Вы тут

Галоўрэд бабруйскай газеты пра тое, як зрабіць стратны СМІ прыбытковым


Бабруйчанам не трэба тлумачыць, хто такі Вадзім Шчаглоў. Гэта дзякуючы яму ў горадзе з'явілася радыё Zефір FM, якое імкліва набірае папулярнасць. Наогул за апошнія тры гады, што ён кіруе гарадской газетай «Бабруйскае жыццё», амаль стагадовае выданне перажыло сапраўдную рэвалюцыю. Вадзім усміхаецца, успамінаючы, што, калі ён стаў за стырном, газета нагадвала крэсла, якое трымалася ўсяго на адной ножцы. Зараз у яго з'явіліся яшчэ тры апоры — сучасны сайт Bobrlіfe.by, FM-радыё і тэлебачанне.


Сайт ства­ра­лі вы­ключ­на сва­і­мі сі­ла­мі.

Трымаць руку на пульсе

Вынікі сапраўды ўражваюць. За мінулы год газета прырасла яшчэ на 1000 падпісчыкаў, у сайта, які раней наведвала чалавек 50 за суткі, цяпер 2000 наведвальнікаў і дадаткова 4400 — у сацыяльных сетках. На канале Беларусь 4 рэдакцыя пачала дэманстраваць свае ТV-праекты, а сёлета на сваё прафесійнае свята зрабіла падарунак і запусціла радыё Zефір FM. Яно працуе толькі другі месяц, а ў яго ўжо 1154 актыўныя карыстальнікі, якія жыва рэагуюць на ўсё, што адбываецца ў інфармацыйнай прасторы.

— Сайт дазваляе не толькі трымаць сувязь паміж радыё, TV і газетай, але і пабачыць у твар усіх, хто піша або вяшчае ў эфіры. У газеце і адпаведна на сайце з'явілася асобная старонка для аўтарскай журналістыкі — меркаванні, дзе карэспандэнты смела выказваюць свае погляды на падзеі ў горадзе. «Гэта рубрыка карыстаецца найбольшай папулярнасцю. Некаторыя публікацыі выклікаюць шквал званкоў у рэдакцыю», — расказвае галоўны рэдактар. Пакінуць каментарый вельмі проста, для гэтага не трэба рэгістрацыі і пацвярджэння сваёй асобы. Мадэратар сочыць толькі за тым, каб не быў парушаны закон.

Зручна стала і з набыццём газеты. У кіёскі яна паступае ў абмежаванай колькасці, але на сайце заўсёды можна набыць электронную версію свежага нумара.

— Будучае за чатырма рознымі кірункамі — газетай, сайтам, радыё і тэлебачаннем, — лічыць малады і амбіцыйны ў добрым сэнсе слова кіраўнік. — А сацыяльныя сеткі дапамагаюць за кароткі тэрмін яшчэ болей распаўсюдзіць бабруйскія навіны. Фэйсбук, Інстаграм, «УКантакце» — наша інфармацыя з'яўляецца тут адразу ж пасля размяшчэння яе на сайце. У наш час гэта адзіны дзейсны спосаб заваяваць свайго чытача. Сёння вялікі выбар варыянтаў падаць інфармацыю, застаецца толькі задаволіць патрэбы публікі. Рабіць стаўку толькі на сайт або газету неразумна. У кожнай інфармацыйнай пляцоўкі свая ўнікальная аўдыторыя. Той, хто чытае газету, не праглядае інтэрнэт-парталы і не слухае Zефір FM. Гэта розныя ўзроставыя групы, розны сацыяльны статус. Мне здаецца, мы своечасова паспелі сарыентавацца і даць жыхарам горада прапановы на любы густ. Мясцовыя радыёстанцыі і тэлеканалы ў будучыні будуць толькі развівацца. Таму што на рэгіянальнае тэлебачанне запрашаюць менавіта тых людзей, якіх тут усе добра ведаюць. Чалавек наўпрост можа задаць пытанне, якое яго хвалюе, і пачуць адказ па сутнасці. Па рэгіянальным тэлебачанні хутчэй можна пабачыць у эфіры сябе і сваіх сяброў. Чалавек і сам паглядзіць, і знаёмых падключыць. Гэта ж такая падзея — засвяціцца на экране.

Гульня па-банку

Вадзім Шчаглоў за свае 28 гадоў паспеў шмат чаго. Стажыраваўся ў Мінску на радыёстанцыях «Сталіца» і «Мір», некалькі гадоў працаваў на АНТ, быў уласным карэспандэнтам БТ у Расійскай Федэрацыі. На пасаду галоўнага рэдактара ў Бабруйск ён перавёўся проста з Масквы, дзе рабіў тэлерэпартажы для беларускіх навін. За час працы ў расійскай сталіцы пабачыў шмат папулярных медыйных і дзяржаўных асоб. А паралельна вучыўся ў магістратуры Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў імя П. Лумумбы.

— Не шкадуеце? Маглі б застацца ў Мінску ці Маскве.

— Вядома, мог бы, але ж у мяне яшчэ ўсё наперадзе, — усміхаецца ён. — А калі сур'ёзна, то я паўгода думаў над прапановай стаць галоўным рэдактарам. Я ж сам бабруйчанін, пачынаў калісьці ў «Бабруйскім жыцці». Бацькі бачылі ўва мне медыка, а я прыйшоў сюды і заразіўся гэтай прафесіяй. Я рады, што мае веды і талент спатрэбіліся гэтаму выданню. Мне вельмі захацелася зрабіць нешта сучаснае з таго, што тут было раней. Гэта было стратнае прадпрыемства з 80% акупнасці, датаванае з бюджэту, але з высокім узроўнем журналістыкі і кадравага патэнцыялу. Вельмі паважаю свайго папярэдніка Аляксандра Казака. І ён па-ранейшаму піша для нас. Дарэчы, ніхто не звольніўся, уся каманда засталася. Калі ты гуляеш у карты з аднымі козырамі і выйграеш, гэта не майстэрства. Майстэрства, калі выйграеш з тымі картамі, што табе далі. У гэтым сутнасць кіраўніка. Трэба па-новаму раскрыць кадры. Карэспандэнтам было дадзена болей самастойнасці, аўтарства, і яны адразу выраслі як асобы і як аўтары. У іх павысілася самаацэнка. Спачатку крыху пабойваліся, а потым адчулі смак. Вядома, стала больш напружана, бо яны ходзяць цяпер да мяне, адстойваюць свой пункт гледжання, але так і павінна быць. Яны гараць, а не сядзяць моўчкі, схіліўшы галаву. Маўляў, як рэдактар сказаў, так і будзе. Мне выканаўцы не патрэбны, з імі сумна. Калі чалавек раскрываецца, з ім працаваць больш складана, але больш цікава. Да таго ж журналісты павінны разумець, што яны не стадоларавыя купюры, каб усім падабацца. Трэба быць гатовымі да таго, што іх меркаванне камусьці можа не спадабацца.

Мы — ка­ман­да! (зле­ва на­пра­ва за­гад­чык ад­дзе­ла тэ­ле­ра­дыё­вя­шчан­ня Мі­ка­лай Сіл­коў, ка­рэс­пан­дэнт ін­фар­ма­цый­най служ­бы Zефір FM Мар­га­ры­та Бу­шу­е­ва, га­лоў­ны рэ­дак­тар га­зе­ты «Баб­руй­скае  жыц­цё» Ва­дзім Шчаг­лоў, рэ­дак­тар ін­фар­ма­цый­най служ­бы Zефір FM Свят­ла­на Пра­ля,  ка­рэс­пан­дэн­ты служ­бы на­він Zефір FM Ігар Та­ма­шэ­віч, Крыс­ці­на Аляк­санд­ра­ва,  Ве­ра­ні­ка Са­ка­ло­ва, Лі­ля Шай­хо­ва).

Бабруйскае жыццё, але па-новаму

Атрымаць статуэтку Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Ліцера» — мэта любога паважаючага сябе журналіста і выдання. У «Бабруйскага жыцця» іх аж тры. Апошнія дзве — вынік плённай працы маладога галоўнага рэдактара. Летась газету ўзнагародзілі за лепшы інтэрнэт-сайт, а сёлета — за сацыяльны праект пра бежанцаў «Беларусь — тэрыторыя стабільнасці». Ён, дарэчы, атрымаў Гран-пры.

Не пазнаць і саму рэдакцыю. Утульная новая мэбля, новыя вокны, рамонт. Адкуль грошы ў не так даўно датаванага прадпрыемства?

— Зарабляем, — сціпла паціскае плячыма Вадзім Шчаглоў. — Рэклама, падпіска, арэнда. Трэба ўмець прадаваць той тавар, які ты робіш. І гэтаму вельмі карысна павучыцца ва ўкраінцаў. Яны што хочаш прададуць. У рэдактарскім кабінеце ў падлозе нават дзірка была, я праваліўся б на першы паверх, калі б нічога не рабіў. Гэта ж не парадак. Рэдакцыя налета адзначае 100 гадоў. І трэба падрыхтавацца, каб не сорамна было. Усё ж такі цераз нас такія людзі прайшлі — Лынькоў, Грахоўскі, Стральцоў, Гарэлік, Аўрамчык...

Будынак, дзе цяпер знаходзіцца радыё і тэлестудыя, раней займаў тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання Бабруйскага раёна і яўрэйская абшчына. Яны пераехалі і зараз тут ствараюцца сучасныя ўмовы для радыё- і тэлетрансляцыі. Пад прафесійныя студыі і кабінеты для персаналу, які іх абслугоўвае, перададзены другі і трэці паверхі, а на першым плошчы арандуе прыватная фірма па заборы крыві.

Радыё- і тэлекантэнт стварае маладая і крэатыўная каманда. І ў ёй шмат прафесіяналаў.

— Нехта працаваў на магілёўскім тэлебачанні і на сталічным, але ўсе вярнуліся, — кажа загадчык аддзела тэлерадыёвяшчання Мікалай Сілкоў. — У нас сапраўды цікава.

Наогул творчых праектаў у рэдакцыі хапае. Адзін з іх — работа над кнігай, прысвечанай 630-годдзю Бабруйска. Яе аўтар — былы рэдактар «Бабруйскага жыцця» Аляксандр Казак. Ён знайшоў цікавыя факты ў архіўных крыніцах і хутка бабруйчане даведаюцца яшчэ шмат чаго новага пра свой любімы горад.

— Мне пашчасціла з калектывам, — прызнаецца Вадзім Шчаглоў. — Тут працуюць захопленыя сваёй справай людзі, і я толькі падтрымліваю ў іх гэты агонь. Мы ўсё зрабілі сваімі сіламі, адзінае, запрасілі кансультанта па радыё, які даў парады нашай інфармацыйнай службе. Але часу спачываць на лаўрах няма. Трэба думаць пра заўтра. Вельмі важна, каб журналіст заўсёды быў у форме. Не губляем магчымасці павышаць кваліфікацыю. Нядаўна нашы супрацоўнікі набіраліся вопыту ў БелТА. Наша мэта браць на ўзбраенне ўсё самае перадавое і развівацца далей.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Формула поспеху

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?