Вы тут

«Рэзанансная» ўстанова


Публiкацыя «Жыльцы супраць «100 грамаў», якая выйшла ў газеце 6 мая, стала рэзананснай. Размова iшла пра «Чарачную» ў жылым доме №18 на вулiцы Чапаева ў Вiцебску. Людзей абурала рэклама пiцейнай установы, тое, што яна працуе да 11 гадзiн ночы, i не толькi.


Непрыемнае суседства

Дарэчы, раней на гэтым месцы знаходзiўся стары жылы дом без «комплексу» камунальных выгод. Пасля зносу некалькiх дамоў на Чапаева, якiя не адпавядаюць патрабаванням часу, жыхары, згодна з гарадской праграмай перасялення, атрымалi ключы ад новых кватэр. А на месцах, якiя вызвалiлiся, былi пабудаваныя шматпавярховыя дамы. Сотнi людзей павiнны быць задаволеныя. Але не...

Самыя актыўныя крытыкi чарачнай тыя, што пражываюць у двух пад'ездах недалёка ад яе. Большая частка кватэр — з iншага боку будынка. Карэспандэнт «Звязды» праверыў рэакцыю жыхароў дома на сабе. Пасля таго, як выпiў пiва ў той самай чарачнай, стаяў недалёка ад пад'езда. Жаданне выкiнуць выкураную цыгарэту ў сметнiцу выклiкала нервовую рэакцыю дамы з дзiцем. Яна адчыняла дзверы. Бачылi б вы яе вочы! У iх, быццам бы, чыталася: «Дасталi выпiвохi, курыльшчыкi!»

Яе пачуццi зразумець можна. Хоць выпiць у «кропцы» харчавання, як i падыхаць паветрам каля яе, нiкому не забаронена.

Дарэчы, праблема дрэннай работы вентыляцыi пiцейнай установы вырашана. Выцяжную трубу «Чарачнай» знялi з фасада дома пасля сходу жыхароў. У закусачнай усталявалi кандыцыянер. Калi пахi грамадскай кропкi харчавання перашкаджаюць, уласнiкi кватэр могуць звярнуцца ў Вiцебскi занальны цэнтр гiгiены i эпiдэмiялогii.

Грошы або камфорт

Нядаўна адбыўся чарговы сход жыхароў дома №18. На сустрэчу прыйшлi прадстаўнiкi мясцовай улады i фiрмы, якой належыць пiцейная ўстанова. Дыялог атрымаўся няпросты. Аргументы «за чарачную» падмацаваныя законам: згодна з яго «лiтарай», нiякiя правы не парушаны. Акрамя таго, горад зацiкаўлены ў развiццi малога i сярэдняга бiзнесу i папаўненнi казны. Падаткi, у тым лiку i ад дзейнасцi «Чарачнай», выкарыстоўваюцца для ўборкi i рамонту вулiц, добраўпарадкавання сквераў, пакупкi грамадскага транспарту...

Але, мяркуючы па рэакцыi жыльцоў, яны чакаюць ад уладаў большага разумення. Людзi жадаюць быць пачутымi.

— На жаль, не ўсе разумеюць сэнс нашага пратэсту... Справа не ва ўстанове, а ў яе размяшчэннi! У жылым доме, памiж пад'ездаў! Зусiм не хочацца, каб, у першую чаргу, дзецi штодня бачылi на ганку «Чарачнай» i сваiх пад'ездаў п'яных, якiя кураць, лаюцца матам, — тлумачыць сваю пазiцыю адзiн з жыльцоў.

Фо­та з са­цы­яль­ных се­так, якое пра­да­ста­вi­лi жыль­цы.

Змаганне прадоўжыцца

Жыхары дома вырашылi працягваць барацьбу. Адна сям'я прапанавала зрабiць навакольную тэрыторыю таварыства ўласнiкаў свабоднай ад продажу спiртнога i табачных вырабаў. Па прыкладзе месцаў грамадскага прызначэння, многiх паркаў, дзе i курыць забаронена...

Цiкава, што незадаволеным жыльцам дома нават у галаву не прыйшло расказаць пра тое, што iх турбуе, свайму дэпутату. Разам з тым у прыёмнай Вiцебскага гарадскога Савета дэпутатаў журналiсту адразу далi нумар кантактнага тэлефона. Народны выбраннiк Вячаслаў Багдановiч (выбарчая акруга №3) пацвердзiў, што да яго выбаршчыкi не звярталiся наконт «Чарачнай». Ён запэўнiў, што гатовы з iмi сустрэцца, выслухаць i ўнiкнуць у сiтуацыю. «Гэта нармальная практыка работы з выбаршчыкамi», — заўважыў дэпутат.

Трэба разумець, што законы ствараюцца для людзей, а не супраць iх. Калi iнтарэсы бiзнесу i простых грамадзян сутыкаюцца, а закон не дапамагае вырашыць канфлiкт i напружанне ў грамадстве нарастае, то трэба разабрацца: наколькi закон дасканалы? Магчыма, настаў час нешта ў iм памяняць? Магчыма, пэўную сiтуацыю трэба разглядаць iндывiдуальна, бо закон не можа прадугледзець усе нюансы нашага жыцця.

Сёння на нашых дзяцей звальваецца навала негатыўнай або сумнеўнай iнфармацыi з глабальных крынiц, якiя даросламу чалавеку цяжка кантраляваць. Сям'я можа супрацьпаставiць ёй лад i ўзаемаразуменне ва ўласным доме. Але калi непадалёк ад гэтага дома перыядычна ляжаць п'яныя наведвальнiкi суседняй «кропкi грамадскага харчавання», то зрабiць гэта значна цяжэй.

«Звязда» працягвае сачыць за гэтай гiсторыяй.

Аляксандр ПУКШАНСКI

pukshanskі@zvіazda.by

Каментары

Есть достаточно статей в законе, которые бы решили проблему несчасных жителей этого дома, защитили бы детей. Но они игнорируются, в законе выискиваются статьи в защиту рюмочной. Интересно, почему молчит образование, идеалогия, в близи рюмочной детский сад, чуть дальше школа. Дом молодой, в нем очень много детей разного возраста!!!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.