Вы тут

Капаць ці надбудоўваць?


Капаць ці надбудоўваць?

У настаўніцкай мінскай школы № 201 выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Мікалаеўна Мароз і педагог-псіхолаг, настаўнік АБЖ, Вольга Сяргеўна Чэркасенка высвятляюць, на якой глыбіні шукаць веды вучняў.

Т.М: Часта хочацца даць вучням крыху болей ведаў, чым прадугледжвае праграма. Але не заўсёды яны лічаць гэта патрэбным. Часам падаецца, што прасцей вывучыць шаблон. Ды толькі гэтага мала на добрую адзнаку. Пытаешся, а там усё на паверхні. Дык вось цікава, а ці існуе зараз ўвогуле нейкая глыбіня ведаў у вучняў?

В.С.: Для мяне глыбіня ведаў — гэта, у першую чаргу, вольнасць разважанняў на тую ці іншую тэму. Але зараз з гэтым крыху цяжэй, чым два, тры ці пяць пакаленняў назад. Мне здаецца, што непасрэдна аб глыбіні можна гаварыць толькі з адзінкамі.

Т.М.: Але ж так быць не павінна. Так, канешне, урок гэта ўрок. Амаль гульня ў кола фартуны: спытаюць ці не спытаюць. І давучваць, калі не падрыхтаваліся, мала хто будзе. Аднак калі яны пойдуць вучыцца далей, то не будуць разумець, пра што з імі гавораць. Ды і само разуменне матэрыялу будзе знаходзіцца на тым жа павярхоўным узроўні. А ад гэтага залежыць здольнасць мець уласны пункт гледжання. Зараз ім прасцей адказаць: «Я цалкам пагаджаюся з думкай крытыка», чым сфармуляваць сваё меркаванне.

В.С: Але меншую зацікаўленасць у вучобе можна абгрунтаваць і наваколлем. З рухам свету, развіццём інфармацыйных тэхналогій, зменай агульнай псіхалогіі грамадства змяняюцца і дзеці. Тое, што цікавіла і хвалявала нас, можа зусім не кранаць сучасных дзяцей. Для мяне глыбіня ведаў можа вымярацца рознабаковым развіццём. А яно неабходна ўсім — як дзецям, так і дарослым, бо ўплывае не толькі на нашы лёсы, але і на развіццё краіны.

Т.М.: А на чым будуецца рознабаковае развіццё? На аснове, закладзенай у школе. І калі няма яе, то пра глыбокія веды і размовы ісці не можа. Але і не заўсёды ёсць магчымасць данесці ўсё, што патрабуе праграма, так, як гэтага хочаш, бо на ўроку не так шмат часу. Тут узнікае неабходнасць у дадатковых занятках. А там ёсць магчымасць і больш цікавостак распавесці і больш грунтоўна замацаваць пройдзенае. Вось менавіта там сапраўды глыбокія веды збольшага і атрымліваюць.

В.С.: Але дадатковыя заняткі неабходныя і таму, што вучні розныя. Адны больш рухавыя і хутчэй успрымаюць матэрыял. У іншых рабіць гэта так лёгка не атрымліваецца. Калі ўлічваць гэтыя асаблівасці, то можна атрымаць сапраўды якасныя веды. Але прымушаць вучыцца нельга — трэба зацікавіць. А ў гэтым не малую ролю адыгрываюць і бацькі. Калі яны хоць паўгадзіны ў дзень будуць займацца з дзецьмі і патлумачаць ім неабходнасць глыбокіх ведаў, то мы больш наблізімся да сваёй мэты — падрыхтаваць добра адукаваных, разумных людзей.

Т.М.: Згодна! Але ўсё адно: час ідзе, мяняецца свет, а разам з ім і неабходнасць у той ці іншай інфармацыі. Настаўнік вучыцца быць і археолагам, і будаўніком.

Кацярына Тарасава

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.