Вы тут

Як адпачыць без рызыкі для жыцця?


Сумная вестка прыйшла на выхадных са Столінскага раёна. Група падлеткаў адпачывала каля ракі непадалёк ад вёскі Ямнае. Кампанія разышлася, на беразе засталіся толькі двое — 17-гадовы выпускнік школы і дзяўчына. Хлопец зайшоў у ваду. Але дно там аказалася няроўнае. Плаваць юнак не ўмеў. У нейкі момант ён спаткнуўся і знік пад вадой...


Па стане на 19 чэрвеня вада адабрала жыцці 99 чалавек, у тым ліку 7 непаўналетніх. Уратаваць ад смерці паспелі 81 няўдачлівага плыўца, сярод якіх было 28 дзяцей. А вось папярэджанняў было вынесена шмат — ажно 6634.

— У цэлым па краіне і па Мінску склалася добрая тэндэнцыя па памяншэнні гібелі на вадзе, — кажа старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства ратавання на вадзе Фёдар Клюкач. — Напрыклад, у 1990-я гады ў Мінску штогод танула 120—130 чалавек. У крайне спякотным 2015 годзе іх было ўжо 63. А летась — 41. Гэтаму зніжэнню спрыяе шчыльная ўзаемасувязь з усімі зацікаўленымі арганізацыямі.

Пастаянна праводзім і прафілактычную работу, пачынаючы ад дзіцячых садкоў і заканчваючы працоўнымі калектывамі на прадпрыемствах. У апошніх да 2009 года яе амаль не было. Цяпер жа мы прыходзім туды з фільмамі, адкрытымі лекцыямі. Ды і вадалазы расказваюць пра сваю працу.

Больш за ўсё адпачывальнікаў збіраецца ў Мінску. За мінулы год супрацоўнікі Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства ратавання на водах выратавалі на сталічных вадаёмах 120 чалавек, з іх 17 непаўналетніх. 18—20 чалавек штогод з іх прыпадае на долю Камсамольскага возера.

— Нам даводзілася даставаць з вады людзей, у якіх пасля было дыягнаставана моцнае ап'яненне, — згадвае начальнік выратавальнай станцыі «Камсамольскае возера» Дзяніс Чашун. — Скажам, 3,8 праміле ці ўвогуле 4,2. Гэта смяротная доза! А ўратаваны зноў лезе ў ваду і крычыць: «Я магу плыць далей! Я майстар спорту па плаванні!» Другая праблема — дзеці. Яны вельмі любяць скакаць у ваду. Але вельмі цяжка ім данесці тое, што да гэтага прайшлі не вельмі добрыя людзі і кінулі ў ваду смецце. А скончыцца гэта можа вельмі цяжкай траўмай. Ды і трэба бацькам кантраляваць, дзе знаходзяцца іх дзеці. Свежы прыклад. Да нас паступіў выклік, што на акваторыі возера тоне дзяўчына. Выехалі, небараку выцягнулі з вады. Сталі распытваць, што ды як. Аказалася, што ёй усяго толькі 14 гадоў. Патэлефанавалі бацькам, каб паведаміць аб здарэнні. А маці кажа: «Дык яна пайшла на дзень нараджэння да сяброўкі і зараз гуляе ў парку!»

Таму мы пастаянна праводзім рэйды разам з супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў. Калі да здаровага сэнсу парушальніка інфармацыю не ўдаецца давесці праз размовы, то даводзіцца рабіць гэта ўжо праз кашалёк. Артыкул 23.63 КаАП «Купанне ў забароненым месцы» прадугледжвае санкцыю ад адной да трох базавых велічынь. На сёння гэта — ад 23 да 69 рублёў.

Шмат адпачывальнікаў імкнецца заплыць за буй. Але мы іх там паставілі не таму, што нам шкада. Па-першае, гэта сігнал таго, што там ужо глыбока. Па-другое, буй размяжоўвае зону для праходу маламерных суднаў. І калі ў сонечнае надвор'е па акваторыі ідзе катар, то яго кіроўцу заўважыць галаву чалавека на вадзе вельмі цяжка, тым больш на хуткасці.

Вельмі важна — даведацца, у якіх вадаёмах купацца можна, а ў якіх у ваду лепш не заходзіць. Як жа атрымаць гэтую інфармацыю?

— Дастаткова зайсці на сайт Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, — раіць галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Ігар Бароўка. — На тытульнай старонцы будзе змешчана паведамленне аб дзяржаўным санітарным наглядзе за станам зон рэкрэацыі. Штопятніцы яно абнаўляецца.

Цяпер абмежавана купанне дзяцей на дзвюх зонах адпачынку. Гэта гарадскі пляж у Нароўлі і пляж «Каскад-1» у Цэнтральным раёне Гомеля. І дзецям, і дарослым не варта выбіраць для воднага адпачынку зону ў Мазыры на левабярэжжы Прыпяці ад аўтамабільнага моста да рэчышча ракі Мерлявіцы.

— Што да дзіцячай смяротнасці, то траўмы і ўтапленні складаюць прыкладна пятую частку, — канстатуе выконваючы абавязкі загадчыка лабараторыі РНПЦ «Маці і дзіця» Ганна Сімчанка. — Ад няшчасных выпадкаў за 2016 год загінулі 148 дзяцей. З іх на долю выпадковых утапленняў прыйшлося 25. Я спынюся на фактарах, якія правакуюць патэнцыйны няшчасны выпадак. Гэта асаблівасці дзіцячага арганізма. У дзяцей працэсы нервовай сістэмы — узбуджэння і тармажэння — вельмі лёгка выходзяць з раўнавагі. У малых малодшага ўзросту падчас адпачынку ў спякоту перыядычна дыягнастуецца абязводжанне. На беразе дзеці часта знаходзяцца ў гарачае надвор'е без панамак, пераграваюцца. Таму калі вы вырашылі прыйсці да вады з малым, то стаўце на першы план менавіта яго бяспеку.

— Самая вялікая бяда, з якой мы сутыкаемся ў летні перыяд, — гэта траўмы пазваночніка, якія людзі атрымліваюць падчас нырання на мелкаводдзі, — зазначае ўрач-нейрахірург першага нейрахірургічнага аддзялення ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі» Павел Бобрык. — Як правіла, гэта людзі ва ўзросце да 35 гадоў, якія знаходзяцца ў самым росквіце сіл. А вымушаны пасля здарэння перасаджвацца на інвалідную каляску... Чацвёра з пяці людзей, якія атрымалі траўму пазваночніка шыйнага аддзела і спіннога мозгу, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. У 95% з паступаючых да нас у Цэнтр траўмы звязаны з пашкоджаннем спіннога мозгу.

На базе Цэнтра створана адмысловая выязная брыгада. У ёй кругласутачна дзяжураць урач-нейрахірург і кіроўца. Колькасць выклікаў прама прапарцыянальная росту тэмпературы паветра. Бывае так, што за дзень даводзіцца выязджаць у 5—7 пунктаў.

— Людзі, якія ныраюць уніз галавой, не ведаюць, што ў шыйным аддзеле пазваночніка ёсць і спінны мозг, — працягвае Павел Бобрык. — На моц яны яго выпрабоўваюць раз, другі, трэці, пакуль іх без руху ў канечнасцях не выцягваюць ратавальныя службы. Напрыклад, з 350 выклікаў у нас за год 90 звязаны з пашкоджаннем шыйнага аддзела пазваночніка. Калі ж адбыўся разрыў спіннога мозгу — гэта сапраўдная катастрофа. І шанцы на паўнавартаснае аднаўленне функцый блізкія да нуля.

Але ў вадзе могуць падсцерагаць і іншыя непрыемныя сітуацыі. Пра іх расказаў намеснік начальніка ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз ДКСЭ па горадзе Мінску Уладзімір Семянко-Баярынцаў.

— За 27 гадоў, якія я адпрацаваў у медыцыне, «сезон» масавых утапленняў заўжды пачынаецца ў сакавіку і доўжыцца ажно да кастрычніка. І амаль усе смяротныя выпадкі звязаны з алкагольным ап'яненнем. Кампаніі выязджаюць на бераг, адзін смяльчак адкрывае сезон — і ўсё... Мала хто ведае, але існуе і так званае сухое ўтапленне. Яно наступае тады, калі чалавек апусціўся ў ваду і ў яго адбыўся рэфлекторны спазм галасавых звязак. Яны перакрываюць доступ кіслароду да лёгкіх. А пры апусканні ў халодную ваду можа адбыцца і рэфлекторнае спыненне сэрца. Таму трэба пачакаць, пакуль вада нармальна прагрэецца, і толькі пасля ісці купацца. Што асабліва важна гэтым летам...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Калі вада — бяда

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.