Вы тут

Ці будуць на ЦТ стабальнікі?


Адказ на гэта пытанне мы даведаемся праз некалькі дзён.

Вынікі ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай і рускай мове стануць вядомыя да канца бягучага тыдня. Пра гэта журналісту "Звязды" паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ. Звычайна іх абвяшчаюць адначасова, нягледзячы на тое, што беларускую мову абітурыенты здавалі на два дні раней, да таго ж і колькасць удзельнікаў ЦТ па роднай мове, на жаль, значна меншая.


Нецярплівасці абітурыентаў, якія не разумеюць, чаму вынікаў тэсціравання даводзіцца чакаць да дзесяці дзён, у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў не падзяляюць. І тлумачаць: працэс праверкі работ стрымлівае верыфікацыя, якая ажыццяўляецца выключна ў інтарэсах абітурыентаў. Праблема ў тым, што сучаснае праграмнае забеспячэнне не гарантуе стапрацэнтную якасць пераводу рукапіснага тэксту ў электронны фармат (асабліва калі чорнае чарніла ў гелевай ручцы мае серабрыстае адценне). Таму задача верыфікатараў — прасачыць за правільнасцю распазнавання сімвалаў на бланках. Скажам, камп'ютар можа прыняць лічбу "3" за лічбу "8" ці лічбу "1" за лічбу "7", калі яна напісана неакуратна. Чалавек гэта бачыць і папярэджвае магчымую памылку . Ці, напрыклад, камп'ютар можа няправільна "прачытаць" прозвішча абітурыента, таму і сертыфікат будзе выпісаны затым з памылкай у прозвішчы ці ў пашпартных звестках. Фактычна ў кожным дзясятым бланку даводзіцца выпраўляць памылкі ў рэгістрацыі. Хтосьці піша на рускай мове "Викторовичь", а хтосьці — "Владзимеровичь".

Арганізатары ЦТ канстатуюць, што акуратнасцю абітурыенты, на жаль, не вылучаюцца, а многія і ўвогуле замест друкаваных літар выкарыстоўваюць прапісныя. Некаторыя ўмудраюцца дапусціць памылкі ў рэгістрацыі ва ўсіх трох тэставых работах. А ёсць абітурыенты, якія ўвогуле забываюць з-за хвалявання запоўніць у бланку рэгістрацыйную часткуі. Пэўная колькасць абітурыентаў здаюць абсалютна чысты бланк адказаў, прычым і ў чарнавіку не назіраецца "слядоў" інтэлектуальнай работы.

Усяго на верыфікацыі задзейнічаны каля 250 чалавек, пераважна студэнткі (паколькі дзяўчаты больш падыходзяць для манатоннай работы) і маладыя педагогі. Верыфікацыя патрабуе максімальнай канцэнтрацыі ўвагі, таму рабочая змена доўжыцца чатыры гадзіны. З 9 гадзін раніцы да 21 гадзіны за камп'ютарнай тэхнікай змяняюцца тры змены. Дарэчы, для студэнтаў гэта добры спосаб падзарабіць. Але да прэтэндэнтаў ёсць два асноўныя патрабаванні — яны не павінны курыць (інстытут — зона, свабодная ад курэння) і не могуць удзельнічаць у гэтым годзе ў цэнтралізаваным тэсціраванні.

Кожны бланк праходзіць як мінімум трайную праверку вачамі, і кожны раз яго "чытае" новы верыфікатар. Аператары выдаляюць і ўвесь бруд: напрыклад, абітурыент выпадкова чыркнуў ручкай, і, каб камп'ютар не залічыў яму няправільны адказ, гэта з элетроннай выявы прыбіраецца. Здараецца, што абітурыент з-за хвалявання дзве літары напісаў у адной клетачцы. Іх таксама расстаўляюць па сваіх клетках. Усё робіцца на карысць абітурыента. Пры гэтым камп'ютарная праграма фіксуе абсалютна ўсе ўмяшанні верыфікатара.

Не варта думаць, што аператар (верыфікатар), які сядзіць за камп'ютарам, можа нейкім чынам умяшацца ў праверку работ умяшацца. Пасля сканіравання ўсіх бланкаў электронная выява раздзяляецца на частку рэгістрацыі і частку адказаў. Адны аператары правяраюць толькі рэгістрацыю, а другія — толькі адказы і нават не ведаюць, чый бланк знаходзіцца перад імі на экране. Да таго ж адказаў да тэставых заданняў аператары не ведаюць. Яны рыхтуюцца толькі пасля таго, як работы ўдзельнікаў ЦТ прайшлі ўсе праверкі. Акрамя верыфікацыі (распазнавання рукапісных выяў), прадугледжаны яшчэ і тры апаратныя праверкі. Калі адказы нарэшце з'яўляюцца, яны ўносяцца ў камп'ютарную праграму і націсканнем адной кнопкі праз долі секунды з'яўляюцца ўсе 75 тысяч вынікаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.