Вы тут

Як школьніку захаваць здароўе?


Ад чаго залежыць здароўе сучаснага школьніка? Можа, ад рацыянальнага распарадку дня? Ад рухальнага рэжыму дзіцяці і збалансаванага харчавання? У рэшце рэшт, ад эфектыўнасці школьных урокаў фізічнай культуры? Спецыялісты сцвярджаюць, што ад усіх гэтых фактараў разам узятых плюс ад псіхалагічнай атмасферы ў школе і ў сям'і. Днямі на базе 32-й сталічнай школы прайшла калегія трох міністэрстваў — адукацыі, аховы здароўя, спорту і турызму. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў аказаліся пытанні стварэння здароўезберагальнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі і развіцця фізічнай культуры.


Цяжар ранца

— Лад жыцця дзяцей апошнім часам зведаў значныя змены. Інтэнсіфікацыя працэсу навучання, дэфіцыт часу для засваення інфармацыі ў спалучэнні з памяншэннем працягласці сну, зніжэннем рухальнай актыўнасці аказваюць неспрыяльнае ўздзеянне на арганізм, які развіваецца, — падкрэсліла ў сваім выступленні Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь, намеснiк мiнiстра аховы здароўя Наталля ЖУКАВА. — Па выніках сацыялагічных даследаванняў, праведзеных навукоўцамі-гігіеністамі з медуніверсітэта, самая значная праблема для школьнікаў — неадпаведнасць рэжыму дня гігіенічным рэкамендацыям. Так, у паловы дзяцей сон складае менш як восем гадзін у суткі. Каля 40 працэнтаў дзяцей у вольны ад вучобы час аддаюць перавагу камп'ютару або прагляду тэлевізара, пры гэтым кожны дзясяты праводзіць за экранам больш як чатыры гадзіны ў дзень. Амаль палова не бывае на адкрытым паветры штодня і толькі кожны чацвёрты займаецца фізічнымі практыкаваннямі рэгулярна.

Статыстычныя даныя сведчаць, што за гады навучання ў школе зніжаецца колькасць школьнікаў першай групы здароўя і павялічваецца колькасць прадстаўнікоў трэцяй групы. Уплыў унутрышкольнага асяроддзя на здароўе даволі істотны — да 20 працэнтаў. Да «школьных паталогій» адносяцца, напрыклад, парушэнні вастрыні зроку, паставы... Неспрыяльнае «ўнутрышкольнае асяроддзе» ўплывае і на адаптацыйны патэнцыял дзіцячага арганізма, зніжэнне яго функцыянальных рэзерваў... Колькасць навучэнцаў з напружаным адаптацыйным патэнцыялам у апошнія гады істотна павялічылася...

Медыкі звяртаюць увагу, што ёсць асобныя пытанні ў арганізацыі навучальнага працэсу, якія не патрабуюць матэрыяльных выдаткаў, але разам з тым аказваюць негатыўны ўплыў на стан здароўя дзяцей. Гэта невыкананне патрабаванняў да раскладу вучэбных заняткаў, графікаў правядзення кантрольных работ, працягласці перапынкаў, правядзенне факультатыўных заняткаў без уліку асноўнай вучэбнай нагрузкі, няправільнае рассаджванне за вучнёўскай мэбляй, адсутнасць у памяшканнях пачатковых класаў умоў для захоўвання прылад для ўрокаў працы, кніг і дапаможнікаў, спартыўнай формы, а таксама недастатковы кантроль за змесцівам школьных ранцаў. Нягледзячы на тое, што падручнікі істотна страцілі ў вазе, 50 працэнтаў школьных сумак усё роўна перавышаюць устаноўленыя нарматывы — за кошт прадметаў, якія там знаходзяцца, але не маюць дачынення да адукацыйнага працэсу. . А гэта цягне парушэнні паставы. Таму за тым, што знаходзіцца ў партфелі школьніка, павінны больш пільна сачыць і бацькі, і педагогі.

Адміністрацыі школ трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу аптымізацыі раскладу вучэбных заняткаў, рэжыму навучання, перш за ўсё самай неспрыяльнай для дзяцей другой змены.

«Лапта» — адна з дзевяці народных гульняў, уключаных у праграму спартыўна-адукацыйнага праекта БДПУ «Беларусіяда».

Смачна есці!

— Харчаванне — галоўны фактар захавання здароўя дзяцей, — падкрэсліла Наталля Жукава. — І я кажу дзякуй педагагічным калектывам кожнай школы, якія на працягу доўгіх гадоў прывучалі бацькоў да таго, што гарачае харчаванне — вельмі важны складнік у фарміраванні арганізма і працаздольнасці школьнікаў. Сёння гарачым харчаваннем ахоплена ад 95 да 100 працэнтаў навучэнцаў. Але праблемным пакуль застаецца асартымент буфетнай прадукцыі. Кіраўнікам школ неабходна ўзяць яго пад свой асабісты кантроль, устаць на пазіцыі здаровага харчавання, зменшыць там прысутнасці кандытарскіх вырабаў, прысмакаў і іншай некарыснай ежы, — падкрэслівае Наталля Жукава. — Трэба мець на ўвазе, што каля 14% падлеткаў церпяць ад атлусцення і да 30% маюць залішнюю вагу. З іншага боку, калі колькасць хлопчыкаў з залішняй вагой у старшых класах павялічваецца, то сярод дзяўчат у гэтым узросце да 10 працэнтаў маюць, наадварот, недастатковую вагу, а гэта будзе мець наступствы для іх рэпрадуктыўнага здароўя.

Спадзявацца толькі на школьныя заняткі фізічнай культурай бессэнсоўна: два ўрокі фізкультуры і гадзіна здароўя і спорту забяспечваюць толькі 20% патрэбы дзіцяці ў рухальнай актыўнасці на працягу тыдня, а штодзённая патрэба складае 60 хвілін рухальнай актыўнасці.

На дапамогу маглі б прыйсці агульнашкольныя дынамічныя перапынкі з удзелам навучэнцаў сярэдніх і старшых класаў у выглядзе танцаў і іншых формаў (накшталт флэшмобаў) з выкарыстаннем скакалак, «класікаў», «дарожак здароўя», дываноў у рэкрэацыі, правядзенне фізкульт-хвілінак, выкарыстанне афтальмалагічных трэнажораў не толькі для пачатковых класаў, але і для старэйшых навучэнцаў, прымяненне ў навучальным працэсе педагагічных здароўезберагальных тэхналогій (адначасовае выкарыстанне некалькіх класных дошак і іншае). Такія меры ўжо рэалізуюцца ў школах Астраўца, Маладзечна, Светлагорска, Мінска і іншых. Але гэты вопыт трэба распаўсюдзіць на ўсе школы.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач краіны падкрэслівае: важна змяніць матывацыю да фарміравання ў дзяцей і падлеткаў свядомага і адказнага стаўлення да свайго здароўя не толькі ў "сценах школы", але і дома. Неспрыяльны для здароўя дзіцяці рэжым дня абумоўлены як значным аб'ёмам дамашніх заданняў, так і ўсё больш шырокім і бескантрольным выкарыстаннем камп'ютараў у хатніх умовах...

У маі сталічныя школьнікі паўдзельнічалі ў спартыўна-адукацыйным праекце «Беларусіяда»: на стадыёне БДПУ вызначалі самага хуткага, самага дужага, самага спрытнага і самага кемлівага ў... народных гульнях.

Увага — раскладу

— Паколькі раўнапраўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу з'яўляюцца педагогі, навучэнцы і іх бацькі, то і суб'ектамі стварэння здароўезберагальнага асяроддзя павінны быць усе вышэйпералічаныя катэгорыі. Толькі работа ў трох кірунках можа прынесці станоўчыя вынікі, — падзялілася сваімі думкамі начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана УКЛЕЙКА. — Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так арганізацыя адукацыйнага працэсу ў школе пачынаецца з раскладу вучэбных заняткаў. Агучу некаторыя вынікі маніторынгу, падчас якога вывучаўся ўзровень стомленасці і разумовай працаздольнасці вучняў VІІІ класа, а таксама фактары, якія аказваюць уплыў на стан здароўя навучэнцаў.

У ходзе даследавання стомленасць рознай ступені была выяўлена ў 77% васьмікласнікаў. 17% навучэнцаў адзначылі, што складаныя прадметы (матэматыка, фізіка, хімія і іншыя) заўсёды праводзяцца на першым і (або) апошнім уроку, яшчэ 70% адзначылі, што такое адбываецца час ад часу. У 10% выпадкаў кантрольныя работы праводзяцца на першым уроку і амаль у 7% — на апошнім уроку. Больш як 45% васьмікласнікаў канстатавалі, што час ад часу ў адзін дзень у іх праводзяцца кантрольныя работы адразу па некалькіх вучэбных прадметах.

— Калі ўлічыць, што на першым і апошнім уроках у вучняў зніжана інтэлектуальная прадукцыйнасць, замаруджаны разумовыя працэсы, то ўзнікае пытанне: які вынік навучання хоча ўбачыць на апошнім уроку, напрыклад, па матэматыцы намеснік дырэктара, які ставіць гэты ўрок апошнім на працягу некалькіх дзён, і настаўнік, які плануе кантрольную работу менавіта ў той дзень, калі яго ўрок апошні або першы ў раскладзе? — задае зусім не рытарычнае пытанне Святлана Уклейка. — На жаль, але стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі не стала пакуль клопатам усіх без выключэння педагагічных работнікаў — ад дырэктара да настаўніка.

Пры гэтым і бацькі цалкам адэкватна ацэньваюць прычыны стомленасці сваіх дзяцей, згадваючы сярод іх невыкананне рэжыму дня, недастатковы час для сну, працяглае знаходжанне за камп'ютарам, а таксама дадатковую нагрузку — наведванне розных заняткаў, гурткоў, секцый і г. д.

Памылка як прысуд!

Другі важны кампанент здароўезберагальнага асяроддзя з пазіцыі вучня — гэта спрыяльны псіхалагічны клімат, або стварэнне сітуацыі поспеху. Вядома, што эмоцыі ўплываюць на працэсы ўспрымання, памяці, мыслення, могуць альбо актывізаваць, альбо тармазіць іх. Негатыўныя эмоцыі, страхі блакіруюць не толькі мысленне, але і правакуюць няўпэўненасць, нізкую самаацэнку, моцнае нервовае напружанне, якое ў выніку прыводзіць да стамлення. Страх дапусціць памылку тармозіць уменне разважаць і шукаць розныя варыянты вырашэння праблемы. Як правіла, страх дапусціць памылку з'яўляецца следствам жорсткіх, аўтарытарных адносін паміж настаўнікам і вучнямі.

У ходзе маніторынгу амаль 40% навучэнцаў з прыкметамі стомленасці адзначылі, што яны адчуваюць боязь памыліцца і выглядаць смешнымі ў вачах аднакласнікаў і (або) настаўнікаў. Каля траціны вучняў адчуваюць сябе некамфортна на вучэбных занятках з-за страху перад настаўнікам.

Трэці кампанент, важны для навучэнца, — гэта выкарыстанне настаўнікам здароўезберагальных тэхналогій. Прыкладна 40% васьмікласнікаў упэўнены, што прычынай іх хуткай стомленасці з'яўляецца запісванне вялікага аб'ёму вучэбнай інфармацыі на ўроку. Кожны чацвёрты навучэнец адзначыў, што хутка стамляецца ад таго, што настаўнік патрабуе ад вучняў дакладна перадаць тэкст параграфа, кожны дзясяты — ад аднастайнай і манатоннай дзейнасці на ўроку. Больш як 20% навучэнцаў прычынай стомленасці лічаць гучную гаворку настаўніка...

Выхаванне... настаўніка

Асобна ўдзельнікі калегіі спыніліся на эфектыўнасці ўрокаў фізічнай культуры ў школах. Як зрабіць іх больш прывабнымі для дзятвы?

— Вельмі шмат залежыць ад асобы настаўніка, — упэўнены міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА. — Мне ў школьныя гады пашанцавала з неабыякавым педагогам, які павёў нас за сабой, захапіў гульнявымі відамі спорту. Мы гулялі ў «Арлёнак» і «Зарніцу», здавалі спартыўныя нарматывы, увесь вольны час праводзілі не дома, а ў спартыўнай зале. Таму проста абуральна назіраць, як у некаторых настаўнікаў вучні на ўроку фізкультуры бязмэтна сноўдаюцца па стадыёне. А частка вучняў, якія маюць медыцынскія абмежаванні да заняткаў фізкультурай, увогуле проста сядзяць на лаўцы. Няўжо іх няма чым заняць?

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Сяргей РЭПКІН расказаў, што вучэбны працэс у іх ВНУ арганізаваны так, што практычнае навучанне пераважае. Студэнты ўжо з першых курсаў накіроўваюцца ў школы, дзе вядуць валанцёрскую работу, арганізуюць спартыўныя мерапрыемствы, наладжваюць цесныя сувязі з педагогамі школ і навучэнцамі, што дазваляе ім паспяхова адаптавацца ў педагагічным асяроддзі.

Сяргей Рэпкін прапанаваў перавесці гадзіну здароўя і спорту ў ранг звычайнага ўрока, спаслаўшыся на сусветную практыку. Паводле яго слоў, у большасці замежных краін урокі фізічнай культуры праводзяцца не радзей чым тры разы на тыдзень, прычым найбольшая колькасць гадзін прыпадае на малодшы школьны ўзрост — найбольш спрыяльны для фарміравання навыкаў і развіцця фізічных здольнасцяў. Ён паведаміў, што ў школьных праграмах розных краін пастаянна павялічваецца аб'ём выкладання спартыўных дысцыплін і відаў спорту. Назіраецца тэндэнцыя стварэння дастаткова гнуткіх школьных праграм фізічнага выхавання, якія дазваляюць настаўніку самастойна змяняць змест навучання ў залежнасці ад узросту і полу выхаванцаў, кліматычных умоў і матэрыяльнага становішча, нацыянальных каштоўнасцяў і традыцый.

Хацелася б, падкрэсліў рэктар, каб у прафесійныя кампетэнцыі настаўніка фізкультуры былі ўключаны ўменні і навыкі, звязаныя з дыягностыкай спартыўных схільнасцяў навучэнцаў для іх адбору ў спецыялізаваныя класы.

Згодна з вынікамі даследаванняў БДМУ

97,7% школьнікаў маюць персанальны камп'ютар;

56,6% навучэнцаў праседжваюць каля камп'ютара ад 1 да 3 гадзін, 23,8% — ад 3 да 5 гадзін.

Пры гэтым на заняткі вучобай за камп'ютарам траціцца мінімальны час. 60% часу карыстання камп'ютарам у хлопчыкаў займаюць гульні, а дзяўчаты 50% часу праводзяць у сацыяльных сетках.

Надзея НІКАЛАЕВА, фота аўтара

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Здорава, калі вучань здаровы

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.