Вы тут

Наводзячы парадак на ўчастку, мы шукаем саміх сябе?


Перад навальніцай парыла так, што ад дурманнага водару язміну плыло перад вачыма. Цёмна-сіняя трыбухатая хмара ўжо ляжала чэравам на хмызняку за вёскай і глуха пагрозліва буркатала.


Была такая напружаная цішыня, калі нават птушкі перастаюць лётаць і замаўкаюць, якая ідзе на крок наперадзе шалёнага ветру, залевы і водбліскаў маланак... Да непагадзі заставалася самае большае хвілін пятнаццаць, а яшчэ некалькі пракосаў сухога сена было не згрэбена. Даводзілася спяшацца, слізкая ручка грабляў ужо адчувальна націрала мазалі, пот заліваў вочы. Апошні ахапак быў кінуты на верх вялізнай капы акурат тады, калі першыя буйныя кроплі вады ўпалі з хмары на пыльную зямлю. З палёгкай уздыхнулася: паспела. І толькі калі перавяла дух, ужо назіраючы праз акно хаты, як наплываюць адна на адну хвалі дажджу, з горкай прыкрасцю сама сябе спытала: «А навошта?..»

Згрэбенае сухое сена, нікому не патрэбнае, ляжала ў трох нязграбных вялікіх копах. Духмянае, зялёнае, смачнае для скаціны: там і канюшына, і цімафееўка, і шмат іншай добрай травы. Яно цяпер будзе мокнуць, сохнуць, зноў мокнуць, асядаць пад туманамі, ператворыцца ўрэшце ў рудую прыплясканую кучу. Паглядзела на суседнія надзелы — і там гэткія самыя наспех згрэбеныя копы, якія ніхто не растрасе, каб падсушыць пасля дажджу, каб пасля звезці на вышкі. Дачнае сена — адна з прыкмет паміраючай вёскі, якая зімой упадае ў паўсонны стан разам са сваімі нешматлікімі жыхарамі, што застаюцца, а ўлетку ажывае пад несціханы гул бензінавых ды электрычных трымераў, які стаў гэткай самай прыкметай лета на вёсцы, як салаўіны спеў ды бусліны клёкат. (Колас бы, напэўна, цяпер напісаў: «Ідуць касцы, гудуць іх косы...»)

Што з таго, што ў вёсцы засталася адна карова? Трава на вялікіх падворках, на прысядзібных участках, якая яшчэ гадоў дваццаць-трыццаць таму сеялася тагачаснымі гаспадарамі спецыяльна «пад сена», нікуды не дзелася і пасля першых вясновых дажджоў пачынае расці, квітнець, каласіцца.

Калі не будзеш з гэтым нічога рабіць — рызыкуеш атрымаць штраф за непарадак на ўчастку. Даводзіцца касіць, пасля сушыць, пасля зграбаць. Хаця, у прынцыпе, можна і інакш: напрыклад, проста згрэбці ў вялікую кучу пасярэдзіне, дачакацца бязветранага надвор'я і падпаліць. Або так і пакінуць ляжаць у пракосах. Але большасць чамусьці робіць па спрадвечным вясковым алгарытме. Да яго з ахвотай падключаешся, выконваеш усе ўстаноўленыя спрадвечныя правілы — спяшаешся згрэбці сухое сена да дажджу, акуратна кладзеш яго ў капу пластамі, як калісьці вучыла бабуля, каб не раскідалася, нават падграбаеш акуратна кожную травінку.
А навошта?..

Каб успомніць, як у ружовай смузе, якая ахутвае сонца, што садзіцца, плыве па вуліцы стомлены сыты статак. Каровы пахнуць сырадоем, а ў Зоркі, якую частуеш хлебам, пыса мокрая і халаднаватая. Каб пачуць рыпенне цяжкога бухматага воза, напоўненага духмяным сенам. Воз вялізны, пераціснуты жэрдкай і вяроўкамі, бліскучая спіна каня недзе далёка ўнізе, а ты ляжыш на гэтай высокай вышыні і на небе, якое зусім блізка плыве разам з табой, разглядаеш аблокі і прыдумваеш, на каго ці на што яны падобныя. На мастку воз хістае з боку ў бок, і бацька саскоквае з сена і ідзе побач, падпіраючы яго дужым плячом, каб не перакуліўся. Каб адчуць смак вады з лясной крыніцы ў Бортніках, дзе сушылі сена. Вада ў ёй такая сцюдзёная, што зводзіць сківіцы, а спускацца да крыніцы трэба па вузенькай сцежцы ў кустах ляшчыны. На іх ужо суквецці зялёных яшчэ арэхаў, якія лёгенька і казытліва стукаюць па твары. Каб прыгадаць самы шчаслівы момант не толькі дзяцінства — падобнае ашаламляльнае шчасце за ўсё жыццё адчуваеш усяго некалькі разоў. На лясной дарозе брат раптам аддае табе ў рукі лейцы і саскоквае з вялізнага воза сена. Ты сядзіш, учапіўшыся ў гэтыя лейцы абедзвюма рукамі, баючыся нават паварушыцца, бо воз то падскоквае, то завальваецца на бок. А брат выбягае з лесу і шпурляе ўверх, на воз, крамяныя баравікі. Зноў знікае ў лесе і зноў кідае прыгаршчы грыбоў...

Каб упэўнена адчуць сябе дзіцем гэтай зямлі, знітаваць у адзін уласны лёс свае вясковыя ўспаміны і сваё гарадское сёння, спалучыць і зразумець, што адно ад другога нікуды не падзенеш і не схаваеш. І стомлена прысесці на ганку роднай хаты, і адчуць заспакаенне, аб якім увесь час няспраўджана марыш у шалёным горадзе, бегучы па крузе і ніяк не могучы спыніцца...

Мокне пад цёплым дажджом у нязграбных копах нікому не патрэбнае дачнае сена.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Час дарэмнага сенакосу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».