Вы тут

«Жывая класіка». Эксклюзіўны праект Беларусі


Конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка» — гэта магчымасць далучыцца да добрай літаратуры, прапушчанай праз дзіцячыя сэрцы. Школьнікі з усёй краіны спаборнічаюць у майстэрстве чытання выдатных твораў беларускіх аўтараў. Сёлета конкурс праходзіць ужо пяты раз. Але толькі ў гэтым годзе ён набыў новыя маштабы — зрабіўся рэспубліканскім — у ім удзельнічаюць прадстаўнікі амаль усіх раёнаў краіны. Ужо падведзены вынікі абласных і мінскага гарадскога этапаў. Пераможцы сустрэнуцца ў фінале, які пройдзе 1 і 2 верасня ў Полацку падчас Дня беларускага пісьменства.


Сёлета ўдзел у конкурсе прынялі 13 394 школьнікі з усёй краіны. 606 вучняў спаборнічалі ў абласных адборах. У Полацку ж сваё майстэрства прадэманструюць 28 юных чытальнікаў. Яны ўжо атрымалі свой шчаслівы білет — магчымасць наведаць святочныя мерапрыемствы на радзіме першадрукара, паўдзельнічаць ва ўрачыстых школьных лінейках, першых званках у слаўным Полацку. Больш за тое, пераможца прачытае выбраны твор на канцэрце закрыцця свята пісьменства 3 верасня.

Традыцыйна на «Жывую класіку» запрашаюць і пісьменнікаў з іншых краін, якія прыязджаюць на свята, каб на сабе адчуць унікальную атмасферу беларускага слова.

— Дзень беларускага пісьменства — свята з міжнародным розгаласам, — адзначае намеснік міністра інфармацыі Беларусі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. — Сапраўды, пісьменнікі, паэты з іншых краін удзельнічаюць і ў фінальным этапе конкурсу «Жывая класіка», выступаюць у перапынках паміж чытаннямі вершаў дзецьмі. Сёлета чакаем прадстаўнікоў больш чым з дзесяці краін свету: пройдзе традыцыйны міжнародны круглы стол з удзелам замежных і беларускіх пісьменнікаў. Ужо пацвердзілі свой удзел госці з Казахстана, Таджыкістана, Туркменістана, Літвы, Польшчы, розных рэгіёнаў Расіі. Спадзяёмся, што прыедзе вядомы Мар'ян Серватка, былы пасол Славацкай рэспублікі ў Беларусі. Дарэчы,
хачу адзначыць, што цяпер у Славакіі, у юбілейны для Янкі Купалы год, выйшла кніга вершаў «А хто там ідзе?», прычым у новых перакладах славацкіх паэтаў. Думаю, што будуць госці з Азербайджана, Арменіі. Усе яны (калі казаць пра ўражанні мінулых гадоў), з захапленнем успрымаюць тую атмасферу «Жывой класікі», якая спалучаецца з удзелам школьнікаў у свяце беларускага пісьменства. Многія гавораць, што гэта эксклюзіўны праект Беларусі.

Адзін з адметных юных чытальнікаў — Багдан Цэхановіч, які скончыў трэці клас школы №2 Мар'інай Горкі, — спецыяльна завітаў у Мінск на сустрэчу з журналістамі, каб прадэманстраваць сваё чытанне ўрыўка паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа — і гэта невыпадкова. Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ адзначае:

— Самым папулярным пісьменнікам, якога сёлета чыталі ўдзельнікі «Жывой класікі», аказаўся Якуб Колас. Менавіта да яго твораў найчасцей звярталіся дзеці. А самы папулярны твор (нядаўна споўнілася 110 гадоў з моманту яго напісання) — «Савось-распуснік» гэтага ж аўтара. Чые творы яшчэ чытаюць дзеці? Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Адама Міцкевіча, Канстанцыі Буйло, таксама сучасных аўтараў Уладзіміра Ліпскага, Алеся Бадака і іншых. Вядома, вялікая ўвага ў сёлетнім конкурсе ўдзелена тэме Францыска Скарыны і 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання, якое мы адзначаем... Думаю, у конкурсу добрая і светлая будучыня. Ёсць ідэя ў наступным годзе зрабіць яго і конкурсам аўтарскіх вершаў, бо ў дзяцінстве многія захапляюцца іх напісаннем. Нашаму Саюзу пісьменнікаў важна падтрымаць творчую моладзь, каб роднае слова жыло.

Намеснік генеральнага дырэктара тэлеканала СТБ Павел КАРАНЕЎСКІ адзначыў, што кожны дзень у праграме «Раніца. Студыя добрага настрою» можна ўбачыць і пачуць кагосьці з юных чытальнікаў. Таксама ён падкрэсліў, што для конкурсу ў Полацку, па магчымасці, для кожнага ўдзельніка ствараецца адметны сцэнічны вобраз. Гэта варта ўбачыць.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.