Вы тут

Усё пачалося з "Арфея"


Міжнародны культурны праект аб’яднаў дзве ўстановы адукацыі: Мастацкі ліцэй імя Канстанціна Брэілою (г. Тыргу Жыу, Румынія) і Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі.


Марыя Паланевіч — канцэртмайстар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі, Ясмін Палэчэк — навучэнка Мастацкага ліцэя імя Канстанціна Брэілою (Румынія).

Жыццёвым падмуркам развіцця культурных сувязяў паміж навучальнымі ўстановамі стаў гарадскі адкрыты конкурс камерных ансамбляў «Струны Арфея», які кожны год ладзіцца ў Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя Міхаіла Глінкі і аб’ядноўвае юных таленавітых выканаўцаў. Нездарма ў міфалогіі Арфей вядомы як легендарны спявак, музыка, творчасці якога скараліся не толькі людзі, але і багі, і нават прырода. Яго імя спакон веку ўвасабляе мастацтва. Нездарма статуя Арфея, якую ўсталявалі каля будынка каледжа ў 1979 годзе, не толькі дала імя конкурсу, на які з’язджаюцца выканаўцы з усёй краіны, але і звярнула ўвагу да сталічнай установы адукацыі румынскіх калег. У апошнія гады конкурсы з назвай «Арфей» сталі вельмі папулярнымі ў Румыніі: конкурс песень «Залаты Арфей», конкурс «Арфей» для выканаўцаў на духавых інструментах… А ў Мастацкім ліцэі імя Канстанціна Брэілою ладзіцца конкурс «Арфеус», удзел у якім на наступны год змогуць узяць навучэнцы з усіх краін свету.

«Пад знакам Арфея» пачаўся «Дыялог культур» — новы творчы досвед беларуска-румынскага Тыдня музыкі: у сценах каледжа гучала вакальная музыка румынскіх кампазітараў. Пад кіраўніцтвам старшыні цыклавой камісіі «Спевы акадэмічныя» Вольгі Косаравай сем выкладчыкаў каледжа разам с канцэртмайстрамі ладзілі адкрытыя ўрокі з вучнямі ліцэя імя Канстанціна Брэілою, вынікам якіх сталі майстар-класы па спевах для выкладчыкаў і навучэнцаў дзвюх устаноў адукацыі. На сумесным выніковым канцэрце піяністычнае майстэрства прадэманстравала Марыя Нягу, навучэнка ліцэя імя Канстанціна Брэілою. У апошні дзень візіту румынскай дэлегацыі ў габеленавай зале каледжа імя Міхаіла Глінкі можна было паглядзець работы румынскіх навучэнцаў спецыяльнасці «Мастацкае і выяўленчае мастацтва і графіка».

Сімвалічна, што візіт нашых гасцей супаў з пачаткам работы над перакладам знакамітай паэмы «Лучафэрул» («Ранішняя зорка») класіка румынскай літаратуры Міхая Эмінэску на беларускую мову. Знаёмства з унікальным літаратурным творам, які зачароўвае цягам стагоддзяў, стала падзеяй не толькі румынскай культуры, але і святам яднання нацыянальных культур дзвюх краін. Паэма Міхая Эмінэску, як сімвал румынскай паэзіі, загучала ў сценах каледжа на трох мовах: румынскай, рускай і ўпершыню на беларускай (у перакладзе Юліі Алейчанка). Уладзімір Міхайлавіч Чэрнікаў, кіраўнік міжнароднага праекта, дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі, ганарыцца, што чытанне паэмы Міхая Эмінэску «Лучафэрул» адбылося ў сценах каледжа.

Урачыстая цырымонія падпісання Дамовы аб міжнародным супрацоўніцтве паміж дзвюма навучальнымі ўстановамі ў сферы культуры ў прысутнасці пасла Румыніі Віярэла Машану і намесніка начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Аляксандра Шастакова адкрыла шлях да ўмацавання культурных сувязяў паміж навучальнымі ўстановамі, абмену педагагічным і выканальніцкім досведам, арганізацыі сумесных праектаў.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь Віярэл Машану адзначыў, што «менавіта сёлета Беларусь і Румынія адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Нягледзячы на тое, што дзве краіны ладзяць сумесныя румынскабеларускія культурныя мерапрыемствы, праект, які аб’ядноўвае навучэнцаў і канкрэтна звязвае дзве навучальныя ўстановы, арганізаваны ўпершыню».

Яркай падзеяй візіту румынскай дэлегацыі Мастацкага ліцэя імя Канстанціна Брэілою ў Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя Міхаіла Глінкі стаў беларуска-румынскі канцэрт як вынік сумеснай працы і пачатак плённага супрацоўніцтва паміж навучальнымі ўстановамі дзвюх краін. Падчас канцэрта прагучалі творы румынскіх кампазітараў Джорджа Энэску, Ціберыу Брэдзічану, Марыі Тэнасэ, Грыгораша Дэніку, а таксама творы сусветнай класічнай музыкі. Беларуская музычная спадчына была прадстаўлена ў выкананні Настассі Булатоўскай і Кацярыны Шкурко. У канцэрце ўзялі ўдзел незвычайныя дуэты: партыю вакалісткі выконвала навучэнка з Румыніі, а партыя інструментальнага суправаджэння гучала ў выкананні канцэртмайстра каледжа. Музыкальнасць навучэнцаў ліцэя і піяністычны прафесіяналізм канцэртмайстраў каледжа Аляксандры Карпенка, Ірыны Лук’янавай, Марыі Паланевіч аб’ядналі творчыя намаганні для развіцця таленавітых навучэнцаў.

Наталля КАРДАШОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».