21 Верасень, пятніца

Вы тут

Мастацтва гармонii


Юнкары, увага!

У сённяшнiм выпуску маладзёжнага дадатку мы публiкуем апошнiя з найлепшых «проб пяра» юных i маладых няштатных аўтараў, што былi дасланыя на конкурс. Творчы марафон, якi доўжыўся на працягу навучальнага года, скончаны. На жаль, не ўсе з пачаткоўцаў пабачылi надрукаванымi свае работы, паколькi яны не адпавядалi ўмовам конкурсу. З iншага боку, самыя вартыя з iх змяшчалiся на старонках «Чырвонкi. Чырвонай змены» як звычайныя журналiсцкiя матэрыялы. Самыя актыўныя i настойлiвыя аўтары за тыя месяцы, што iшло творчае спаборнiцтва, змаглi папоўнiць сваё асабiстае партфолiа дзвюма-трыма, а тое i чатырма «пробамi пяра».

Калi гаварыць пра ўдзельнiкаў у цэлым, найлепш праявiлi сябе тыя з iх, хто займаецца журналiстыкай у гуртках, часта — не першы год. Геаграфiчна «пальма першынства» тут каторы год запар належыць канкурсантам з Маладзечна — з «Маладзiка». Шкада, што ў конкурсе гэтага сезона не было прадстаўнiкоў з Мазыра, якiя яшчэ нядаўна актыўна ў iм удзельнiчалi. Не атрымалi мы нiводнай «пробы пяра» i з Наваполацка. Здае ў гэтым сэнсе пазiцыi i Лiцэй БДУ... Зноў жа варта адзначыць амаль што выключна дзявочы састаў удзельнiкаў конкурсу, прынамсi, усе апублiкаваныя найлепшыя работы належаць толькi выпускнiцам старэйшых класаў. Таму не цяжка будзе здагадацца, што пераможцам (цi пераможцамi) стане нехта з прыгожым дзявочым iмем.

Яго мы назавём у наступным нумары «Чырвонкi. Чырвонай змены». Аўтар, ушанаваны рэдакцыйным журы, апроч ганаровай граматы ад «Выдавецкага дома «Звязда» атрымае памятныя прызы з сiмволiкай найстарэйшай беларускай штодзённай грамадска-палiтычнай газеты, якая сёлета, лiтаральна праз паўтара месяца, адзначыць свой 100-гадовы юбiлей. А яшчэ, калi пераможца будзе паступаць на журфак сёлета, i рэкамендацыю ад нашага выдання.

Нам жа пакуль застаецца толькi падзякаваць за ўдзел у конкурсе ўсiм, хто дасылаў на працягу навучальнага года свае «пробы пяра». Мы пазнаёмiлiся з новымi аўтарамi, былi рады атрымаць матэрыялы ад тых, хто пісаў другi-трэцi год запар. Спадзяёмся, i нашым удзельнiкам чарговы творчы конкурс дадаў прафесiйнага досведу. Паўтараем заўсёднае: нават калi нехта не стаў пераможцам, ён усё роўна не прайграў. Удзел — гэта ўжо перамога! Да новых сустрэч, юнкары, да новых конкурсаў! А тым, хто сёлета збiраецца паступаць на журфак, удачы!

Куратары праекта Надзея НIКАЛАЕВА, Сяргей РАСОЛЬКА


Мне пашчасцiла пазнаёмiцца з сям'ёй таленавiтых мастакоў — Андрэем i Веранiкай Руско. Нават не толькi пазнаёмiцца, але i пабываць у iх майстэрнi.

Любоў да малявання прысутнiчала ў абаiх з дзяцiнства. Андрэй лiчыць, што мастацкiя здольнасцi перадалiся яму ад бацькi. Яго тату падабалася маляваць тэхнiку, i ён перыядычна браўся за пэндзаль. А Андрэй з братам паўтаралi i перамалёўвалi. Бацькi заўважылi талент сваiх дзяцей i адправiлi ў мастацкую школу. Ужо будучы школьнiкам Андрэй маляваў плакаты да свят, пакуль аднакласнiкi гулялi на вулiцы. А яго самая першая карцiна алеем была падарункам для мацi.

Пасля школы некалькi разоў хлопец спрабаваў паступаць у мастацкiя навучальныя ўстановы ў Гродне i Вiцебску, але безвынiкова: творчую работу выконваў на пяць (па пяцiбальнай сiстэме), а з мовай i лiтаратурай узнiкалi цяжкасцi. Але гэта не спыняла маладога чалавека, i пазней ён усё ж такi скончыў унiверсiтэт. Яшчэ да таго, як Андрэй адслужыў у армii, i да таго, як сустрэўся са сваёй будучай жонкай, пiнчанiн удзельнiчаў у рэспублiканскiм конкурсе «Машына часу», дзе яго работа ўдастоiлася другога месца. Гэта i быў першы поспех...

Веранiка таксама таленавiтая мастачка. Нарадзiлася ў Сiбiры, у Алтайскiм краi. У Пiнск трапiла яшчэ падлеткам... Таксама як i Андрэй, малявала з дзяцiнства i ведала, што будзе мастаком. Скончыла пiнскi каледж лёгкай прамысловасцi па спецыяльнасцi «тэхнiк-тэхнолаг», тут жа цяпер працуе педагогам. Малюе ў тэхнiцы батык, з якой пазнаёмiлася ў 2002 годзе. Па сённяшнi дзень яе не перастае здзiўляць гэты напрамак у мастацтве. Веранiка, як сапраўдная жанчына, любiць маляваць усё яркае, лёгкае: кветкi, матылькоў. У гаме пераважаюць халодныя колеры — фiялетавы, блакiтны, пурпурны, сiнi. Мастачка iмкнецца да таго, каб яе работа была пярэстай плямай у iнтэр'еры.

Так атрымалася, што ў творчым лёсе абодвух мастакоў з'явiўся Яўген Сяргеевiч Шатохiн — заснавальнiк пiнскай мастацкай школы. Ён прапанаваў спачатку Веранiцы, а потым Андрэю займацца ў клубе «Равеснiк». Там маладыя людзi i сустрэлiся. Далей разам паступiлi ва ўнiверсiтэт культуры i мастацтваў на завочнае аддзяленне, вучылiся па спецыяльнасцi «мастак — педагог спецыяльнай дысцыплiны», — у асноўным вывучалi «азы» керамiкi. Цяпер усе керамiчныя вырабы ў доме — iх асабiстыя творы.

Андрэй i Веранiка iдуць па жыццi побач. Яны паспелi папрацаваць у Ханты-Мансiйску, паўдзельнiчаць у розных выстаўках i конкурсах: «Ладдзi» ў Маскве, «Млыне», «Славянскiм базары» i iншых. Зараз у iх двое дзяцей: Алiса i Васiлiса. Старэйшая Алiса, напэўна, таксама будзе мастачкай, яна ўжо цяпер увесь вольны час малюе. Што натхняе на творчасць? Па-першае, усё залежыць ад настрою, а па-другое — ад музыкi, менавiта яна выступае ў ролi адмысловага «настаўнiка».

Цяпер Андрэй усё больш займаецца роспiсам сцен у стыль стрыт-арт. У Пiнску пад яго пэндзлем «расквiтнеў» мост, крама i многiя сцены прыватных дамоў. А Веранiка вельмi любiць роспiс адзення. Не так даўно яна прыняла ўдзел у конкурсе «Млын моды». Яе калекцыя называлася «Бабулiна скрынка» i мела поспех: прайшла не толькi першы эскiзны тур, але i выйшла ў фiнал. Калi нарадзiлася малодшая дачка Алiса, Веранiка стала маляваць рэдка, ды i тое толькi па начах. «Але мне мала быць проста мацi», — прызнаецца мастачка. А ўвогуле сям'я Руско вельмi хоча арганiзаваць сваю персанальную выстаўку ў Мiнску.

Веранiка з Андрэем сумесна прыйшлi да высновы: мастак — гэта вобраз мыслення, лад жыцця, свабода. Здольнасць заўважаць тое, што другiя не заўважаюць, бачыць у звычайных рэчах нешта прыгожае i заўсёды шукаць гармонiю. Калi гэта адчуваеш, то разумееш: ты — на сваiм шляху.

Дар'я БАХIР, вучанiца 10 класа СШ №15 г. Пiнска

Пра аўтара

Дар'я ў будучынi хоча стаць студэнткай Iнстытута журналiстыкi БДУ, спадзяецца, што гэта прафесiя стане яе прызваннем. А пакуль дзяўчына старанна вывучае рускую, беларускую, англiйскую мовы, вандруе.

— Пiшу таксама тэксты для розных выданняў. Сёлета атрымала дыплом першай ступенi на конкурсе «Залатое пяро «Белай Русi», — расказала 16-гадовая аўтарка.

Застаецца дадаць, што Дар'я была ўдзельнiцай нашага творчага конкурсу летась i ў вынiку стала адной з яго пераможцаў.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!