Вы тут

У Брэсце адзначылі 76-ю гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны


Мерапрыемствы ў памяць аб гістарычных падзеях пачаліся вечарам 21-га чэрвеня на вуліцы Савецкай. Музейныя работнікі, рэканструктары, грамадскія актывісты аднавілі атмасферу апошніх мірных дзён 1941-га года. Экспазіцыі прадстаўлялі інтэр'ер пачатку саракавых, іграла музыка таго часу, па вуліцы прагульваліся пары — мужчыны ў форме вайскоўцаў і дамы ў сукенках нашых прабабуль. Шматлікія наведвальнікі фатаграфаваліся з рэканструктарамі, дзеці аблюбавалі ваенную тэхніку. Малым дазвалялі пасядзець у машынах узору 30-х.


Шмат гледачоў сабраў парад ваенна-гістарычных аб'яднанняў. Яго ўдзельнікі ў форме стралкоў, артылерыстаў, сапёраў, сувязістаў прайшлі ад КПП ваенна-палявога лагера на вуліцы Зубачова па вуліцы Гогаля да перасячэння з Савецкай. Сёлета на фестываль з'ехалася каля 500 рэканструктараў з 13 краін свету. Расіянін Алег Яфімаў сказаў, што ён удзельнічае ў ваенна-гістарычным клубе ў знак памяці пра дзеда: «Мой дзед Пётр Іванавіч пайшоў на вайну разам з трыма суседзямі па камунальнай кватэры. Вярнуўся ён адзін. Пражыў не доўга, далі знаць франтавыя раненні. Таму наш святы абавязак помніць пра самаахвярныя подзвігі гэтых людзей».

У пяць гадзін раніцы 22-га чэрвеня адбылася рэканструкцыя пачатку абароны Брэсцкай крэпасці. Гледачы, якіх было каля дзясятка тысяч на Кобрынскім умацаванні, убачылі гераічны бой памежнай заставы, бітву за шпіталь, спробы прарыву з крэпасці, атаку Самвела Мацевасяна, якая ўвайшла ў гісторыю. Асабліва кранальным і эмацыйным стаў эпізод здачы ў палон жанчын і дзяцей крэпасці. Драматычная тэатралізаваная дзея дала магчымасць маладому пакаленню акунуцца ў атмасферу вайны.

А перад рэканструкцыяй па даўняй традыцыі прайшоў мітынг-рэквіем з удзелам кіраўніцтва вобласці і горада. Гэтым разам падзеі таго дня на плошчы Цырыманіялаў згадалі яшчэ да світання. На мітынгу выступіў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК. Кіраўнік горада падкрэсліў, што сённяшнія мерапрыемствы сталі сведчаннем памяці, якая жыве ў вяках, і што найлепшым помнікам героям-абаронцам становіцца сёння прыгожы і сучасны Брэст.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Мы не забыліся

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.