Вы тут

За знешнім фактарам


Усім нам уласціва параўноўваць. Не спрачайцеся, што ёсць тыя, хто гэтаму не падуладны. («Вам сумна на рабоце? Складзіце свой заробак за год. Цяпер вам будзе яшчэ і самотна».) Проста адзін праводзіць паралелі інтэлігентна, у другога гэты працэс часам набывае гіпертрафіраваны або хваравіты характар. («Ці змагу я калі-небудзь стаць такім жа шчаслівым, як людзі з рэкламы туалетнай паперы, ад якой змываецца ўтулка?») Мы параўноўваем смак дзяцінства з дарослым досведам, абяцанні начальства з лічбамі ў разліковых лістках з бухгалтэрыі, сённяшні дзень — з учарашнім, надвор'е сёлета і летась. («Тапаліны пух гэтым летам пойдзе на пухавікі».) Ну і, вядома, як без той «адзежкі, па якой сустракаюць»? («Як гаворыць жонка: усё-такі абцасы — рэч незвычайная! Абула — шыкоўная жанчына... Зняла — шчаслівы чалавек!») Знешнасць — ці не адзін з лідараў у параўнаннях. («Юрый быў у выдатнай спартыўнай форме. Праўда, на пузе яна ўжо не сыходзілася».)


Нядаўна ў сеціве карыстальнікі вельмі актыўна абмяркоўвалі фатаграфію расійскай тэлевядучай Кацярыны Андрэевай. 55-гадовая маці выглядала побач з 34-гадовай дачкой як яе сяброўка. («Я ж раней 30-гадовых жанчын лічыў старымі цёткамі. Даруйце мне, мілыя дзяўчаты!») Сакрэтам сваёй знешнасці тэлевядучая назвала тры правілы, якімі яна карыстаецца ў справе падтрымання прыгажосці і маладосці. Гэта захоўваць рэжым дня, думаць пазітыўна і актыўна займацца спортам. Сапраўды, усё вельмі проста. Толькі ці ўсе з нас могуць пахваліцца няўхільным выкананнем гэтых пастулатаў? Рэжым дня? («Клуб ананімных абжор «Пыльныя гантэлі» — гэта не пра вас?) Думаць пазітыўна? («Рабяты, хто не паспеў пахудзець да лета, — мы малайцы, рабяты. Бо як ведалі, што лета не будзе».) Займацца спортам? («Ранішняя прабежка. Што можа быць лепш яе адсутнасці?») Я гэта да таго, што за прыгожай знешнасцю стаіць найперш каласальная праца над сабой. Калі і зайздросціць, дык толькі «па-беламу».

Зноў жа нядаўна абмяркоўвалася дэкальтэ 70-гадовай С'юзан Сарандон на Канскім фестывалі. Яно было такім шакіруючым, што зайздросна ўздыхалі нашмат больш юныя прыгажуні. А 71-гадовая Шэр, якая выйшла на сцэну музычнай прэміі ў двух строях, якія сціпла назавём... вельмі адкрытымі? Можна зноў жа па-рознаму ставіцца да гэтага. («Усё ж такі ў засушванні вінаграду ёсць свая разыначка».) Але і тут за знешнасцю стаіць нешта большае. Сіла духу, сіла волі. Здаровая доля авантурызму, у рэшце рэшт, які не дае засохнуць нават у такім узросце! («Ад дрэннага настрою трэба пазбаўляцца дрэннымі паводзінамі».) Што толькі пацвердзілі колішнія мадэлі часопіса «Плэйбой», якія праз вельмі многа гадоў аднавілі свае знакамітыя вокладкі. Яны паказалі, што дагэтуль застаюцца прыцягальнымі, нягледзячы на ўзрост. Амаль усе з іх выглядалі на ўсе «сто». Магчыма, ім у гэтым дапамагла іх ранейшая работа? («Будзь з тым, хто заўсёды хоча ведаць, як прайшоў твой дзень».)

Брытанскія вучоныя абнародавалі вынікі свайго новага даследавання па пошуку ідэальных параметраў цела мужчыны і жанчыны. Спецыялісты правялі апытанне, у якім бралі ўдзел хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце 20 гадоў. Рэспандэнты павінны былі адказаць на пытанні, што датычыліся іх уяўленняў аб ідэальнай фігуры, не толькі сваёй, але і процілеглага полу. («Я, канешне, не ідэал, але і ты не смажаныя пельмешкі».) І што яны высветлілі? Відавочныя рэчы. («— Табе 34? — Мне 39. — Як гэта адбылося?») Брытанскія даследчыкі ўстанавілі, што хлопцы і дзяўчаты аддаюць перавагу спартыўнаму целаскладу. Першыя цэняць у другіх грудзі і зграбнасць, другія ў першых — дужыя ногі і накачаны торс. («— Мама, я прыгожая? Спытай у свайго хлопца лепш. — Якога хлопца? — Вось іменна».)

Але што можа ведаць маладосць? («На самай справе каўчэг назвалі Ноевым, таму што многія на ім нылі, што ў пару атрымалі непрыгожае стварэнне».) Вы чулі пра братоў-блізнят з Францыі з рускім прозвішчам і дваранскімі каранямі Ігара і Рыгора Багданавых? Яны адны з самых вядомых ахвяр пластыкі на планеце. Тэлевядучыя зрабілі не адзін дзясятак аперацый, спрабуючы захаваць маладосць і прыгажосць. У выніку сёння 67-гадовыя браты нагадваюць монстраў з фільма жахаў. («Траўматолаг сказаў, што маё жыццё зраслося няправільна і давядзецца зламаць яго паўторна».) Але што цікава. Адзін з братоў, Ігар, карыстаецца проста шалёнай папулярнасцю ў жанчын. («Свой старэнькі і трухлявы жыгулёнак ён часам ласкава называў «Хламбарджыні»). Быў тройчы жанаты, апошні раз — на наследніцы Бурбонаў і прапрапраўнучцы Людовіка ХVІ. А на Канскім фестывалі ён вёў пад руку чацвёртую сваю пасію, 33-гадовую мадэль (на здымку), якую не засмучалі ні ўзрост, ні знешнасць абранніка. Значыць, было яшчэ нешта? («У краму «Усё для цябе» завезлі світанкі і туманы».)

Напрыканцы красамоўны прыклад у тэму з нашай краіны. Ангеліна Уэльская, першая беларуская мадэль з ДЦП, распранулася, каб даказаць, што скажонае паралічам цела здольнае быць прыгожым і сексуальна прывабным. «Мільёны дзяўчат і жанчын з інваліднасцю па ўсім свеце павінны зразумець: іх недасканаласці спрыяюць гарманічнаму ўспрыманню цэлага», — сказала дзяўчына.

Сваім прыкладам яна хоча натхніць астатніх дзяўчат з абмежаванымі магчымасцямі не баяцца выходзіць у свет, дасягаць мэт і любіць сябе. Што дадаць? «Аднойчы рызыкнуўшы, можна застацца шчаслівым на ўсё жыццё!»

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.