Вы тут

Чаму немагчыма стварыць тарыфную сетку на аплату юрыдычнай дапамогі?


Адказаць на гэтае пытанне дакладна нельга, бо адвакат аказвае не паслугі, а юрыдычную дапамогу.  Важна, да спецыяліста якой кваліфікацыі звяртаецца грамадзянін і якой складанасці пытанне ён вырашае. Часам, каб знайсці адказ, які змесціцца ў адзін сказ, адвакату прыходзіцца некалькі дзён вывучаць нарматыўныя дакументы.


На кошт паслуг уплывае стаж працы прафесіянала, складанасць звароту, запатрабаванасць канкрэтнага адваката, а таксама геаграфія яго знаходжання: у сталіцы ці маленькім гарадку. Усе гэтыя нюансы з'яўляюцца складнікамі ганарару і вызначаны правіламі прафесійнай дзейнасці адвакатаў.

— Дакладных цэн нідзе няма. У Германіі вызначаны, напрыклад, мінімальныя памеры за пэўныя юрыдычныя дзеянні. А максімум вынікае з дамоўленасці адваката з кліентам. У нас жа пытанне кошту адвакацкіх паслуг вырашаецца дэмакратычна і ў інтарэсах перш за ўсё грамадзяніна, — расказаў Віктар ЧАЙЧЫЦ, старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

Ён адзначыў, што цікавасць да паслуг адвакатаў у беларусаў не вельмі вялікая і, з аднаго боку, гэта добра. З другога — хацелася б, каб пра інстытут адвакатуры больш ведалі і звярталіся па юрыдычную дапамогу на самых ранніх стадыях. Спецыялісты скіраваны на тое, каб аказваць юрыдычную дапамогу задоўга да з'яўлення праблемы. Разам з тым заканадаўствам прадугледжаны шэраг спраў, па якіх грамадзяне могуць атрымаць бясплатную юрыдычную дапамогу. Напрыклад, дапамога па працоўных пытаннях, што разглядаюцца ў судзе, аказваецца выключна сіламі саміх адвакатаў і за іх кошт і не кампенсуецца дзяржавай. Асобы з інваліднасцю вызвалены ад аплаты ўвогуле любой юрыдычнай кансультацыі. Пры гэтым штогод павялічваецца пералік выпадкаў атрымання бясплатнай дапамогі.

— Закон таксама дазваляе (і органы адвакацкага самакіравання актыўна гэтай магчымасцю карыстаюцца) вызваліць любога чалавека ад аплаты юрыдычнай дапамогі, калі грамадзянін знаходзіцца ў цяжкім жыццёвым становішчы. Мне здаецца, такога пераліку спраў, па якіх грамадзяне вызваляюцца ад аплаты адваката, які існуе ў нас, няма ні ў адной суседняй краіне, — мяркуе Вольга Савіч, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

Адвакаты адзначылі, што, як паказвае практыка, часцей за ўсё беларусы звяртаюцца да спецыялістаў права па бытавых пытаннях. Разам з тым адвакатаў засмучае, што па дапамогу рэдка звяртаюцца дробныя прадпрымальнікі, якія працуюць з дакументамі на свой страх і рызыку, пакуль не становіцца позна.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Адвакат — не раскоша, а неабходнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.