Вы тут

Магістраў медыцынскай фізікі будуць рыхтаваць у БДУ


Новая спецыяльнасць «медыцынская фізіка» адкрываецца ў магістратуры Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ.


Яе адкрыццё абумоўлена ростам патрэбы ў спецыялістах з паглыбленым веданнем сучаснага медыцынскага абсталявання, у прыватнасці тэхнікі для прамянёвай тэрапіі раку. Падрыхтоўка магістраў па спецыяльнасці «медыцынская фізіка» дазволіць папоўніць недахоп кадраў, здольных адказваць за бяспечную эксплуатацыю складанага медыцынскага абсталявання ў анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Гаворка ідзе пра якаснае выкарыстанне рэнтгенаўскіх, магнітна-рэзанансных, эмісійных камп'ютарных тамографаў, апаратуры для разліку спажытых доз і дазіметрычнага кантролю і г. д.

У адрозненне ад інжынераў выпускнікі новай магістарскай праграмы будуць не толькі абслугоўваць абсталяванне, але і разам з урачамі ўздзейнічаць на захворванне. Напрыклад, пры прамянёвай тэрапіі яны павінны з высокай дакладнасцю накіраваць на пухліну дозу лячэбнай радыяцыі. Гэта патрабуе вывераных разлікаў і дакладнай настройкі абсталявання.

Паводле папярэдніх ацэнак, патрэба ў такіх кадрах да 2020 года ў Беларусі складзе больш як 400 спецыялістаў, з якіх каля сотні павінны мець дыплом магістра.

Магістры медыцынскай фізікі змогуць прэтэндаваць на пасады начальнікаў аддзелаў і лабараторый, кваліфікаваных экспертаў, якія адказваюць за распрацоўку і выкананне праграм бяспечнага выкарыстання крыніц іанізуючага выпраменьвання ў медыцыне.

Сёння ў магістратуры БДУ навучаецца больш як 1300 чалавек па 88 спецыяльнасцях. Прыём дакументаў на ўсе спецыяльнасці магістратуры будзе ажыццяўляцца з 27 чэрвеня па 5 ліпеня.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.