Вы тут

Для нашай краіны важна супрацоўніцтва і з Усходам, і з Захадам


Беларускае старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве называюць паспяховым. Прычым не толькі нашы дыпламаты, але і прадстаўнікі іншых краін-удзельніц рэгіянальнага аб'яднання. Гэтых дзяржаў васямнаццаць. Учора ў Палацы Незалежнасці адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і міністраў замежных спраў краін ЦЕІ, дзе замежныя дыпламаты канстатавалі: беларускае старшынства ў арганізацыі праходзіць актыўна і ініцыятыўна.


Без раздзяляльных ліній

Галоўная задача, якую перад сабой ставіць аб'яднанне, у многім сугучная знешнепалітычным мэтам нашай краіны. Так, мэта ЦЕІ — умацаванне гнуткага і прагматычнага еўрапейскага рэгіянальнага супрацоўніцтва для папярэджання стварэння новых раздзяляльных ліній у Еўропе. Арганізацыя — важны форум для развіцця супрацоўніцтва дзяржаў не толькі Цэнтральнай, але і Усходняй, Паўднёва-Усходняй Еўропы. Прынамсі, у сферах трансгранічнага супрацоўніцтва, энергетыкі, транспарту, навукі і тэхналогій, адукацыі, культуры, малога і сярэдняга бізнесу, сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя, абароны нацыянальных меншасцяў, турызму і маладзёжнай палітыкі.

Аляксандр Лукашэнка, вітаючы замежных дыпламатаў, звярнуў увагу: беларуская сталіца ўсё часцей становіцца пляцоўкай для знакавых міжнародных мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць умацаванню стабільнасці ў рэгіёне. Ён таксама выказаў спадзяванне, што іх знаходжанне ў Беларусі дазволіць аб'ектыўна ацаніць новыя перспектывы супрацоўніцтва з нашай дзяржавай:

— Знешняя палітыка нашай краіны заснавана на шматвектарнасці і міралюбстве. Мы імкнёмся выбудоўваць сяброўскія ўзаемавыгадныя адносіны з усімі дзяржавамі. Для нашай краіны ў роўнай ступені важна развіваць супрацоўніцтва з Усходам і з Захадам, не робячы штучнага выбару паміж імі. Аднак ёсць пэўныя сілы, якія не пакідаюць спроб адрадзіць блокавую палітыку мінулага. Хто як не мы, прадстаўнікі дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, разумеем, да якіх разбуральных і катастрафічных наступстваў яна можа прывесці.

Напамінала пра гэта і ўчарашняя дата — 22 чэрвеня. Роўна 76 гадоў таму наша краіна аказалася пад страшным ударам фашысцкай Германіі. З гэтага дня Другая сусветная вайна ўступіла ў новы, найбольш кровапралітны этап, у якім загінулі дзясяткі мільёнаў еўрапейцаў. У Беларусі гэта кожны трэці жыхар.

— Мяркую, што гістарычная памяць прымушае нас асабліва цаніць мір і дабрабыт, — заявіў беларускі лідар. — Існуючыя рэаліі такія, што дзяржавам, якія геаграфічна знаходзяцца паміж Еўропай і Азіяй, неабходна браць на сябе больш адказнасці ў пытанні забеспячэння рэгіянальнай стабільнасці. Тым больш, шаноўныя сябры, часам гэта нічога не каштуе — у матэрыяльным плане. Бо ад нас у многім залежыць, ці стануць нашы краіны раздзяляльнай лініяй паміж сусветнымі цэнтрамі сілы або іх сувязным звяном.

З разлікам на эканоміку

Сапраўды, сёння, калі свет у цэлым, наш рэгіён у прыватнасці, сутыкнуліся з шэрагам самых розных канфліктаў, не самы лепшы час будаваць новыя жалезныя заслоны. Наадварот, як слушна зазначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, трэба разам наводзіць масты паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі на кантыненце:

— Толькі праз раўнапраўны дыялог і паўнавартаснае эканамічнае супрацоўніцтва можна стварыць сапраўды Вялікую Еўропу, гарантуючы нашчадкам мір, бяспеку і росквіт. Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва павінна быць нацэлена на рашэнне менавіта гэтай вельмі складанай, няпростай задачы. З першых дзён свайго існавання яна прызвана развіваць узаемавыгадныя эканамічныя сувязі паміж краінамі Еўропы пасля халоднай вайны.

За больш чым чвэрць стагоддзя работы Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва даказала сваю запатрабаванасць у якасці пляцоўкі для дыялогу і супрацоўніцтва па шырокім спектры кірункаў. Сёння ж арганізацыя аб'ядноўвае краіны, якія ўваходзяць у самыя розныя інтэграцыйныя аб'яднанні і фарматы.

— Нам неабходна ў поўнай меры выкарыстаць гэты фактар, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Менавіта з гэтай прычыны Беларусь выбрала ў якасці галоўнай тэмы свайго старшынства прасоўванне сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці ў Вялікай Еўропе. Знаходзячыся на «еўразійскім перакрыжаванні», нашы дзяржавы сутыкаюцца з падобнымі складанасцямі ў сацыяльна-эканамічным развіцці. У той жа час гэта стварае велізарныя магчымасці для пашырэння гандлю і актывізацыі сувязяў у іншых сферах.

Мэта, якую ставіць наша дзяржава для свайго старшынства ў ЦЕІ, — надаць дынаміку абмеркаванню праблем, рашэнне якіх неабходна для поўнай рэалізацыі эканамічнага патэнцыялу краін рэгіёна:

— У іх ліку — сінхранізацыя планаў па пашырэнні транспартнай інфраструктуры, збліжэнне стандартаў і працэдур для паскарэння гандлёвых патокаў, развіццё лагістычных паслуг, — пералічыў Прэзідэнт Беларусі. — Хацелася б, каб гэта сустрэча міністраў замежных спраў у Мінску максімальна садзейнічала рашэнню такіх задач.

Так, мы разглядаем сваё старшынства як унікальную магчымасць для эфектыўнага ўцягнення Беларусі ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы. У той жа час, як падкрэсліў беларускі лідар, немалаважна, што ЦЕІ цесна ўзаемадзейнічае з Еўрапейскім саюзам, удзельнічаючы ў рэалізацыі розных яго праграм і праектаў. Для нас гэта дадатковая магчымасць палепшыць узаемапаразуменне з Еўрасаюзам праз прыкладное супрацоўніцтва.

— Таксама мы лічым беларускае старшынства ў ЦЕІ цудоўнай падтрымкай для інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння з іншымі краінамі-членамі, — заявіў Прэзідэнт.

У адзіночку сёння не выжывеш

Падчас сустрэчы кіраўнік дзяржавы запрасіў дыпламатаў адкрыта казаць пра тыя пытанні, якія іх турбуюць: і ў дачыненні да ЦЕІ, і ў дачыненні да Беларусі.

Літаральна кожны з міністраў, хто выступаў, звярнуў увагу на сітуацыю, якая сёння склалася ў свеце. Ігар Црнадак, міністр замежных спраў Босніі і Герцагавіны, заўважыў, што цяперашні свет становіцца ўсё больш узаемазвязаным. Барацьба з тэрарызмам, арганізаванай злачыннасцю, праблемы міграцыі — усё гэта стварае неабходнасць развіваць і рэалізоўваць рэгіянальныя праграмы і праекты. Яго калега, міністр замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі Міраслаў Лайчак дадаў, што з сучаснымі выклікамі не зможа справіцца самастойна асобная краіна. Ён падкрэсліў: беларускае старшынства ў арганізацыі скіравана на паляпшэнне сітуацыі ў рэгіёне, яно збліжае народы.

З гэтай пазіцыяй пагадзілася і Маргот Клестыль-Лёфлер, намеснік генеральнага сакратара Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. Яна адзначыла, што намаганні Беларусі, якія яна прадпрымае падчас свайго старшынства, надаюць ЦЕІ новае вымярэнне, дазваляюць краінам-удзельніцам наладжваць новыя сувязі.

Абмяркоўваўся падчас сустрэчы і канфлікт ва Украіне. Замежныя дыпламаты падкрэслілі: аналагаў мінскай пляцоўкі па яго ўрэгуляванні няма.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: На «еўразійскім перакрыжаванні»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.