Вы тут

У чым сакрэты працы гукарэжысёра?


...Каля сямі гадзін вечара ў пятніцу мы з Насцяй падыходзім да аднаго з невялікіх мінскіх рок-клубаў. Некалькі чалавек ужо стаяць каля ўвахода, але іх яшчэ не пускаюць: канцэрт пачнецца толькі ў восем. У зале пуста, толькі пара музыкантаў выносяць на сцэну інструменты і рыхтуюцца афіцыянты — з імі Насця хутка вітаецца, а потым мы збочваем у пакойчык насупраць сцэны. Гэта невялікая, літаральна два на два метры, каморка, дзе стаіць велізарны пульт з сотняй «круцёлак» і «рухалак» — працоўнае месца гукарэжысёра.


Сёлета 24-гадовая чацвёртакурсніца Анастасія Казакова заканчвае Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «гукарэжысура», а цяпер актыўна набіраецца вопыту. Канцэртную сферу яна выбрала сама: з яе профілем можна працаваць як у філармоніі ці тэатры, так і ў кінаіндустрыі, на тэлебачанні, радыё ці нават дома «зводзіць» гук у песнях музычных гуртоў або ў саўндтрэках камп'ютарных гульняў.

— Нас вучаць усяму патроху: гукарэжысёру трэба быць універсалам, — расказвае Насця. — Але тут ёсць свае нюансы: калі ты працуеш на канцэртах доўгі час, то ў цябе паступова садзіцца слых, і потым у студыйных запісах ты ўжо проста не пачуеш некаторыя нюансы. А з іншага боку, калі ўвесь час сядзіш у студыі, то потым на канцэртах будзе цяжка працаваць з-за шуму... Хоць пагаршэнне слыху ўсё роўна непазбежнае: гэта наша прафесійная хвароба. Зараз я выбрала менавіта канцэрты, бо хацелася «дзвіжухі»: розныя гурты, жанры, апаратура, людзі, сітуацыі. Але я б з задавальненнем папрацавала і з арганам, і з сімфанічным аркестрам ці, напрыклад, хорам.

Канцэрт яшчэ не пачаўся, і ў Насці ёсць час расказаць мне, што на мове прафесіяналаў «круцёлкі» на пульце — гэта патэнцыёметры, а «рухалкі» — фэйдары. Сам жа пульт называецца FОH, ад англійскага «frоnt оf hоusе» — гэта значыць, што з яго «круціцца» той гук, які будуць чуць у зале.

— Бывае яшчэ і маніторны пульт, але ў невялікіх залах няма сэнсу ім карыстацца, — кажа дзяўчына. — Ён звычайна стаіць за кулісамі і робіць мікс для музыкантаў. Бачыла на сцэне такія нізкія шырокія калонкі, павернутыя да выступоўцаў? Яны патрэбны, каб музыканты добра чулі самі сябе.

 

Далей я даведваюся, што пульты бываюць аналагавыя і лічбавыя. У клубе — апошні: Насця паказвае планшэт, на якім у адмысловай праграме адлюстроўваецца ўсё, што адбываецца на пульце. Галоўны гукарэжысёр рухае фэйдар — гэта імгненна адлюстроўваецца на экране. Можна і наадварот рабіць — з праграмы кіраваць пультам.

Мы не выпадкова прыехалі так рана: у пустой зале пачынаецца саўндчэк — праверка перад канцэртам. Гэты працэс расцягваецца на гадзіну: трэба наладзіць тэхніку і інструменты, расставіць мікрафоны, але галоўнае — настроіць гук.

Першым за сваёй устаноўкай аказаўся барабаншчык — яго просяць сыграць на кожным барабане па чарзе, каб знайсці «бракаваныя» гукі і панізіць іх частоты на эквалайзеры. Потым ён выконвае кавалак з песні, дзе гучаць усе барабаны разам. Далей Насця просіць сыграць максімальна гучна.

— Гэта каб гук не «пікаваў», — тлумачыць дзяўчына. — Калі адбываецца перавышэнне гучнасці сігналу, пачынаюцца яго скажэнні: ён трашчыць, хрыпіць.

Такія ж тэсты праводзяцца з усімі інструментамі па чарзе. Наладжваюць і мікрафон вакаліста, а потым просяць усю групу сыграць разам.

— Інструмент асобна можа гучаць добра, а сярод іншых — выбівацца. Таму трэба таксама паслухаць, як яны граюць разам, — кажа Насця. — Але тут шмат залежыць ад саміх музыкаў і іх стылю: барабаны для джаза і для рока павінны гучаць зусім па-рознаму.

Нарэшце саўндчэк скончаны, зала пачынае напаўняцца наведвальнікамі.

— І чым табе займацца ўвесь канцэрт? Усё ж ужо зроблена...

— Сачыць і наладжваць гук далей, — усміхаецца Насця. — Саўндчэк робіцца пры пустой зале, а потым прыходзяць гледачы, і акустычная сітуацыя мяняецца. На гук уплывае ўсё: і колькасць людзей, і дзе яны стаяць, асабліва на вялікіх арэнах... Музыкі таксама ўплываюць на гук: струны разаграюцца, галасы садзяцца, а ў выніку змяняюцца частоты. Заўважала, што на канцэртах у першых песень гучанне звычайна «не вельмі»? Таму падчас першых трэкаў гукарэжысёр карэктуе «памылкі».

— Добра, а потым што яму рабіць?

— Гукарэжысёр, напрыклад, можа падкрэсліваць моманты кульмінацыі. Слухае, сочыць за песняй, а перад самым «моцным» момантам робіць спачатку трошкі цішэй, а потым гучней, і гэты «ўдар» эмацыянальна ўплывае на слухачоў. Яшчэ ён можа хутка зрабіць так, каб людзі пачалі танцаваць.

— Гэта як?

— Глядзі, — усміхаецца Насця. — У трэку для танца павінна быць пульсацыя. Яна ствараецца «арэлямі» паміж рабочым і вялікім барабанам: «тум-тышч, тум-тышч». Калі падкрэсліць удары вялікага барабана, гэтая пульсацыя ўзмацняецца. Дзяўчына кранае нешта на планшэце, гук паступова робіцца сапраўды больш «тум-тышч», а я сачу за публікай і бачу невялікі цуд на свае вочы: менш чым за паўхвіліны натоўп пачынае рухацца значна больш актыўна. Насця глядзіць на мой твар і смяецца, але раптам у вакаліста гучна віскоча мікрафон: людзі затыкаюць вушы, а яна зноў хутка кранае планшэт, і непрыемны гук знікае.

— Гэта была зваротная сувязь, — расказвае гукарэжысёр. — Такое адбываецца, калі сігнал з дынаміка занадта гучна трапляе ў мікрафон і той вішчыць, бо гук «скача» паміж ім і дынамікам. Каб усё скончыць, я шукаю па спектрах на экране, дзе з'явіўся віск, і паніжаю гэтую частату.

Праз пару гадзін канцэрт заканчваецца, але Насця не кідае свой пост:

— Ніколі не ведаеш, ці не выклікаюць музыкантаў на біс, таму трэба чакаць далей.

І сапраўды, гурт вяртаецца хвілін праз пяць і выконвае яшчэ дзве кампазіцыі. Наведвальнікі доўга апладзіруюць, потым нарэшце, пачынаюць пакідаць залу. Гэта апошні этап работы гукарэжысёра: пакуль музыканты збіраюць інструменты, Насця складвае мікрафоны, выключае пульт і ўзмацняльнікі для гітар.

...Выходзім на вуліцу а палове на дванаццатую. Пытаюся:

— А чаму мы ўвесь час былі з планшэтам у зале, а не за пультам?

— Там музыка лепш чуваць. А ў гукарэжысёрскай каморцы гук «хлусіць», — тлумачыць Насця і смяецца. — Ты так і напішы: калі наступны раз пабачыце на канцэрце чалавека, які ўвесь час стаіць і глядзіць у планшэт, ведайце: гэта не заложнік сацсетак, а гукарэжысёр.

Кацярына ЖОРАВА, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Хто ўмее кіраваць гукам, Ці Што мы чуем, але не бачым

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».