклад «Хобіта», але з-за палітычных установак у Германіі таго часу выйшла наступнае:

 

З ліста 029. Да Стэнлі Анвіна 25 ліпеня 1938

Трэба сказаць, прыкладзены ліст ад «Rütten and Loening», што называецца, хапіў цераз край. Хацелася б ведаць, праз што такая няласка: ці то праз маё нямецкае прозвішча, ці то праз іх ідыёцкія законы, якія патрабуюць сертыфікат «арыйскага» паходжання ад любога жыхара любой краіны?

Асабіста я схільны адмовіцца даваць якое б там ні было Bestätigung [Пацверджанне] (хоць, між іншым, магу) і паслаць нямецкі пераклад куды падалей.

У любым выпадку, я рашуча выступаю супраць таго, каб падобныя заявы з'яўляліся ў друку. Я зусім не лічу, што адсутнасць яўрэйскай крыві (магчымая) — гэта абавязкова падстава для гонару; у мяне нямала сяброў-яўрэяў, і я вельмі б не хацеў стварыць уражанне, быццам падтрымліваю гэтую ў вышэйшай ступені згубную і антынавуковую расавую тэорыю.

 

***

Кажуць, што Толкін апісаў сваю жонку ў гераіні «Сільмарыліёна» — эльфійскай прынцэсе Люцыэн. Ці так гэта?

Уласна, пра сваё каханне да Эдыт Брэт Толкін можа сказаць і сам.

 

З ліста 340. Да Крыстафера Толкіена 11 ліпеня 1972

Нарэшце заняўся мамінай магілай... Мне б хацелася зрабіць наступны надпіс:

 

Эдыт Мэры Толкін

1889-1971

Люціэн

 

Коратка і суха, за выключэннем Люцыэн, а гэта імя значыць для мяне болей, чым незлічонае мноства слоў; бо яна была маёй Люцыэн (і ведала пра гэта).

13 ліпеня. Скажы, што думаеш, шчыра пра гэты дадатак.

Я пачаў ліст у глыбокім узрушэнні, пад уладай моцнага перажывання і гора, — і ў любым выпадку час ад часу на мяне находзіць (з нарастаючай сілай) усепаглынальнае пачуццё страты. Мне неабходная парада. І аднак я спадзяюся, што ніхто з маіх дзяцей не палічыць выкарыстанне гэтага імя сентыментальным дзівацтвам.

Як бы там ні было, з ужываннем ласкальных мянушак у некралогу яно і ў параўнанне не ідзе. Я ў жыцці не называў Эдыт «Люцыэн» — але менавіта яна дала пачатак легендзе, што з часам стала цэнтральнай часткай «Сільмарыліёна».

Упершыню гэтая легенда зарадзілася на невялікай лясной палянцы, зарослай балігаловам, пад Русам, у Ёркшыры (дзе я нядоўгі час камандаваў аванпастом Хамберскага гарнізона ў 1917 годзе, i яна мела магчымасць жыць там са мной).

У тыя дні валасы яе былі як воранава крыло, скура — аксамітная, вочы ззялі ярчэй, чым калі-небудзь на тваёй памяці, і яна ўмела спяваць — і танчыць.

Але легенда сказілася, я — пакінуты, і мне не дадзена прасіць за яе перад няўмольным Мандасам.

 

***

Што такое папулярнасць? Пакланенне пры жыцці? Хутчэй процьма праблем, калі ты хочаш проста жыць і рабіць тое, што табе падабаецца, а табе замінаюць.

З ліста 336. Да сэра Патрыка Браўна 23 мая 1972

У тым, каб стаць культавай фігурай яшчэ пры жыцці, баюся, прыемнага мала. І тым не менш я не знаходжу, што гэта спрыяе зазнайству; сам я адчуваю сябе жудасць якім маленькім і нікчэмным.

Але нос нават самага сціплага з ідалаў (маладзейшы, чым Чу-Бу, і крыху старэйшы за Шыміша) ніяк не можа не паказытаць салодкі водар фіміяму!

 

Святлана Курганава

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.