Вы тут

Лебядзіны востраў і бэзавы сад з'явіліся ў аграгарадку Сіняўка


Паміж аграгарадком Сіняўка і вёскай Нарэшавічы ў Клецкім раёне ўжо сёлета з'явіцца Лебядзіны востраў. Месца адпачынку ўладкуюць у маляўнічых мясцінах на беразе возера, якое некалькі гадоў таму аблюбавалі прыгожыя і высакародныя птушкі.


Кры­ні­ца ў аг­ра­га­рад­ку Сі­ня­ўка.

— Тут будзе пляжная зона, масткі для лоўлі рыбы. Дзякуючы ініцыятыве мясцовых жыхароў у вадаём запусцілі малькоў, ачысцілі ад кустоў берагі. Плануюцца пляж, валейбольная пляцоўка, кантэйнеры для смецця, стаянка для машын, кабінкі для пераадзявання, альтанкі, мангалы, лаўкі, інфармацыйны стэнд. Усё абсталяванне ўжо гатова, — дзеліцца сваімі планамі старшыня Сіняўскага сельскага Савета Ала Сянькевіч.

Ала Іосіфаўна нарадзілася ў Сіняўцы, тут вырасла, закончыла школу. Калі яе выбралі старшынёй сельскага Савета дэпутатаў, паабяцала землякам, што будзе імкнуцца зрабіць вёску райскім куточкам, надаць ёй каларыт і адметнасць. І да гэтага прыклала шмат намаганняў і фантазіі. За адносна кароткі прамежак часу ўдалося рэалізаваць тры праекты: «Крыніца», «Бэзавы сад» і «Амфітэатр».

— Тры гады таму Клецкі райвыканкам аб'явіў конкурс праектаў па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў. Гэты конкурс праходзіць і цяпер. І мы вельмі хацелі перамагчы. У выніку сталі пераможцамі, атрымалі 400 базавых велічынь на стварэнне аб'екта «Крыніца», — кажа Ала Іосіфаўна.

Калісьці гэтая тэрыторыя была закінутай. Яе расчысцілі, добраўпарадкавалі, крынічку «адзелі» ў драўляны зруб, зрабілі масткі, высадзілі кветкі. І сюды пацягнуліся не толькі мясцовыя жыхары, але і суседзі з Клецка, Мінска, Брэсцкай вобласці. Прыязджаюць адпачыць пад кронамі разгалістых дрэў і набраць крыштальна чыстай вады. Сярод местачкоўцаў ходзіць легенда, што гэтая вада дапамагае вылечыць хваробу вачэй. Спецыялісты зрабілі даследаванні, якія пацвердзілі, што сапраўды па сваім хімічным складзе яна адмысловая. Над крыніцай усталявана дошчачка з вынікамі аналізаў. «Каб людзі бачылі, якую ваду п'юць», — удакладніла мая суразмоўніца.

— У мінулым годзе дзякуючы перамозе ў конкурсе мы зноў атрымалі грант райвыканкама і рэалізавалі яшчэ адзін праект — летні амфітэатр. Акрамя конкурсных, у нас ёсць і пазаконкурсныя праекты, — працягвае Ала Іосіфаўна.

У цэнтры каля Свята-Нікольскай царквы высаджаны бэзавы сад — візітная картка аграгарадка. Тэрыторыю, што непасрэдна прылягае да храма, калісьці акультурыў настаяцель на сродкі прыхаджан. А вось іншая яе частка была ў непрэзентабельным выглядзе. Раней тут знаходзіліся старыя паўразваленыя дамы. Іх прыбралі, а на ўчастках пасадзілі шмат кустоў бэзу розных відаў. Уладкавалі імправізаваны ручай з драўляным мастком, калодзеж з жураўлём, каменныя кашы для кветак, устанавілі лаўкі. Тут жа з'явілася і рабінавая алея. Па традыцыі тут штогод высаджваюцца маладыя дрэўцы — па колькасці дзяцей, што нарадзіліся за год на тэрыторыі сельсавета.

— Плануем адкрыць дзіцячую гульнявую пляцоўку насупраць школы ў скверы. Месца для яе ўжо падрыхтаванае, куплена неабходнае абсталяванне, — канстатуе старшыня. — У гэтым нам дапамаглі раённыя грамадскія арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» і «Белая Русь». У планах стварэнне «Кірмашовага дворыка». Вядома, у нас ёсць месца для гандлю. Але хацелася б яго акультурыць, зрабіць сучасным і прыцягальным для вяскоўцаў, якія хочуць прадаць вырашчаную на прысядзібных участках прадукцыю.

І гэта яшчэ не ўсё. Справа ў тым, што ў аграгарадку налічваецца больш як 2000 жыхароў, а прыстасаванага месца для правядзення розных масавых мерапрыемстваў няма. Дом культуры будаваўся як кінатэатр, яго рэканструкцыя пад установу культуры дорага абыдзецца. Вялікія святы ладзяцца пераважна ўздоўж рэспубліканскай трасы, якая праходзіць праз вёску, што небяспечна. Таму і з'явілася ідэя ўладкаваць спецыяльнае месца, дзе можна сабраць людзей, арганізаваць канцэрт. А яшчэ ў марах старшыні пабудаваць на гэтай пляцоўцы крыты амфітэатр.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Лебядзіны востраў, бэзавы сад...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.