Вы тут

Эфект паглыблення


 Эфект паглыблення

Усё пачалося з простага пытання: як пісаць тэксты? Здаецца, тут няма чаго і разважаць — сядай і пішы. Але далей усведамляеш, што гэта больш складана, чым здавалася на першы погляд. А калі жадаеш не проста крэмзаць па паперцы, а ствараць па-сапраўднаму глыбокія тэксты, то ўсё: нешта і сказы не складаюцца, і тэкст не адлюстроўвае ўвесь аб’ём думкі, які імкнешся перадаць. І што тады, спаліць усе тэксты, абняць калені і плакаць? Дакладна, не.

Каб пісаць якасныя творы, трэба паглыбіцца ў сутнасць творчасці. І ў каго вучыцца пісьменніцкаму майстэрству, як не ў прызнаных майстроў? З іх дапамогай мы зараз паглыбімся ў гэты працэс: ад першых накіроўваючых тэзісаў да тэарэтычных асноў. І ніяк не абысціся тут без непасрэднай практыкі.

Што рабіць пачаткоўцам? На гэта пытанне дае дакладны адказ чалавек, набліжаны менавіта да беларускага літаратурнага працэсу. Беларуская пісьменніца і журналістка Людміла Рублеўская дала некалькі карысных парад, каб скіраваць пачаткоўцаў у шырокай плыні літаратуры:

1. Трэба заўсёды брацца за тэму, якая сапраўды цікавіць. Нават калі вы не ведаеце ў падрабязнасцях нейкія аспекты, самае галоўнае — гэта ўласная вялікая зацікаўленасць. Калі вы абыякавыя да выбранай тэмы, лепш шукаць нешта іншае, не прымушаць сябе. Самы галоўны наш чытач — гэта мы самі, таму пісаць трэба тое, што хочацца самім.

2. Каб тэкст атрымаўся чытэльны, я ўсім раю падчас напісання прагаворваць фразы ўслых. Гэта датычыцца любых тэкстаў — як мастацкіх, так і публіцыстычных. Прагаворвайце ўслых, тады вы самі адчуеце, дзе якія нестыкоўкі, дзе негарманічнае гучанне. Гэта ўсё трэба выправіць, таму што да празаічнага тэксту існуюць такія ж самыя патрабаванні, як і да паэтычнага. Гукапіс трэба захоўваць у любых жанрах.

3. Рухавік любога сюжэта — гэта канфлікт. Канфлікт — нейкая праблема, якая паўстае перад персанажамі, кідае ім выклік, праз які яны павінны дайсці да лагічнага фіналу. У тэксце вонкава можа нічога не адбывацца, тады галоўным становіцца унутраны канфлікт: герой праходзіць праз пэўныя эмацыйныя выпрабаванні, і штосьці змяняецца ўнутры самога персанажа. Калі галоўны герой застаўся такім самым, як ім быў напачатку — значыць, аўтар пакінуў яго сюжэтную лінію незавершанай. Але ёсць варыянт, што аўтар зрабіў гэта наўмысна, каб такім чынам ахарактарызаваць героя.

Частая памылка пачаткоўцаў: гэтых канфліктаў шмат на адзін невялікі тэкст. Тады яны пачынаюць канфліктаваць паміж сабой. Аўтар уздымае і гэтую праблему, і гэтую, і гэтую, і ў рэшце рэшт усё атрымліваецца павярхоўным і не завяршаецца аніводная лінія.

4. У тэксце павінен быць мэсэдж. Гэта значыць, аўтарская думка, нейкае пасланне чытачу. Спрачаюцца, ці заўсёды павінен сам пісьменнік асэнсоўваць, які мэсэдж ён уклаў у твор. Часам ён увогуле гэтага не асэнсоўвае, а мэсэдж усё роўна ёсць, часам нават не той, які аўтар усведамляў. Але аўтар абавязкова павінен мець, што сказаць чытачу. Гэта абавязковы адказ на пытанне «Чаму я гэта пішу?», «Чым я хачу падзяліцца?», «Што я хачу змяніць у гэтым свеце?» Глабальна, канешне, але як без гэтага? Ніяк нельга.

5. І галоўнае: калі тэкст напісаны, ніколі не пасылайце яго адразу ў рэдакцыю. Зразумела, калі тэкст завершаны, узнікае эйфарыя ад таго, што ў вас усё так класна атрымалася, і на такім эмацыйнам уздыме хочацца адразу ж, у той жа дзень, падзяліцца. Але лепей, каб ваш тэкст паляжаў некалькі дзён, каб вы маглі пасля перачытаць яго, праглядзець абноўленым вокам. Тады вы заўважыце тыя хібы, супярэчнасці, якія не заўважаліся, пакуль вы пісалі.

Але гэта толькі парады для пачатку, хаця і безумоўна карысныя. Калі не маеш глыбокага разумення, што такое пісьменніцтва наогул, па-сапраўднаму годны цікавы тэкст напісаць не атрымаецца.

Веданне мовы, слоўнікавы запас і стылістыка — тры стаўпы, якія павінны скласці аснову вашага пісьменніцкага майстэрства. Але гэта аснова нічога не вартая без практыкі. Таму вось галоўная парада: калі пачалі пісаць, не спыняйцеся.

Непазбежна тое, што спачатку, начытаўшыся добрай і разумнай літаратуры, вы пачняце нібыта капіраваць любімых аўтараў, пераймаць іх стыль. Гэта цалкам натуральная частка творчага станаўлення. Усе так ці інакш пачыналі, крэмзаючы вершы «пад Багдановіча» або складаючы казкі-легенды, як Караткевіч. Галоўнае тут: не кідаць чытаць наогул, хаваючыся ад навакольнага свету, каб ён не ўплываў на вашы тэксты. Абавязкова: шмат чытаць і шмат пісаць самому. Чым болей пішаш, тым лепей атрымліваецца.

І таму напрыканцы прапануем вам некалькі цікавых практыкаванняў ад Ганны Бутырчык, загадчыцы кафедры замежнай літаратуры філфака БДУ, выкладчыцы «Школы маладога пісьменніка».

1. Што было б, калі б… Паспрабуце ўявіць сабе сітуацыю, што было б, калі б ваш родны горад апынуўся пасярод мора? Альбо быў бы сталіцай падводнага царства? Альбо ўзняўся б у нябёсы?

2. Напішыце гісторыю, якая  пачыналася б з адной з прапанаваных фраз:

Жыла-была дзяўчынка, якая любіла абуваць маміны чаравікі.

Яго знайшлі праз тры дні…

Канешне, у Лондане кажуць, нават i парсюкi лётаюць, але...

3. Паспрабуйце расказаць/перапісаць  агульнавядомую казку/твор ад  імя аднаго з персанажаў.

Як выглядала б казка пра залатую рыбку, калі б яе расказвала рыбка?

Як змянілася б гісторыя пра Дзікае паляванне караля Стаха, калі б яе расказала Надзея Яноўская?

4. Стварыце гісторыю, у  якой у абсалютна рэальную  сітуацыю трапляе добравядомы літаратурны герой.

Уявіце, што на ваш абсалютна рэальны ўрок хіміі (ці любы іншы) выпадкова зайшоў Гары Потар і выступіў экспертам хімічных (ці іншых) навук.

5. Паспрабуйце стварыць тэкст, выкарыстоўваючы толькі адну часціну мовы.

Марыя Свіст

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.