Вы тут

Журналістам паказалі, як вырабляюць 60 тон марожанага ў суткі


Журналістам паказалі, як на адным з буйнейшых прадпрыемстваў краіны вырабляюць 60 т марожанага ў суткі, у тым ліку пламбіру з яшчэ большай колькасцю вяршкоў.  


Да гэтага летняга сезону кампанія “Санта Брэмар” выпусціла пад гандлёвай маркай “Юкі” лінейку пламбіраў, у якіх першы і асноўны кампанент — адборныя натуральныя вяршкі. Штогод увесь асартымент марожанага тут абнаўляюць на 10 працэнтаў. “Санта Брэмар” наогул вельмі добра ведае, што такое смачныя ахалоджвальныя навінкі — прадпрыемства некалі першым пачало выпускаць вафельныя кубачкі з начынкамі, ражкі і брыкеты, марожанае ў герметычнай упакоўцы… Склад новага пламбіру, які ўжо можна адшукаць у гандлёвай сетцы, удасканалены паводле спажывецкіх пераваг, выяўленых падчас даследавання рынку.

Даследаванне, дарэчы, паказала, што самы папулярны ў беларусаў від марожанага ў рознай фасоўцы вагой да 200 грамаў — пламбір. Пры гэтым да яго смаку і складу наш спажывец прад’яўляе самыя высокія патрабаванні. “Мы дадалі яшчэ больш свежых вяршкоў, аб чым сведчыць сама назва прадукту — “Юкі. Пламбір на вяршках”, што азначае ў нашым разуменні дасканалы смак — сметанковы, аксамітны, і адпаведна, тлустасць ужо не 12, а 15 працэнтаў, — адзначае начальнік аддзела маркетынгу СП “Санта Брэмар” ТАА Алеся ЕЛІНА. — Нягледзячы на тое, што рост сабекошту такога прадукту вырас, на цане гэта не адаб’ецца. Доля марожанага на айчынным рынку складае 25 працэнтаў. Пастаўляем мы гэту прадукцыю і ў Расію, Ізраіль, Малдову, Грузію, Канаду, пробную партыю адправілі ў Кітай. Летам наш цэх выпускае ў суткі да 60 т марожанага, але для нас важна не толькі нарасціць аб’ёмы, але і знайсці цікавую ідэю, якая будзе прадавацца, бо рынак марожанага ў нашай краіне звужаецца, а канкурэнцыя расце”.

Малако гатунку “экстра” і вяршкі для новага пламбіру закупаюцца ў прадпрыемства “Савушкіна”, уласнай гаспадаркі кампаніі “Савушкін прадукт”. Сучасная малочна-таварная ферма на 3 тысячы кароў аснашчана адзінай пакуль у краіне нямецкай устаноўкай для даення “Карусель”. Тут ад кожнай каровы атрымліваюць каля 23 кг малака ў суткі. Уся жывёла — толькі айчыннай селекцыі. 

Пункт прыёму вяршкоў і малака на “Санта Брэмар” цалкам аўтаматызаваны, доўга на прамежкавым складзе сыравіна не затрымліваецца, амаль адразу адпраўляецца ў цэх, у велізарны блэндар, дзе перамешваюцца сухія і вадкія кампаненты. Яны раствараюцца, пастэрызуюцца і адпраўляюцца на гомагенізацыю, неабходную для таго, каб структура была аднароднай, пяшчотнай, як мы любім, а не з кавалачкамі лёду і малочнага тлушчу. Далей сумесь ахалоджваецца і адпраўляецца на выспяванне ў 6-тонныя ёмістасці, на якіх так і пазначана: “Сумесь марожанага”. На наступным этапе — фрэзеравання — сумесь узбіваецца і замарожваецца да -5 градусаў. Фактычна гэта ўжо гатовы прадукт, праўда, пакаштаваць яго можна толькі будучы на прадпрыемстве, бо гэта яшчэ пакуль мяккае марожанае. Яно дазіруецца — размяркоўваецца па вафельных кубачках або ў яго ўбіваецца палачка, пасля чаго адпраўляецца ў сапраўдную мерзлату — спецыяльную шафу з тэмпературай каля -35. Прадукт лічыцца гатовым да ўпакоўкі, калі тэмпература ўнутры яго будзе не меншай за -16 градусаў. Цяпер можна ўпакаваць і скласці па скрынях для дастаўкі ў гандлёвую сетку. Калі ж неабходна вырабіць марожанае на палачцы ў глазуры, то спачатку аснову ахалоджваюць, а затым акунаюць у растопленую глазуру. Як толькі тая застывала, можна ўпакаваць. Цікава, што ў адным цэху ўстаноўлены адразу сем вытворчых ліній — такая колькасць марожанага, якую можна ахапіць вокам, пэўна, дзецям і ў снах не сніцца.

Абсталяванне італьянскай, нямецкай і польскай вытворчасці дазваляе ўвасобіць фактычна любую фантазію. І не дзіва, што менавіта тут выпускаюцца жэлейны лёд і лёд з мармеладным стрыжнем, марожанае-суфле і ёгуртнае, шматслойныя рулеты і торты з бісквітамі… Нараджаецца марожанае на працягу дзесьці 6 гадзін, а з’ядаецца… за імгненне.   Мяккае марожанае аказалася сапраўды неверагодна пяшчотным, аксамітным. І што самае важнае, кубачак у гэтым варыянце — хрумсткі! Шкада, што гэта знікае ў працэсе захоўвання. Кубачкі і ражкі “Санта” набывае ва Украіне, кампаненты для глазуры завозяцца з Прыбалтыкі. Закупаецца і камедзь ражковага дрэва, і некаторыя іншыя кампаненты. Аднак выкарыстоўваюцца яны па мінімуме, а галоўныя складовыя — айчынныя.

Даследаванні паказалі, што айчынны спажывец усё больш дэталёва вывучае склад такога прадукту, як марожанае, і часам яго засмучае, калі пунктам першым ідзе звычайная… вада. Але і каровіна малако на 87 працэнтаў — вада! Праўда, у выпадку з новым пламбірам на свежых вяршках на першым месцы… Ну, вядома, вяршкі!

Вырабляюць марожанае ў Беларусі ажно 24 вытворцы, але спажыванне гэтага прадукту ў нас чамусьці нізкае — усяго каля 2,5 кг у год на чалавека. Можа, возьмем прыклад з фінаў? У Фінляндыі на кожнага жыхара прыпадае 8,7 кг!

Святлана БАРЫСЕНКА

Мінск - Брэст

Загаловак у газеце: На свежых вяршках

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.