Вы тут

«Ад дзядоў і бацькоў — да нас, сыноў і ўнукаў»


У адной з беларускіх газет была некалі рубрыка «Наш этаж». Інтрыгуючая назва... І прыкладна такі ж змест, бо ў ёй журналісты пісалі пра жыццё рэдакцыі, пра... сябе: анансавалі пэўныя праекты, знаёмілі чытачоў з новымі кадрамі, адказалі на асобныя лісты і пытанні.


Чаму праз газету? Як той казаў, чытайце і ўсё зразумееце.

«Звязду», — паведамляе спадар С. з Міншчыны, — я чытаю вельмі даўно, можа, з пачатку сямідзясятых. Неяк нават пісаў вам, але камп'ютарам я не валодаю, а вы, мусіць, не чытаеце лісты ад рукі (цікава, адкуль бяруцца такія думкі? — Аўт.). А таму просьбы ў мяне, можна сказаць, ранейшыя. На старонкі газеты вярнулася рубрыка «Песню бярыце з сабою». Калі ласка, надрукуйце там словы Гімна Расійскай Федэрацыі, пералік усіх яе дзяржаўных свят».

Здавалася б, нічога складанага: можна знайсці ў інтэрнэце згаданую інфармацыю і даслаць яе шаноўнаму чытачу. Але... куды, калі ў канцы ліста кароткая прыпіска: адрас на канверце... несапраўдны, прозвішча-імя — таксама.

А ў выніку, можна сказаць, «канфлікт», прычым на роўным месцы: чытач незадаволены газетай, бо яму не адказалі, супрацоўнікі газеты — ну вядома ж — незадаволены сабой...

Амаль тыя ж «нажніцы» і з лістом са Жлобіна. Спадарыня Е. П. (прозвішча не называем з этычных меркаванняў) паведамляе, што «Звязду» выпісвае 25 гадоў, што столькі ж — дасылае карткі на розыгрыш прызоў, але не выйграе ніколі і нічога, нават па драбязе. «Гэта проста нерэальна!!!» — лічыць жанчына.

І зразумець яе зусім няцяжка...

Як, дарэчы, і яе зямлячку, Соф'ю Кусянкову з Рагачоўшчыны. Яна таксама дзесяцігоддзямі выпісвае «Звязду»... Да таго ж у вёсцы стварыла свайго роду клуб аматараў нашай газеты, пастаянна піша вершы на конкурс «Хто каго?», байкі ў рубрыку «...Народ на провадзе!», пастаянна здымае і дасылае ў рэдакцыю фота...

Дык вось: карткі на розыгрыш прызоў яна адпраўляе таксама... Хоць і марна (прынамсі, пакуль), бо на выйгрыш ёй таксама ні разу не пашчасціла.

Крыўдна падпісчыкам, што так бывае, крыўдна і нам, без віны вінаватым супрацоўнікам рэдакцыі. Але ж прызы ў газеце ніколі не размяркоўваліся і не размяркоўваюцца, яны (і «Звязда» аб гэтым піша, прычым пастаянна) менавіта разыгрываюцца згодна з зацверджанымі правіламі, у прысутнасці тых жа «сведак» — нашых дзелавых партнёраў паштавікоў, нашых падпісчыкаў. Тым з іх, хто хоча, напрыклад, паглядзець, як гэта робіцца, ніхто не забараняе ў першыя дні новага квартала патэлефанаваць у рэдакцыю, удакладніць дзень і час розыгрышу, каб прыняць удзел: з «чароўнага» капелюша сваімі рукамі выцягнуць, так бы мовіць, шчаслівыя карткі.

Адзіная просьба тады: папярэдзіць аб сваім прыездзе, каб рэдакцыя заказала пропуск у Дом прэсы, на наш паверх...

Ёсць у лісце са Жлобіна і яшчэ адна прэтэнзія: газета «Звязда» — выданне сур'ёзнае, а друкуецца «на шматках паперы», малым фарматам: «Калі ласка, вярніце ранейшы выпуск альбо чаргуйце — дзень вялікі фармат, дзень малы».

Колькі людзей, столькі меркаванняў: амаль адначасова з гэтым лістом у рэдакцыю прыйшоў яшчэ адзін — ад удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, адданага падпісчыка і аўтара газеты спадара Міхася Чарняўскага з к.п. Нарач. Цытата: «Вельмі добра, што «Звязда» перастала друкавацца памерам прасціны, яе нязручна было чытаць».

Няма кансэнсусу на гэты конт і сярод супрацоўнікаў газеты: некаму больш падабаецца стары, вялікі фармат, некаму — новы...

Кіруючыся ўсімі гэтымі пажаданнямі-меркаваннямі, а таксама эканамічнай мэтазгоднасцю (ну куды без яе сягоння?), «Звязда» і выходзіць то вялікім фарматам, то (пераважна) малым.

«Было б што чытаць там», — заўважыць нехта і будзе мець рацыю, бо «...без сродкаў масавай інфармацыі цяжка ўявіць жыццё. Яны па-ранейшаму абуджаюць думкі і пачуцці, таму я імкнуся чытаць кожны дзень і заўсёды пачынаю з любімай беларускамоўнай «Звязды», — паведамляе спадар Ілья Антончык з г. Навагрудка. — Як пастаянны шматгадовы падпісчык, магу заўважыць, што калектыў рэдакцыі стараецца інфармаваць чытачоў пра найважнейшыя падзеі ў краіне і свеце, асвятляць актуальныя праблемы. Тут можна знайсці адказы на многія пытанні, атрымаць добрыя падказкі і парады...

«Звязда», — працягвае Ілья Ільіч, — хутка адзначыць свой стагадовы юбілей. І я проста заклікаю ўсіх беларусаў, жыхароў краіны, падпісацца на гэту газету, чытаць яе, падтрымліваць мову ў сваёй краіне і сваёй душы. Калі гэта адбудзецца, «Звязда» зможа смела глядзець у заўтрашні дзень і адзначаць усё новыя і новыя юбілеі».

Для таго ж — каб смела глядзець у заўтрашні дзень..., на думку спадара Уладзіміра Голубева з Мінска, «Звяздзе» трэба як мага часцей друкаваць лісты чытачоў, іх прапановы і разважанні, бо чалавеку важна быць пачутым, важна выказацца».

Хто б спрачаўся, мы — не будзем:

«Серп зведала і жорны

Ды малацільны цэп.

Таму ніколі чорным

Не называла хлеб.

Калі іду ў дарогу

Ці хоць куды іду,

Акрайчык ці асушак

У сумку пакладу...»

Напісала так спадарыня Валянціна Пчолка з Віцебска.

Яна ж згадала, як некалі, у 1944-м, на аднаўленне Копыскай МТС прыслалі Міная Карпавіча Крутаўцова і як ён стаў для ўсіх нібы родны бацька.

Першай справай для новага кіраўніка было адкрыццё курсаў трактарыстаў, на якія пайшлі старэйшыя хлопцы і жанчыны. Потым на тэрыторыі МТС запрацаваў млын, з'явіліся (клопатам дырэктара) дзве каровы і два кані. У выніку на кожную сям'ю штомесяц сталі выдзяляць па адным пудзе мукі і штодзень — па літры малака. Да таго ж, каб засеяць гароды, людзям давалі каня, узімку за чатыры кіламетры дзяцей падвозілі ў школу.

«Падручнікаў там не хапала, — успамінае спадарыня Валянціна Ягораўна. — Мы былі кепска апранутыя, напаўгалодныя, але ўсё ж вельмі шчаслівыя, што скончылася вайна, што адступае голад».

Дык вось адкуль паэтычныя радкі...

Для іх — чытацкіх і вартых увагі — «Звязда», здаецца, заўсёды знаходзіла месца... Хоць і не для ўсіх: крыўдна, калі газеце для публікацыі прапануюць артыкулы, перапісаныя з інтэрнэту альбо з іншых выданняў, ананімныя «трывожныя сігналы», кіпы недасканалых, мякка кажучы, вершаў з даручэннем прачытаць і выбраць для друку (як быццам ёсць у газеце нейкая літаратурная ўкладка) самыя лепшыя...

Крыўдна яшчэ, што чытачы (прабачце за таўталогію) крыўдзяцца, калі ў іх тэксты ўносяцца праўкі. Але ж тут правіла адно: на старонкі газеты, як дома на стол, нельга ставіць нешта сырое... Значыць, трэба — дзе трохі больш, дзе меней — паправіць, падрыхтаваць матэрыял да друку, патраціць час...

Але ж яго не шкада, дзеля справы, дзеля роднай мовы і роднай газеты, дзеля чытачоў-падпісчыкаў, якія любяць «Звязду» і дзеляцца ці не самым дарагім. Спадар Леанід Гаўрук з Дзяржынска даслаў, напрыклад, выразкі з нашай газеты за... 1947 год!

З яго ж канверта кароткі лозунг: «Са «Звяздой»... Ад дзядоў і бацькоў — да нас, сыноў і ўнукаў».

Хораша сказана, гучна... Хай збудзецца! Як і ціхае прызнанне спадара Чарняўскага:

Пагоршаў зрок,

«Тупее» слых

І галава ужо не тая,

Але ж выпісваю «Звязду» —

чакаю

і чытаю.

Так было, так ёсць і, спадзяёмся, будзе!

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».