20 Верасень, чацвер

Вы тут

Адукацыйныя паслугі — на экспарт*


Вопыт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Адной з адметных рысаў сусветнай эканомікі апошніх дзесяцігоддзяў з'яўляецца дынамічны рост сферы паслуг. Відавочна, што гэтая тэндэнцыя — заканамерны вынік пераходу соцыуму да постіндустрыяльнай стадыі. Ва ўмовах глабалізацыі, магутнай канкурэнцыі на міжнародных рынках тавараў і паслуг нацыянальная эканоміка таксама не можа ўстойліва расці без развіцця шэрагу кірункаў знешнеэканамічнай дзейнасці, адным з якіх з'яўляецца экспарт адукацыйных паслуг. Значнасць гэтага напрамку абумоўлена шматвектарнасцю вынікаў, якія дасягаюцца, — ад эканамічнай выгады да рэалізацыі геапалітычных інтарэсаў і ператварэння нацыянальных універсітэтаў (у першую чаргу за кошт павышэння якасці навучання) у міжнародныя навукова-адукацыйныя комплексы.


З сярэдзіны ХХ ст. вядучыя сусветныя дзяржавы пачалі разглядаць міжнародныя адукацыйныя праграмы і міжнародныя абмены як частку сваёй знешняй палітыкі, паставіўшы іх па важнасці ў адзін шэраг з ваеннай і эканамічнай дапамогай іншым краінам.

Варта адзначыць, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады таксама прадугледжвае рэалізацыю комплексу мер па павышэнні канкурэнтных пераваг нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі ў міжнароднай адукацыйнай прасторы. Акрамя таго, дзяржаўная праграма «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2016—2020 гады, зацверджаная пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 сакавіка 2016 года №250, сярод найважнейшых кірункаў развіцця айчыннай вышэйшай школы вылучае павышэнне яе міжнароднага прэстыжу, экспарт адукацыйных паслуг і міжнароднае супрацоўніцтва, якія закліканы садзейнічаць забеспячэнню якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, развіццю сістэмы адукацыі ў нацыянальных інтарэсах з улікам сусветных тэндэнцый і перадавога вопыту, умацаванню міжнароднага супрацоўніцтва з адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі замежных дзяржаў.

Сёння можна гаварыць пра тое, што Беларусь мае пэўную нішу на рынку міжнародных адукацыйных паслуг. Пры гэтым, безумоўна, дамінуе пасіўны экспарт, які прадугледжвае падрыхтоўку замежных спецыялістаў у айчынных установах вышэйшай адукацыі. Актыўны экспарт узнік параўнальна нядаўна і звязаны з замежнай экспансіяй ВНУ, стварэннем у іншых краінах прадстаўніцтваў і філіялаў, прэтэндуючы ў перспектыве на сістэму работы па мадэлі транснацыянальных карпарацый. У выпадку апасродкаванага ўзаемадзеяння экспарцёра і імпарцёра адукацыйных паслуг складваецца дыстанцыйная мадэль экспарту. Для забеспячэння больш шырокага ўдзелу ў працэсах інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі, развіцця міжнароднай дзейнасці, павелічэння акадэмічнай, студэнцкай мабільнасці і нарошчвання экспарту адукацыйных паслуг вельмі важным уяўляецца пашырэнне падрыхтоўкі студэнтаў па замежных мовах у нямоўных ВНУ.

Пытанне валодання замежнымі мовамі ў асяроддзі выкладчыцкага складу ВНУ з'яўляецца праблемай, якая павінна быць вырашана ў наступныя некалькі гадоў, заявіў на сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю Смалявіцкага раёна 6 мая міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка. Падчас сустрэчы з педагогамі ён заўважыў, што калі ў найбліжэйшы час беларускія ВНУ не змогуць прапанаваць выкладанне на англійскай мове, то краіна страціць экспарт паслуг.

Пэўныя напрацоўкі ў галіне навучання замежных студэнтаў на англійскай мове, якія могуць быць выкарыстаны ў іншых навучальных установах краіны, ёсць у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Сёння ў ГрДМУ навучаецца больш за семсот замежных студэнтаў з 33 краін. Іх падрыхтоўкай тут займаюцца больш за 20 гадоў, у тым ліку больш за 15 гадоў увесь курс навучання вядзецца на англійскай мове. З кожным годам усё больш педагогаў могуць весці заняткі на замежнай мове. Якасць падрыхтоўкі дастаткова высокая, пра што сведчыць і конкурс сярод небеларускіх студэнтаў (каля двух чалавек на месца), і іх агульны колькасны рост. Пры гэтым колькасць англамоўных студэнтаў ва ўніверсітэце за апошнія пяць гадоў павялічылася больш чым у чатыры разы. Між тым адным з важных крокаў у рабоце з англамоўнымі замежнымі грамадзянамі з'яўляецца іх якасны адбор пры паступленні. Уступныя іспыты праводзяцца ў выглядзе гутаркі па мове з уключэннем пытанняў па біялогіі і хіміі і дазваляюць выбраць найбольш адораных абітурыентаў.

Для ажыццяўлення навучання на англійскай мове была праведзена вялікая папярэдняя работа па падрыхтоўцы выкладчыкаў. Кожная кафедра, якая займаецца падрыхтоўкай студэнтаў першага і другога курсаў, а затым трэцяга курса і, урэшце, па ўсіх клінічных дысцыплінах старэйшых курсаў, вылучыла па два і больш выкладчыкаў, якія ў дастатковай ступені валодалі англійскай мовай, каб перадаваць свае прафесійныя веды, уменні і навыкі на ёй. Гэтыя спецыялісты на працягу двух гадоў праходзілі падрыхтоўку па англійскай мове для медыцынскіх мэт у спецыяльна створаных па профілях дысцыплін групах прафесарска-выкладчыцкага складу на кафедры замежных моў. Пры гэтым адной з галоўных задач была падрыхтоўка метадычнай базы і матэрыялаў для навучання студэнтаў на англійскай мове.

Сёння ў сувязі са значным ростам колькасці англамоўных грамадзян працягваецца актыўная работа па падрыхтоўцы кадраў для працы з замежнымі студэнтамі, якія навучаюцца на англійскай мове, і павышэнні ўзроўню іх кваліфікацыі. Так, кафедра замежных моў працягвае праводзіць заняткі па навучанні англійскай мове для спецыяльных мэт або яе ўдасканаленні па профілях дысцыплін для выкладчыкаў. Канчатковы этап такой формы навучання — атэстацыя прафесарска-выкладчыцкага складу па вызначэнні ўзроўню валодання мовай на атрыманне допуску да правядзення вучэбных заняткаў і лекцый у групах студэнтаў факультэта замежных навучэнцаў, якія атрымліваюць адукацыю на англійскай мове, распрацаваная на кафедры замежных моў. Вызначэнне ўзроўняў валодання англійскай мовай ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Агульнаеўрапейскай сістэмай ацэнкі ведання замежных моў, распрацаванай Саветам Еўропы, адаптаванай для Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. З 2009 года паспяхова вытрымалі атэстацыю і маюць права праводзіць практычныя заняткі і чытаць лекцыі на англійскай мове каля 200 выкладчыкаў ГрДМУ. Аступененасць сярод спецыялістаў, якія вядуць заняткі на англійскай мове, вышэйшая за агульнаўніверсітэцкую аступененасць прафесарска-выкладчыцкага складу — 60%.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца забяспечанасці кнігамі на факультэце замежных навучэнцаў. За перыяд з 2003 па 2016 год было распрацавана і выдадзена 124 навучальныя дапаможнікі на англійскай мове, у тым ліку 10 з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. 93 дапаможнікі выдадзены за апошнія шэсць гадоў. Для забеспячэння выкладання вучэбных дысцыплін на англійскай мове за 2012—2015 гг. было набыта больш як 100 назваў падручнікаў. У 2015—2016 гг. было закуплена 97 найменняў вучэбных выданняў (1016 асобнікаў). У асноўным гэта кнігі найбуйнейшых сусветных выдавецтваў Elsevіer, Blackwell Publіshіng, McGraw-Hіll educatіon і інш. Два разы на год абнаўляюцца банкі даных па забяспечанасці кнігамі. Высокая якасць бібліятэчна-інфармацыйнага забеспячэння замежных студэнтаў з англійскай мовай навучання спрыяе павышэнню іміджу і бібліятэкі, і ўніверсітэта ў цэлым.

Значна палепшылі якасць вучэбна-метадычнай забяспечанасці стварэнне і ўкараненне электронных вучэбна-метадычных комплексаў (ЭВМК) у сістэме MOODLE. У 2011—2016 гг. на факультэце замежных навучэнцаў створаны і зацверджаны ў Інстытуце прыкладных інфармацыйных сістэм 73 электронныя комплексы па спецыяльнасці «Лячэбная справа» на англійскай мове і 99 — на рускай (з іх 35 асобна для студэнтаў факультэта замежных навучэнцаў і 64 — для лячэбнага факультэта), якімі карыстаюцца студэнты з іншых краін. Летась цалкам завершана работа па іх стварэнні на англійскай мове па ўсіх дысцыплінах, што выкладаюцца.

Вялікая роля і электроннай бібліятэкі ГрДМУ, якая штогод забяспечвае аддалены доступ да замежных поўнатэкставых і рэфератыўных электронных рэсурсаў па профілі ўніверсітэта. Замежныя англамоўныя студэнты могуць карыстацца лічбавымі калекцыямі медыцынскіх кніг і часопісаў выдавецтваў Sprіnger Lіnk, Oxford unіversіty press, The New England Journal of Medіcіne, The Brіtіsh Medіcal Journal, базай даных SCOPUS ад кампаніі Elsevіer, платформай EBSCO. Функцыянуе і абанемент замежнай літаратуры, асноўны кантынгент якога — студэнты, якія навучаюцца на англійскай мове. Аказанне ўсіх бібліятэчных паслуг ажыццяўляецца таксама на англійскай мове.

Відавочна, што росту экспарту адукацыйных паслуг садзейнічае даволі высокі міжнародны рэйтынг універсітэта. Так, паводле рэйтынгу Webometrіcs, апублікаванага ў пачатку жніўня 2016-га, ГрДМУ займае 1-е месца сярод медыцынскіх універсітэтаў Беларусі і 4-е — сярод медыцынскіх універсітэтаў краін СНД. Акрамя таго, высокакваліфікаваны кадравы склад, сучасныя адукацыйныя тэхналогіі і самая моцная практычная падрыхтоўка медыцынскіх кадраў дазволілі калектыву ўстановы не толькі пацвердзіць высокае званне лаўрэата Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці, але і задумацца аб адкрыцці ў найбліжэйшай перспектыве філіяла падрыхтоўчага аддзялення ГрДМУ за мяжой. Падаецца, што гэты крок не толькі станоўча адаб'ецца на экспарце адукацыйных паслуг, але і будзе садзейнічаць павышэнню прэстыжнасці айчыннай медыцынскай адукацыі ў свеце, што станоўча адаб'ецца на іміджы краіны ў цэлым.

Стратэгічнай жа мэтай дзяржаўнай палітыкі ў галіне экспарту адукацыйных паслуг, на нашу думку, павінна стаць забеспячэнне высокай якасці падрыхтоўкі і канкурэнтаздольнасці выпускнікоў айчынных ВНУ на сусветным рынку адукацыі і працы.

Рэспубліка Беларусь, г. Гродна, 230009, вул. Горкага, 80

Тэлефон +375 (152) 43-26-61,

факс +375 (152) 43-53-41

www.grsmu.by

Матэрыялы паласы і фотаздымкі прадастаўлены ўніверсітэтам

УНП 500032863

* - На правах рэкламы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.