Вы тут

Што такое КОТГС і як гэта насамрэч працуе


З кожным годам у Беларусі з'яўляецца ўсё больш неабыякавых людзей, якія жадаюць бачыць свой двор дагледжаным, пад'езд — чыстым, а лавачкі — пафарбаванымі. Калі вы пазналі ў гэтых словах сябе, то вам варта паспрабаваць свае сілы ў КОТГС — калегіяльным органе тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Менавіта эфектыўнасць гэтага органа абмеркавалі на апошнім сумесным пасяджэнні ў Мінску ўдзельнікі Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце і пастаяннай камісіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў мандатнай, па галоснасці, самакіраванні, правапарадку і міжнародных сувязях.


Калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — гэта група людзей, якія неабыякава ставяцца да жыцця свайго раёна і ўсімі сіламі спрабуюць палепшыць навакольную тэрыторыю.

Якія пытанні можа вырашыць гэты орган? Любыя, звязаныя з канкрэтна вашым жылым раёнам. Калі санітарны стан вашага пад'езда выклікае пытанні, калі побач з вашым домам пастаянна непрыбрана — арганізацыя ў гэтым можа разабрацца. Акрамя таго, удзельнікі і актывісты КОТГС падтрымліваюць сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзян, маюць зносіны з мясцовымі ўчастковымі, а таксама могуць арганізаваць розныя мерапрыемствы — напрыклад, свята двара ці конкурс на лепшы кветнік.

Адразу з'яўляецца пытанне — адкуль столькі паўнамоцтваў? Гэты орган актыўна супрацоўнічае з рознымі службамі і арганізацыямі — адміністрацыяй раёна і сацыяльнай службай, жыллёва-камунальнай гаспадаркай і мясцовай школай, грамадскімі арганізацыямі і многімі іншымі. Навошта яму гэта трэба? Усё проста: лепш за ўсё аб праблемах раёна ведаюць людзі, якія ў ім жывуць. Таму дзяржава, згодна з законам аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, надзяліла КОТГС магчымасцю вырашаць праблемныя моманты.

Прадстаўнікі ўлады на мінулым выязным пасяджэнні пазнаёміліся з работай аднаго з найбольш актыўных і паспяховых органаў, якім з'яўляецца сталічны КОТГС-59 Савецкага раёна. Па словах яго старшыні Уладзіміра УСЦІНОВІЧА, кола пытанняў, па якіх працуе арганізацыя, надзвычай шырокае. «План работы на год вызначаецца на падставе анкетавання жыхароў раёна, — адзначыў ён. — Сёння сярод актуальных пытанняў можна вылучыць наступныя: тэхнічнае абслугоўванне жылых дамоў, добраўпарадкаванне двароў, паркоўка транспарту і выгул сабак у дварах».

На думку старшыні, такая форма ўзаемадзеяння грамадства і дзяржавы, як КОТГС, сапраўды жыццяздольная. «Бо мы не толькі даглядаем двор, але і актыўна ўзаемадзейнічаем з гарадскім аддзелам міліцыі, разам імкнёмся ўтаймаваць наркаманаў, хуліганаў і дэбашыраў, — падкрэсліў Уладзімір Усціновіч. — Стараемся таксама дапамагчы людзям, якія пакінулі месца зняволення, знайсці работу».

Дзякуючы сур'ёзным адносінам з боку міліцыі актывістам органа ўдалося нават раскрыць 5 злачынстваў. Больш за тое, з дапамогай удзельнікаў КОТГС затрымалі гвалтаўніка, які аказаўся рэцыдывістам. «Усё дзякуючы ўсталяваным на тэрыторыі раёна камерам назірання», — дадаў старшыня.

На жаль, сёння цэнтральнай праблемай гэтых органаў з'яўляецца не надта вялікая колькасць зацікаўленых у такой дзейнасці людзей. «Але я лічу, што ў кожным доме ёсць актывісты, проста ім трэба паказаць, што такая форма працуе», — упэўнены Уладзімір Усціновіч.

— Усё залежыць толькі ад грамадзян, — лічыць старшыня пастаяннай камісіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў мандатнай, па галоснасці, самакіраванні, правапарадку і міжнародных сувязях Георгій АТАМАНАЎ. — Але, акрамя гэтай, ёсць і іншыя праблемы. На жаль, у краіне так і не рэалізавана палажэнне закона аб стварэнні нацыянальнай асацыяцыі Саветаў дэпутатаў, а сама прававая форма не дае адказаў на практычныя пытанні. Таксама неабходна сістэмнае і комплекснае прававое рэгуляванне органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Трэба канкрэтызаваць парадак узаемадзеяння такога інстытута і органаў дзяржаўнай улады пры вырашэнні пытанняў мясцовага значэння.

Па выніках сустрэчы было вырашана актывізаваць работу паміж органамі тэрытарыяльнага грамадскага кіравання, мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканкамамі і адміністрацыямі па прыняцці рашэнняў мясцовага значэння. Акрамя таго, у будучым магчыма прыцягненне органа да ўдзелу ў пытаннях гандлю, грамадскага харчавання, транспартнага і бытавога абслугоўвання, аховы здароўя і сацыякультурнай сферы.

У канцы пасяджэння старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Леанід ЦУПРЫК падкрэсліў, што сёння сістэма органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання працуе, нягледзячы на некаторыя недакладнасці. «Пакуль выніковыя рашэнні нашага пасяджэння маюць агульны характар, паколькі ўсе прапановы патрабуюць вельмі сур'ёзнага і ўзважанага падыходу, — адзначыў Леанід Цупрык. — Іншая справа, што сёння гэта ўсё ў асноўным трымаецца на энтузіязме і актыўнай грамадзянскай пазіцыі людзей. А як палепшыць сітуацыю — гэта ўжо абсалютна новае пытанне».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Апора адна — энтузіязм людзей

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.