Вы тут

Закаханая ў паэзiю


Юнкары, увага!

У сённяшнiм выпуску маладзёжнага дадатку мы публiкуем апошнiя з найлепшых «проб пяра» юных i маладых няштатных аўтараў, што былi дасланыя на конкурс. Творчы марафон, якi доўжыўся на працягу навучальнага года, скончаны. На жаль, не ўсе з пачаткоўцаў пабачылi надрукаванымi свае работы, паколькi яны не адпавядалi ўмовам конкурсу. З iншага боку, самыя вартыя з iх змяшчалiся на старонках «Чырвонкi. Чырвонай змены» як звычайныя журналiсцкiя матэрыялы. Самыя актыўныя i настойлiвыя аўтары за тыя месяцы, што iшло творчае спаборнiцтва, змаглi папоўнiць сваё асабiстае партфолiа дзвюма-трыма, а тое i чатырма «пробамi пяра».

Калi гаварыць пра ўдзельнiкаў у цэлым, найлепш праявiлi сябе тыя з iх, хто займаецца журналiстыкай у гуртках, часта — не першы год. Геаграфiчна «пальма першынства» тут каторы год запар належыць канкурсантам з Маладзечна — з «Маладзiка». Шкада, што ў конкурсе гэтага сезона не было прадстаўнiкоў з Мазыра, якiя яшчэ нядаўна актыўна ў iм удзельнiчалi. Не атрымалi мы нiводнай «пробы пяра» i з Наваполацка. Здае ў гэтым сэнсе пазiцыi i Лiцэй БДУ... Зноў жа варта адзначыць амаль што выключна дзявочы састаў удзельнiкаў конкурсу, прынамсi, усе апублiкаваныя найлепшыя работы належаць толькi выпускнiцам старэйшых класаў. Таму не цяжка будзе здагадацца, што пераможцам (цi пераможцамi) стане нехта з прыгожым дзявочым iмем.

Яго мы назавём у наступным нумары «Чырвонкi. Чырвонай змены». Аўтар, ушанаваны рэдакцыйным журы, апроч ганаровай граматы ад «Выдавецкага дома «Звязда» атрымае памятныя прызы з сiмволiкай найстарэйшай беларускай штодзённай грамадска-палiтычнай газеты, якая сёлета, лiтаральна праз паўтара месяца, адзначыць свой 100-гадовы юбiлей. А яшчэ, калi пераможца будзе паступаць на журфак сёлета, i рэкамендацыю ад нашага выдання.

Нам жа пакуль застаецца толькi падзякаваць за ўдзел у конкурсе ўсiм, хто дасылаў на працягу навучальнага года свае «пробы пяра». Мы пазнаёмiлiся з новымi аўтарамi, былi рады атрымаць матэрыялы ад тых, хто пісаў другi-трэцi год запар. Спадзяёмся, i нашым удзельнiкам чарговы творчы конкурс дадаў прафесiйнага досведу. Паўтараем заўсёднае: нават калi нехта не стаў пераможцам, ён усё роўна не прайграў. Удзел — гэта ўжо перамога! Да новых сустрэч, юнкары, да новых конкурсаў! А тым, хто сёлета збiраецца паступаць на журфак, удачы!

Куратары праекта Надзея НIКАЛАЕВА, Сяргей РАСОЛЬКА


Ганна Шакель — маладая паэтка, якая размаўляе i пiша вершы па-беларуску. Яна з'яўляецца фiналiсткай конкурсу фонду Роберта Боша, i адзiн з яе твораў перакладзены на нямецкую мову i надрукаваны ў зборнiку ў рамках праекта «Лiтаратурныя спатканнi».

— Прыемна асэнсоўваць, што я ўвайшла ў дзясятак маладых паэтаў, вершы якiх адабралi, каб прадставiць нямецкiм чытачам сучасную паэзiю Беларусi, — усмiхаецца Ганна.

У трынаццаць гадоў дзяўчына захаплялася журналiстыкай, думала, што гэта яе будучыня. Але паспрабаваўшы на практыцы, зразумела, што характар не вельмi адпавядае дынамiчнасцi прафесii.

— Цяпер я вучуся ў МДЛУ на факультэце англiйскай мовы, але кiм хачу працаваць, яшчэ не ведаю, — прызнаецца студэнтка.

У школьныя гады паэзiю яна наогул не любiла, больш падабалася чытаць прозу.

— Я не разумела, як можна захапляцца вершамi. Але потым мяне запрасiлi рыхтавацца да алiмпiяды па беларускай мове, дзе адным з заданняў з'яўляецца напiсанне водгуку на паэтычны твор, — успамiнае дзяўчына.

Ганна стала практыкавацца, спачатку ў яе не вельмi атрымлiвалася, але менавiта праз водгукi яна палюбiла чытаць вершы.

— Нiхто табе не скажа, цi правiльна ты зразумеў тое цi iншае слова, ты проста ўзаемадзейнiчаеш з творам i бачыш адлюстраванне стану сваёй душы на той момант у тэксце, — кажа дзяўчына.

Адной з першых паэтычных кнiг, якiя адкрылi для яе свет паэзii, быў зборнiк Рыгора Барадулiна «Лепей»:

— Я памятаю, як узяла яго ў рукi i проста не змагла адарвацца. I так паступова пачала ўсё больш цiкавiцца беларускай лiтаратурай, асаблiва сучаснай. Аднойчы мне трэба было напiсаць эсэ. Я надрукавала некалькi радкоў i зразумела, што там занадта шмат лiшнiх слоў. I перарабiла тэкст у верш, бо толькi паэзiя можа ёмiста выразiць думку цi пачуццё. Так нарадзiўся мой першы твор.

А потым наша гераiня проста закахалася ў паэзiю. Праз эмоцыi яна глядзела на свет iначай, востра ўспрымаючы ўсе дэталi, якiя потым станавiлiся падставай для твора. I Ганна пачала шмат пiсаць. Летась, у вераснi, яе вершы надрукавалi ў часопiсе «Маладосць».

— Да сваiх твораў я стаўлюся больш сур'ёзна, чым проста, як да хобi: хочацца бачыць у iх мастацтва. Маме i сябрам яны падабаюцца, а некаторыя кажуць, што iх часам цяжка зразумець. Але ў гэтым i ёсць сэнс — скокнуць вышэй за сваю галаву, сягнуць за край вядомага, — лiчыць паэтка.

Валерыя ЛУЖЫНСКАЯ, вучанiца 9 класа гiмназii-каледжа мастацтваў г. Маладзечна

Пра аўтара

Гэта ўжо не першая «проба пяра» на нашым конкурсе
15-гадовай аўтаркi. Нiчога дзiўнага ў такой настойлiвасцi няма: Валерыя ў будучынi марыць стаць журналiстам, таму крок за крокам iдзе да сваёй мэты.

— Я люблю наведваць розныя выстаўкi, тэатр. Таксама захапляюся музыкай. Мне падабаецца браць iнтэрв'ю, — расказвае пра сябе дзяўчына. — А яшчэ люблю паэзiю, таму выбрала гераiняй свайго матэрыялу юную паэтку. У людзях цаню адкрытасць i добразычлiвасць.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».