Вы тут

Як «Звязда» асвятляла першыя месяцы Вялікай Айчыннай


Забітыя жанчыны і дзеці, «жывыя масты» з ваеннапалонных, па якіх пускаюць танкі, гвалт і марадзёрства — такімі былі першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны. Калі гартаеш падшыўкі «Звязды», разумееш, як мала мы пра яе ведаем. Менавіта з газетных старонак спазнаеш розныя дробныя дэталі гісторыі, што не знойдзеш ні ў якіх падручніках, улоўліваеш настрой часу, бачыш, як праяўляецца нацыянальны характар...


На баявым пасту

24 чэрвеня варожая авіяцыя ўжо бамбіла Мінск. Рэдакцыі рэспубліканскіх газет страцілі стацыянарную паліграфічную базу. Па ўказанні ЦК Кампартыі Беларусі рэдакцыя «Звязды» выехала з Мінска і працягвала выпускаць газеты спачатку ў Магілёве, пасля — у Гомелі. Апошні нумар 1941 года выйшаў 13 жніўня...

«Бесперабойнай работай прадпрыемстваў забяспечым нашу перамогу», «Вораг будзе разгромлен!», «Нястомна каваць абаронную магутнасць радзімы»,
«Будзем працаваць з дзесяцяронай энергіяй», «Больш прадукцыі і лепшай якасці», «Працоўныя подзвігі», — калі глядзіш на загалоўкі, з якімі выходзіла «Звязда» ў першыя дні вайны, адчуваеш, што напачатку людзі не маглі ўявіць маштабаў трагедыі, яны верылі, што Чырвоная армія хутка спыніць ворага. На мітынгах і сходах, што праходзілі на заводах і фабрыках, людзі заяўлялі, што кожны на сваім месцы будзе імкнуцца як мага болей працаваць, павялічваўся працоўны дзень, разгортваліся стаханаўскія спаборніцтвы...

І ў той жа час краіна жыла па законах ваеннага часу: 10 гадоў турэмнага зняволення — за сыход з працы, а п'яным зачыншчыкам бойкі ў сельсавеце — расстрэл. Работу на сваім працоўным месцы людзі ўспрымаюць як баявое заданне. Так, газета расказвае пра дзяўчыну-тэлефаністку, якая працягвала сваю справу на камутатары, нават калі чутно было, што ў вёсцы, дзе яна знаходзілася, ідзе бой з немцамі.

Праз старонкі газеты абвяшчаецца паляванне на дыверсантаў і шпіёнаў, якія могуць быць закінуты на нашы землі. Здраднікамі называюць «балбатуноў», газета заклікае быць асцярожнымі і нічога не расказваць незнаёмым людзям.

Актывісты дзяжураць на дарогах і ў вёсках, правяраюць кожнага невядомага чалавека, часам і асобныя людзі выкрываюць шпіёнаў. Напрыклад, газета расказвае, што стары вартавы калгасных палёў затрымаў дыверсанта, які наносіў на карты розныя аб'екты з мэтай далейшага іх знішчэння.

Людаеды

Як мяняецца голас «Звязды» ўсяго за два тыдні! Якія моцныя падбіраюцца словы, каб узняць людзей на барацьбу. З першых дзён вайны беларускія пісьменнікі дасылалі сюды свае творы. Так, вершы Якуба Коласа «Шалёнага пса — на ланцуг» і Пятра Глебкі «Смялей у бой!» выйшлі ў «Звяздзе» яшчэ 23 чэрвеня... Кузьма Чорны пры дапамозе мастацкага слова апісваў жахі часу, заклікаў уставаць на абарону роднай зямлі, паказваў, як вайна мяняе людзей. Так, у адным з артыкулаў ён распавядае пра 13-гадовую дзяўчынку, якая ідзе ў калоне бежанцаў. Яна страціла сваю сям'ю, але пры гэтым узяла пад апеку двух такіх жа адзінокіх малых.

У многіх матэрыялах гаворыцца пра тое, што фашысты гвалцяць жанчын, здзекуюцца нават з 13—14-гадовых дзяўчынак, часта на вачах у іх родных. Уласныя інфарматары расказваюць пра тое, як рабуюцца гарады і вёскі, прычым вораг забірае ўсё — ад прадуктаў, скаціны да побытавых рэчаў.

Марадзёры валаклі нават ручнікі і дзіцячыя кашулі. Акрамя звестак Савецкага інфармбюро і інфармацыі з мясцін баёў, у газеце размяшчаюцца расказы людзей, што вырваліся з акружэння ці ўцяклі з палону. З артыкулаў у «Звяздзе» даведваешся пра такое, што кроў стыне ў жылах. Разгромлены танкамі радзільны дом і трупы жанчын, якія прыціскаюць да грудзей прастрэленых немаўлят. Абезгалоўленыя ці рассечаныя целы старшынь калгасаў, афіцэраў і іх жонак. Масавыя забойствы і звярыныя здзекі. Людзей расстрэльвалі, калолі штыкамі, палілі. Ваеннапалонным адразалі вушы, выколвалі вочы, адрывалі ці ламалі рукі і ногі, раздушвалі танкамі. Прычым у газеце змешчаны артыкулы і пра падобныя здзекі з старых, дзяцей і жанчын.

Чым далей гартаеш старонкі «Звязды», тым больш жахаешся. Вельмі цяжка паверыць, што такое было ў першыя дні баёў. Што для простых людзей, якія яшчэ не тое што ніякага адпору не давалі, а ўпершыню бачылі ворага, вайна пачыналася з катаванняў. Мімаволі задаешся пытаннямі, што ж гэта было, чаму так жахліва? Адкуль столькі лютасці, зверства да мірнага насельніцтва і хто выканаўцы падобных дзікунскіх аперацый?

Паднялася Беларусь

«Праязджаючы ад Коўна, я бачыў сам, як над дарогай, на якой нікога не было, апрача натоўпу старыкоў, жанчын і дзяцей, раптам знізіўся нямецкі знішчальнік, — пісаў 18 ліпеня ў артыкуле «Паднялася Беларусь» Янка Купала. — На брэючым палёце фашысцкі вампір расстрэльваў з кулямётаў безабаронны натоўп і кінуўся уцякаць, як толькі на гарызонце паказаліся крыллі савецкіх «ястрабкоў...»

А натоўп беларускіх сялян астаўся ляжаць на дарозе. Па сівых бародах старыкоў паўзлі густыя патокі крыві. Мёртвыя мацеры сціскалі ў сваіх руках мёртвых дзяцей.

Труслівыя забойцы! Яны бамбяць безабаронныя сёлы і мястэчкі!

Яны грабяць, насілуюць нашых жанчын, як скаціну, рэжуць людзей.

Ці трэба гаварыць аб тым, чаму падымаецца беларускі народ на захватчыкаў?

...На што ж мяняць нам свабоду? На плеці і шыбеніцы фашыцкіх палачоў? На лёс рабоў?

...У занятых ворагам раёнах ствараюцца партызанскія атрады — конныя і пешыя. «Вока — за вока, зуб — за зуб» — адкажам мы фашыстам, не дадзім ні адпачынку, ні тэрміну. Паляцяць у паветра масты, склады і абозы. Любяць у Беларусі званых гасцей і не любяць нязваных. Пакуль будзе жыць хоць адзін беларус, не будзе на беларускай зямлі спакою фашысцкім захватчыкам, горкае будзе іх жыццё — з кожнага дрэва, з кожнага аўрага будуць сачыць за ім пільныя партызанскія вочы...»

Па старонках «Звязды» можна бачыць, як зараджаўся партызанскі рух. У некаторых артыкулах апісваюцца трагедыі асобных людзей ці населеных пунктаў. Пасля здзекаў і катаванняў родных і знаёмых людзі самі сыходзілі ў лясы. Так, адзін з артыкулаў пачынаецца з расповеду, як пастух прынёс сваім аднавяскоўцам, якія былі на сенакосе, весткі, што ў вёсцы пачаў лютаваць вораг. Уначы мужчыны голымі рукамі перабілі фашыстаў, захапілі зброю.

1 жніўня газета пісала, што «партызанскія атрады, узброеныя здабытымі ў ворага вінтоўкамі, кулямётамі, часам гранатамі і танкамі, якія водзяць былыя трактарысты, не толькі знішчаюць пераправы, разбіваюць абозы, падпальваюць базы і склады, але ў адважных схватках нечаканым нападам разбіваюць вялікія вайсковыя часці ворага».

Як бачыце, ужо ў першыя месяцы вайны стыхійна ўзнікшыя на Беларусі атрады становяцца грознай ваеннай сілай, з якой вораг пачынае лічыцца. Так, 10 жніўня «Звязда» пісала: «Падраздзяленням германскай арміі забаронена цяпер аставацца на начлег у населеных пунктах. Раней, чым разбіць бівак у лесе, немцы доўга абстрэльваюць яго ўзлессе з кулямётаў. Партызаны мярэшчацца ім за кожным кустом! Адзін з афіцэраў скардзіцца ў пісьме дамоў: «Страшна ў Расіі, тут б'е кожны».

Немцы сур'ёзна занепакоены памерамі партызанскага руху ў Беларусі. Белагвардзейскі дыктар з Варшавы, які за грашы абслугоўвае ведамства Гебельса, надрываючыся да хрыпоты, па радыё пагражае беларусам спальваннем кожнай вёскі, дзе будзе знойдзены партызан. Але, не хістаючыся ні мінуты, усё новыя і новыя сотні сялян уходзяць у лясы, далучаючыся да партызанскіх атрадаў».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zviazda.by

Загаловак у газеце: Як жахліва яна пачыналася...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».